Уводзiны
Асаблівасці геаграфічнага падыходу да вывучэння глабальных праблем. У пачатку XXI ст. геаграфічная навука выйшла на якасна новы ўзровень развіцця. Гэта абумоўлена павелічэннем яе значэння для разумення складаных прыродных, сацыяльна-эканамічных і дэмаграфічных працэсаў, якія адбываюцца на нашай планеце, важнай роляй у вырашэнні праблем аптымізацыі ўзаемадзеяння грамадства і прыроды. Геаграфічны падыход заснаваны на комплексным аналізе глабальных праблем чалавецтва з улікам іх асаблівасцей на розных тэрытарыяльных узроўнях. З пазіцыі геаграфічнага падыходу можна вылучыць дзве асноўныя групы глабальных праблем чалавецтва: геаэкалагічныя і сацыяльна-эканамічныя.

Геаэкалагічныя глабальныя праблемы — сукупнасць прыроднаэкалагічных праблем, ад вырашэння якіх залежыць стан навакольнага асяроддзя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця і дзейнасці чалавека.

Сацыяльна-эканамічныя глабальныя праблемы — сукупнасць праблем геапалітычнага, дэмаграфічнага і сацыяльна-эканамічнага характару, вырашэнне якіх магчыма толькі пры міжнародным супрацоўніцтве ўсіх дзяржаў і ад вырашэння якіх залежаць умовы і характар асяроддзя жыццядзейнасці чалавека.
Рост колькасці насельніцтва Зямлі і павелічэнне яго патрэб паставілі перад чалавецтвам задачы забеспячэння людзей:
- • харчаваннем неабходнай каларыйнасці і складу;
- • вадой прымальнай колькасці і якасці;
- • тэрыторыяй для жыцця і дзейнасці;
- • энергіяй і прадуктамі індустрыяльнай вытворчасці, якая не прыводзіць да значнага забруджвання навакольнага асяроддзя.
Большасць гэтых патрэб задавальняюцца дзякуючы надзейнаму функцыянаванню геаграфічнай абалонкі. У адносінах да задач устойлівага развіцця чалавецтва геаграфічная абалонка выконвае чатыры асноўныя функцыі (мал. 3).

Чалавек значна, і часта неўсвядомлена, ператвараў Зямлю ў выніку сваёй гаспадарчай дзейнасці. Асабліва вялікія змены, што ахапілі прыродную і грамадскую сферы, адбыліся ў апошнія дзесяцігоддзі. Сучасныя ўяўленні пра эканамічнае развіццё фактычна садзейнічаюць вычарпанню прыродных рэсурсаў.
Эканоміка ўсіх краін у цэлым арыентавана на рост аб’ёму вытворчасці. Асноўны агульнапрыняты паказчык паспяховага развіцця любой краіны свету — рост валавога нацыянальнага прадукту (ВНП). Пры гэтым у складзе ВНП не прадугледжваюцца геаэкалагічныя паказчыкі, якія адлюстроўваюць забруджванне навакольнага асяроддзя, дэградацыю прыродных сістэм, пагаршэнне стану прыродных рэсурсаў. Больш за тое, эканамічныя дзеянні, накіраваныя на спажыванне рэсурсаў, улічваюцца ў ВНП як паказчыкі эканамічнага росту. Напрыклад, здабыча карысных выкапняў, вылаў рыбы або нарыхтоўка лесаматэрыялаў, якія перавышаюць іх гадавы прырост.
Супярэчнасць паміж пастаянным ростам уздзеяння грамадства на навакольнае асяроддзе і абмежаванымі рэсурсамі Зямлі можа прывесці да глабальнага геаэкалагічнага крызісу. Для выжывання чалавецтва павінна ажыццявіць некалькі ўзаемазвязаных стратэгічных мер агульнасусветнага значэння (мал. 4).

Кожны з пералічаных пунктаў на дадзены момант супярэчыць умовам развіцця чалавецтва і яго ўзаемаадносінам з навакольным асяроддзем. Цяжка вызначыць, якая з глабальных праблем чалавецтва найбольш небяспечная і патрабуе неадкладнага вырашэння. Пастаянна адбываецца ўскладненне і паглыбленне глабальных праблем, што пагаршае стан навакольнага асяроддзя, разбурае раней устойлівыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя сістэмы, становіцца прычынай міжнацыянальных канфліктаў, голаду, ваенных сутычак і г. д. Таму любая з іх можа прывесці да сусветнай катастрофы і знішчэння жыцця на Зямлі. Вырашэнне глабальных праблем чалавецтва павінна ажыццяўляцца на аснове гуманітарна-экалагічнага падыходу.

Гуманітарна-экалагічны падыход — сукупнасць поглядаў і дзеянняў, якія выяўляюцца ў павазе годнасці і правоў чалавека, яго каштоўнасці як асобы, клопаце пра яго дабрабыт, усебаковае развіццё, стварэнні спрыяльных умоў жыцця і дзейнасці з улікам экалагічных абмежаванняў.
Каб захаваць нашу планету, чалавецтву неабходна забяспечыць устойлівае функцыянаванне геаграфічнай абалонкі, распрацаваць стратэгію дзейнасці па вырашэнні ўзаемазвязаных глабальных праблем.