§ 1-1 ЛІТАСФЕРА

Гісторыя фарміравання літасферы і сучасныя асаблівасці яе развіцця. Паводле сучасных уяўленняў, дынаміка працэсаў у зямной кары абумоўлена дрэйфам буйных літасферных пліт. Літасфера складаецца з пліт (іх колькасць, па розных ацэнках, вагаецца ад 7 да некалькіх дзясяткаў), якія перамяшчаюцца ў гарызантальным кірунку з хуткасцю ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў у год. Літасферныя пліты ўключаюцца ў рух у выніку эндагенных працэсаў у верхняй мантыі. Існуе тры варыянты ўзаемадзеяння літасферных пліт: разыходжанне, сутыкненне і гарызантальнае слізганне пліты адносна адна другой.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа, назавіце асноўныя літасферныя пліты.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Вельмі рэдка непасрэднымі даследаваннямі могуць быць ахоплены пласты зямной кары, размешчаныя глыбей 1,5 км (як, напрыклад, у залатаносных рудніках ПАР глыбінёй больш за 3 км, нафтавых свідравінах Тэхаса глыбінёй каля 8 км і ў самай глыбокай у свеце — больш за 12 км — Кольскай буравой эксперыментальнай свідравіне).

На працягу ўсёй гісторыі Зямлі размяшчэнне і канфігурацыя кантынентаў і акіянаў пастаянна змяняліся. Паводле геалагічных дадзеных, кантыненты Зямлі аб’ядноўваліся чатыры разы. Рэканструкцыя этапаў сведчыць пра фарміраванне 250 млн гадоў таму апошняга суперкантынента — Пангеі. У далейшым ён распаўся на Гандвану, якая заняла паўднёвую частку зямнога шара, і Лаўразію, якая аб’яднала паўночныя кантыненты. Распад Пангеі прывёў да раскрыцця воднай прасторы і ўтварэння 65 млн гадоў таму сучасных акіянаў.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Якія асноўныя падзеі ў развіцці арганічнага жыцця адбываліся на розных этапах геалагічнай гісторыі Зямлі?

Цяжка меркаваць, якая будзе дыслакацыя сучасных кантынентаў і акіянаў у будучыні. Магчыма іх аб’яднанне ў пяты суперкантынент, цэнтрам якога стане Еўразія. Некаторыя навукоўцы лічаць, што праз мільярд гадоў мацерыкі зноў могуць сабрацца каля Паўднёвага полюса.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Фарміраванне адзінага кантынента на Зямлі адбываецца цыклічна, кожныя 50–700 млн гадоў, і цяпер сярэдзіна гэтага цыклу. Праз 250 млн гадоў надыдзе час новай Пангеі, і яна будзе значна адрознівацца ад старажытнай. Навукоўцы прадказваюць, што Каліфорнія аб’яднаецца з Аляскай, Афрыка далучыцца да Еўропы, стварыўшы гіганцкі горны хрыбет.