§ 8. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ГІДРАСФЕРЫ
Рэгіянальныя асаблівасці водазабяспечанасці краін свету. Размяшчэнне запасаў прэсных вод на Зямлі нераўнамернае (табл. 2).
Табліца 2. Забяспечанасць частак свету рэсурсамі рачнога сцёку
Часткі свету | Рачны сцёк, км3 | Рэсурсы рачнога сцёку на душу насельніцтва, тыс. м3/год | ||
поўны | падземны | поўнага | падземнага | |
Еўропа | 3100 | 1065 | 4,76 | 1,63 |
Азія | 13 190 | 3410 | 5,16 | 1,34 |
Афрыка | 4225 | 1465 | 9,30 | 3,22 |
Амерыка | 16 340 | 5480 | 60,90 | 20,85 |
Аўстралія з Акіяніей | 1965 | 465 | 93,5 | 22,7 |
Свет (без Грэнландыі і Антарктыды) | 38 830 | 11 885 | 9,1 | 2,70 |
Свет і Беларусь. Як называюць Рэспубліку Беларусь зыходзячы з колькасці водных аб’ектаў?
У Еўропе ў многіх краінах залішняя колькасць мясцовых водных рэсурсаў. Напрыклад, у Ісландыі на душу насельніцтва прыходзіцца больш за 300 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і амаль 100 тыс. м3/год падземнага сцёку ў рэкі. У Нарвегіі — больш за 90 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і амаль 30 тыс. м3/год падземнага сцёку.
У Азіі з краін, багатых воднымі рэсурсамі, можна адзначыць Лаос. Тут на душу насельніцтва прыпадае 63 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і амаль 14 тыс. м3/год — падземнага. Найменш забяспечаны воднымі рэсурсамі краіны Цэнтральнай і ПаўднёваЗаходняй Азіі. У гэтых краінах пражывае больш за 2,5 млрд чал., а рэкі адрозніваюцца малаводнасцю.
У Афрыцы высокі ўзровень водазабяспечанасці насельніцтва ў ДР Конга — 120 тыс. м3/год поўнага рачнога сцёку і 45 тыс. м3/год — падземнага сцёку. У Паўночнай Амерыцы вялікія водныя рэсурсы ў Канадзе (адпаведна 115 тыс. м3/год і 30 тыс. м3/год), у Цэнтральнай Амерыцы — Нікарагуа (54 тыс. м3/год і 22 тыс. м3/год). У Паўднёвай Амерыцы празмернае водазабеспячэнне ў Бразіліі (48 тыс. м3/год і 16 тыс. м3/год) і Венесуэле (56 тыс. м3/год і 17 тыс. м3/год). У Акіяніі значныя водныя рэсурсы мае Новая Зеландыя (128 тыс. м3/год і 64 тыс. м3/год).
Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка, знайдзіце на карце краіны, якія маюць высокі ўзровень водазабяспечанасці.
Забор вады з усіх крыніц свету складае каля 4000 км3 у год. Аб’ём іншых прыродных рэсурсаў, такіх як вугаль або нафта, прыкладна ў 3 разы меншы. За апошнія 80 гадоў сельскагаспадарчае выкарыстанне вады павялічылася ў 6 разоў, камунальнае — у 7 разоў, прамысловае — у 20 разоў, а агульнае — у 10 разоў. Перадача вады на значныя адлегласці каштуе дорага і часта звязана з вялікімі цяжкасцямі. Таму лепш выкарыстоўваць водныя рэсурсы, якія знаходзяцца недалёка ад спажыўца.