§ 8. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ГІДРАСФЕРЫ

Водныя рэсурсы і водазабяспечанасць. Прыдатныя для выкарыстання прэсныя воды рэк, азёр, леднікоў, падземных гарызонтаў называюцца воднымі рэсурсамі. Асноўныя запасы прэсных вод (каля 2/3) знаходзяцца ў цвёрдым стане ў выглядзе леднікоў (табл. 1). Аб’ём штогод аднаўляльных прэсных вод прыблізна роўны сумарнаму гадавому сцёку рэк у акіян — 45 тыс. км3/год.

Табліца 1. Запасы прэсных вод на Зямлі

Крыніцы прэсных вод Аб’ём запасаў, тыс. км3 Доля прэсных вод у сусветных запасах, %
Леднікі і пастаяннае снежнае покрыва, у тым ліку: 24 064,1 68,7
Антарктыды 21 600 61,7
Грэнландыі 2340 6,68
арктычных астравоў 83,5 0,24
горных раёнаў 40,6 0,12
Падземныя воды, пераважна прэсныя 10 530 30,1
Падземныя льды зоны шматгадовых мёрзлых парод 300 0,86
Глебавая вільгаць 16,5 0,05
Вада ў атмасферы 12,9 0,04
Воды балот 11,5 0,03
Воды прэсных азёр 91 0,26
Воды ў рэчышчах рэк 2,1 0,006
Агульныя запасы прэснай вады 35 029,2 100

Пары атмасферы, акіянічныя і марскія салёныя воды ў гаспадарцы пакуль выкарыстоўваюцца нязначна. Яны з’яўляюцца патэнцыяльнымі воднымі рэсурсамі.

Адным з паказчыкаў стану водных рэсурсаў і звязаных з імі геаэкалагічных праблем з’яўляецца водазабяспечанасць.

icon Водазабяспечанасць — колькасць водных рэсурсаў у разліку на квадратны кіламетр тэрыторыі або душу насельніцтва (альбо тысячу, мільён жыхароў) краіны або рэгіёна.

Водазабяспечанасць краін свету значна адрозніваецца. Узровень меншы за 500 м3 на чалавека ў год з’яўляецца надзвычай нізкім для ўстойлівага развіцця дзяржавы. Узровень 1000 м3 на чалавека лічыцца крытычным. Ён паказвае, што краіна знаходзіцца ў стане вострага дэфіцыту водных рэсурсаў. Многія краіны з рэсурсамі, якія перавышаюць 5000 м3/чал., выглядаюць добразабяспечанымі. Але на самай справе сярэдняя лічба часта хавае сур’ёзныя рэгіянальныя адрозненні ўнутры краін. Колькасць насельніцтва свету павялічваецца, а аб’ём наяўных водных рэсурсаў застаецца пастаянным, таму дэфіцыт павялічвацца. У далейшым гэта паглыбіць супярэчнасці, звязаныя з выкарыстаннем водных рэсурсаў на міжнародным і нацыянальным узроўнях.

icon Паразважаем. Як адрозніваецца гаспадарчая дзейнасць у краінах з розным узроўнем водазабяспечанасці? Як кліматычныя ўмовы ўплываюць на водазабяспечанасць краін свету?

icon Клуб географаў-знаўцаў. Да 2025 г. 1,4 млрд чал. у 45 краінах свету будуць мець менш за 1000 м3 вады на чал. у год. Каля 75 % насельніцтва свету прыблізна ў 100 краінах будзе жыць ва ўмовах дэфіцыту вады, пад пагрозай экалагічнай, эканамічнай і палітычнай няўстойлівасці.