Уводзiны


Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Геаграфія. 11 клас |
Книга: | Уводзiны |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 27 Апрель 2025, 01:17 |
Глабальныя праблемы чалавецтва і роля геаграфіі ў іх вырашэнні. Тэрміны «глабальны» і «рэгіянальны» ў геаграфіі адлюстроўваюць два асноўныя напрамкі ўспрымання навакольнага свету і практычнай дзейнасці чалавека. Шырокае развіццё глабальнага напрамку ў геаграфіі пачынаецца з 70-х гг. XX ст. У гэты час узмацняецца ўсведамленне цэласнасці навакольнага свету, пашыраюцца ўяўленні пра глабальныя праблемы развіцця чалавецтва. Першапачаткова да іх адносілі ў асноўным геаэкалагічныя праблемы (змяненне клімату, скарачэнне біяразнастайнасці, забруджванне навакольнага асяроддзя і інш.). Пазней сталі разглядаць і глабальныя з’явы грамадскага характару, звязаныя з палітыкай, эканомікай, вытворчасцю, тэхналогіямі і г. д.
Важнасць і неабходнасць глабальнага ўяўлення пра свет абумоўлена глыбокім крызісам развіцця чалавецтва на мяжы тысячагоддзяў. У сувязі з гэтым адна з галоўных задач сучаснай геаграфіі — распрацоўка навуковых асноў і практычных рэкамендацый па аптымізацыі ўзаемадзеяння грамадства і прыроды для вырашэння праблемы ўстойлівага развіцця чалавецтва.


Глабальныя праблемы чалавецтва — сукупнасць прыродна-экалагічных і сацыяльна-эканамічных праблем, ад вырашэння якіх залежыць развіццё чалавецтва і захаванне цывілізацыі.
У канцы XX ст. сфарміраваліся тры асноўныя крытэрыі выяўлення жыццёва важных праблем чалавецтва (мал. 1).
Паводле гэтых крытэрыяў вылучаюць шэсць груп глабальных праблем чалавецтва (мал. 2).
Усе планетарныя праблемы ў той ці іншай ступені выкліканы абвастрэннем супярэчнасцей паміж грамадскім развіццём і прыроднымі сістэмамі Зямлі і ўзаемазвязаны.
Глабальныя праблемы маюць канкрэтнае праламленне ў асобных краінах і раёнах. Таму важна разглядаць глабальныя і рэгіянальныя праблемы ў цеснай узаемасувязі.
Аналіз глабальных праблем неабходны для распрацоўкі канструктыўных мер іх вырашэння на рэгіянальным узроўні. Каб вырашыць гэтыя задачы, неабходна абавязковае супрацоўніцтва географаў з прадстаўнікамі іншых навук — грамадскіх, прыродазнаўчых і тэхнічных.



Клуб географаў-знаўцаў. Глабалізацыя — гэта працэс зліцця народаў і дзяржаў, павышэнне іх узаемазалежнасці і ўзаемаўплыву, вывядзенне дзейнасці асобна ўзятай краіны на міжнародны ўзровень.
Вылучаюць асноўныя з’явы глабалізацыі (мал. 1-1).

Існуюць пазітыўныя і негатыўныя наступствы глабалізацыі (мал. 1-2).

Асаблівасці геаграфічнага падыходу да вывучэння глабальных праблем. У пачатку XXI ст. геаграфічная навука выйшла на якасна новы ўзровень развіцця. Гэта абумоўлена павелічэннем яе значэння для разумення складаных прыродных, сацыяльна-эканамічных і дэмаграфічных працэсаў, якія адбываюцца на нашай планеце, важнай роляй у вырашэнні праблем аптымізацыі ўзаемадзеяння грамадства і прыроды. Геаграфічны падыход заснаваны на комплексным аналізе глабальных праблем чалавецтва з улікам іх асаблівасцей на розных тэрытарыяльных узроўнях. З пазіцыі геаграфічнага падыходу можна вылучыць дзве асноўныя групы глабальных праблем чалавецтва: геаэкалагічныя і сацыяльна-эканамічныя.

Геаэкалагічныя глабальныя праблемы — сукупнасць прыроднаэкалагічных праблем, ад вырашэння якіх залежыць стан навакольнага асяроддзя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця і дзейнасці чалавека.

Сацыяльна-эканамічныя глабальныя праблемы — сукупнасць праблем геапалітычнага, дэмаграфічнага і сацыяльна-эканамічнага характару, вырашэнне якіх магчыма толькі пры міжнародным супрацоўніцтве ўсіх дзяржаў і ад вырашэння якіх залежаць умовы і характар асяроддзя жыццядзейнасці чалавека.
Рост колькасці насельніцтва Зямлі і павелічэнне яго патрэб паставілі перад чалавецтвам задачы забеспячэння людзей:
- • харчаваннем неабходнай каларыйнасці і складу;
- • вадой прымальнай колькасці і якасці;
- • тэрыторыяй для жыцця і дзейнасці;
- • энергіяй і прадуктамі індустрыяльнай вытворчасці, якая не прыводзіць да значнага забруджвання навакольнага асяроддзя.
Большасць гэтых патрэб задавальняюцца дзякуючы надзейнаму функцыянаванню геаграфічнай абалонкі. У адносінах да задач устойлівага развіцця чалавецтва геаграфічная абалонка выконвае чатыры асноўныя функцыі (мал. 3).

Чалавек значна, і часта неўсвядомлена, ператвараў Зямлю ў выніку сваёй гаспадарчай дзейнасці. Асабліва вялікія змены, што ахапілі прыродную і грамадскую сферы, адбыліся ў апошнія дзесяцігоддзі. Сучасныя ўяўленні пра эканамічнае развіццё фактычна садзейнічаюць вычарпанню прыродных рэсурсаў.
Эканоміка ўсіх краін у цэлым арыентавана на рост аб’ёму вытворчасці. Асноўны агульнапрыняты паказчык паспяховага развіцця любой краіны свету — рост валавога нацыянальнага прадукту (ВНП). Пры гэтым у складзе ВНП не прадугледжваюцца геаэкалагічныя паказчыкі, якія адлюстроўваюць забруджванне навакольнага асяроддзя, дэградацыю прыродных сістэм, пагаршэнне стану прыродных рэсурсаў. Больш за тое, эканамічныя дзеянні, накіраваныя на спажыванне рэсурсаў, улічваюцца ў ВНП як паказчыкі эканамічнага росту. Напрыклад, здабыча карысных выкапняў, вылаў рыбы або нарыхтоўка лесаматэрыялаў, якія перавышаюць іх гадавы прырост.
Супярэчнасць паміж пастаянным ростам уздзеяння грамадства на навакольнае асяроддзе і абмежаванымі рэсурсамі Зямлі можа прывесці да глабальнага геаэкалагічнага крызісу. Для выжывання чалавецтва павінна ажыццявіць некалькі ўзаемазвязаных стратэгічных мер агульнасусветнага значэння (мал. 4).

Кожны з пералічаных пунктаў на дадзены момант супярэчыць умовам развіцця чалавецтва і яго ўзаемаадносінам з навакольным асяроддзем. Цяжка вызначыць, якая з глабальных праблем чалавецтва найбольш небяспечная і патрабуе неадкладнага вырашэння. Пастаянна адбываецца ўскладненне і паглыбленне глабальных праблем, што пагаршае стан навакольнага асяроддзя, разбурае раней устойлівыя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя сістэмы, становіцца прычынай міжнацыянальных канфліктаў, голаду, ваенных сутычак і г. д. Таму любая з іх можа прывесці да сусветнай катастрофы і знішчэння жыцця на Зямлі. Вырашэнне глабальных праблем чалавецтва павінна ажыццяўляцца на аснове гуманітарна-экалагічнага падыходу.

Гуманітарна-экалагічны падыход — сукупнасць поглядаў і дзеянняў, якія выяўляюцца ў павазе годнасці і правоў чалавека, яго каштоўнасці як асобы, клопаце пра яго дабрабыт, усебаковае развіццё, стварэнні спрыяльных умоў жыцця і дзейнасці з улікам экалагічных абмежаванняў.
Каб захаваць нашу планету, чалавецтву неабходна забяспечыць устойлівае функцыянаванне геаграфічнай абалонкі, распрацаваць стратэгію дзейнасці па вырашэнні ўзаемазвязаных глабальных праблем.

Падвядзём вынікі. Глабальныя праблемы чалавецтва — гэта сукупнасць … . Асноўныя крытэрыі глабальных праблем: …, …, … . Павялічваецца роля геаграфіі як навукі ў вырашэнні глабальных праблем чалавецтва, бо яна рэгулюе ўзаемаадносіны … і … . Вырашэнне глабальных праблем чалавецтва павінна ажыццяўляцца на аснове … падыходу.


