ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Аўтарская канцэпцыя жыцця і асобы

Формы ўвасаблення аўтарскай пазіцыі

Аўтарскія канцэпцыя і пазіцыя прачытваюцца ў ідэйна-сэнсавых дамінантах твора або ўсёй творчасці пісьменніка: да якіх тэм і ідэй часцей звяртаецца аўтар, чаму аддае, напрыклад, перавагу — біяграфічнаму матэрыялу або рэалістычнаму ці фантастычнаму спосабу адлюстравання. Аўтарская пазіцыя выяўляецца праз думкі, пачуцці, пункты гледжання, назіранні за жыццём і высновы, якія ў творы пісьменнік можа выказваць ад асабістага імя або «давяраць» іх пэўным героям. 

Аўтарскія пазіцыя і канцэпцыя выяўляюцца ў творы шматпланава: праз лёсы герояў, сюжэтныя падзеі, апісанні абставін, пейзажаў, пазасюжэтныя эпізоды, сімвалічныя дэталі. Так, напрыклад, у аповесці «Знак бяды» Петракоў крыж і Галгофа — неўрадлівае поле Багацькаў — увасабляюць аўтарскую канцэпцыю трагічнага, пакутлівага жыцця не толькі герояў твора, але ўсяго беларускага народа ў ХХ стагоддзі. Адначасова гэтыя сімвалічныя вобразы перадаюць аўтарскія адносіны шанавання і захаплення трываласцю, працавітасцю, нязломнасцю беларуса і беларускага нацыянальнага характару. З усёй выразнасцю аўтарская канцэпцыя народнага гераізму, самаахвярнага супраціўлення акупантам і іх прыслужнікам выяўляецца праз вобразы Сцепаніды і Петрака Багацькаў. Аўтарская канцэпцыя асуджэння здрадніцтва як праявы маральнай нікчэмнасці чалавека ўвасоблена ў вобразах паліцаяў Недасекі, Гужа, Каландзёнка, у апісанні аўтарам іх нахабных і цынічных паводзін на хутары Багацькаў.

Часта «данесці» свае ідэі чытачу аўтар «даручае» аднаму або некалькім героям, непасрэдна выяўляе гэта праз іх ацэначныя выказванні. Менавіта такім чынам аўтарская пазіцыя часта выяўляецца ў творах В. Быкава. У аповесці «Абеліск» аўтарская пазіцыя ўвасабляецца праз вобразы станоўчых герояў — Мароза, Ткачука і журналіста. Уласныя перакананні, «што жыццё чалавека надта несувымернае з вечнасцю… іх будуць памятаць...» В. Быкаў «даверыў» герою-настаўніку, які суцяшае перад гібеллю сваіх вучняў. Так аўтар увасобіў і ўласную канцэпцыю жыцця чалавека — пакінуць аб сабе ўдзячную памяць людзей.

У гэтай аповесці-дыскусіі (І. Дзядкоў), асабліва ў вобразах Ткачука і журналіста і менавіта іх развагах і выказваннях пра подзвіг Мароза і ўсяго беларускага настаўніцтва, выказаны аўтарская пазіцыя і заклапочаны грамадзянскі роздум В. Быкава: «Мабыць, мы ўсё ж мала ведаем і кепска вывучаем, чым было наша настаўніцтва для народа на працягу ягонай гісторыі. Духавенства — гэта вядома, тут яшчэ ёсць нейкі малюнак, больш або менш даставерны. <…> А вось што зрабіла сельскае настаўніцтва ў нашых школах, што яно значыла для нашай некалі цёмнай сялянскай краіны?.. <…> Не было нічога больш важнага і карыснага, як тая штодзённая, ціхая, непрыкметная праца тысяч бязвесных сейбітаў на гэтай духоўнай ніве. Я так думаю: у тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, — найпершая заслуга… настаўнікаў».

Гэты маналог у творы належыць Ткачуку. А вось як ёміста сфармулявана аўтарская канцэпцыя маральнага сэнсу жыцця чалавека яшчэ адным героем аповесці «Абеліск», журналістам: «Аддаць, а не ўзяць, або адчуць задаволенасць аддаючы — як неахвотна і спазнела прыходзіць чалавек да гэтай не новай, такой зайздросна простай высновы… На самай справе, чаго варта жыццё толькі дзеля задавальнення свайго, такога дробязнага, самалюбівага, капрызлівага і ненасытнага “я”?»

Да паняццяў «аўтарская канцэпцыя», «аўтарская пазіцыя» падобныя такія катэгорыі літаратуразнаўства, як «мастацкая ідэйнасць», «мастацкая канцэптуальнасць», «пафас твора», «аўтарская суб’ектыўнасць», «творчая воля аўтара», «духоўная актыўнасць аўтара», «маральная ацэначнасць», «аксіялагічныя1 ідэалы аўтара». Аўтарская задума і канцэпцыя яднаюць твор у мастацкую цэласнасць.

____________________

1Аксіялагі́чны — які мае адносіны да аксіялогіі. Аксіялогія — вучэнне аб прыродзе каштоўнасцей, іх ролі і месцы ў сацыяльнай рэчаіснасці,  структуры каштоўнаснага свету.