§ 3. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ЛІТАСФЕРУ
Уплыў горных работ на атмасферу. Падчас працы горных прадпрыемстваў адбываецца забруджванне атмасферы. Яно залежыць ад геалагічных асаблівасцей радовішча карысных выкапняў і спецыфікі вядзення горных работ. Прыродныя фактары ў асноўным прыводзяць да забруджвання газамі, вытворчыя — газамі і цвёрдымі часціцамі.
Асноўныя забруджвальнікі атмасферы газамі — вугальная, нафтавая і газавая галіны прамысловасці. Прадпрыемствы па здабычы і перапрацоўцы нафты і газу забруджваюць паветра вуглевадародамі галоўным чынам у перыяд разведкі радовішчаў. У нафтавай прамысловасці — таксама падчас эксплуатацыі, калі спадарожны газ спальваецца ў факелах. Прадпрыемствы па здабычы і перапрацоўцы вугалю забруджваюць атмасферу ў першую чаргу метанам, у значна меншай ступені — вуглякіслым газам.
Вялікая колькасць пылу трапляе ў атмасферу ў выніку працы абагачальных фабрык. Значнымі яе крыніцамі з’яўляюцца бураўзрыўныя работы ў кар’ерах (мал. 20), пагрузачна-разгрузачныя работы і рух цяжкіх аўтамашын па грунтавых дарогах. Насычэнне паветра пылам адбываецца за кошт развейвання адкрытых адвалаў і іншых аголеных месцаў.
Клуб географаў-знаўцаў. Адзін 27-тонны аўтасамазвал падчас працы ў кар’еры забруджвае за змену да гранічна дапушчальнага ўзроўню 3,7 млн м3 паветра. Пры магутных узрывах (да 500–700 т выбуховых рэчываў) маса падарваных парод звычайна складае 2 млн т, а аб’ём пылагазавага воблака — 15–20 млн м3. У свеце штогод узрываецца каля 10 млрд м3 горнай масы. Пры гэтым колькасць пылу ацэньваецца ў 1,0–2,5 млн т.