«Хлопцы самай вялікай вайны»

Унутраная самаацэнка юнакоў; жаночы, мацярынскі погляд на рэаліі вайны

У апавяданнях «Хлопцы самай вялікай вайны» і «Сямнаццатай вясной» паказаны розныя перыяды Вялікай Айчыннай вайны (яе пачатак і 1943—1944 гады), а адпаведна і розныя этапы станаўлення пакалення, да якога належаў сам Іван Якаўлевіч. Калі ў «Сямнаццатай вясне» Цімох і яго сябры выступаюць у большай ступені рамантыкамі, летуценнікамі, рызыкантамі і максімалістамі, то ў «Хлопцах самай вялікай вайны» Віктар і яго равеснікі выглядаюць досыць сталымі людзьмі. Прайшоўшы праз выпрабаванні падпольнай і партызанскай барацьбы, яны здольны крытычна ацэньваць падзеі, здольны на ўнутраную самаацэнку. Гэта самаацэнка набывае розныя адценні ў залежнасці ад сітуацый, у якія трапляюць героі. Гэта і іранічная ацэнка знешняга выгляду прызыўнікоў («З лазні выходзілі прыгажунамі — хоць у каноплі стаўляй»), і рэалістычны погляд на рэаліі ваеннага часу («На першым часе ён думаў, што не вытрывае»), і ўзвышана-рамантычнае ўсведамленне сваёй місіі ў «самай вялікай вайне» («Але, зрэшты, гэта былі дробязі. Галоўнае было… у тым, што ён, Віктар, прылучан да вялікай, святой справы, за якой сочыць увесь свет, якая вырашае лёс будучых пакаленняў»).

Самаацэнка юнакоў у апавяданні выяўлена і праз веру былога партызана Васі Гайчука ў тое, што на яго гімнасцёрку сам Калінін «прывінціць… залатую зорачку». І гэта не проста дзіцячая мара хлопца, а рэальная ацэнка свайго ўкладу ў вялікую справу («…тыя, што былі з Васем разам у партызанах… ведалі, што ён удзельнічаў у падрыве дзевяці эшалонаў, два ці тры разы яго прадстаўлялі на ордэн, але ўзнагароды не дачакаўся — пайшоў на фронт»).

У апавяданні пададзены і жаночы погляд на рэаліі вайны. Гандляркі на станцыі Фаянсава «з нечуванай лютасцю накінуліся» на навабранцаў, якія прыбылі ў тылавы вучэбны полк.

«— Сволачы праклятыя!.. Нашы даўно галовы палажылі, а яны толькі ідуць!..

— Ваякі няшчасныя! Спалі з жонкамі на печы…

— Глядзі, ражку наеў, патрыёт… <…>

— Вочы б мае не глядзелі б на вас, ірадаў…

— Дэзерціры…

— Кулачугі…

— Пад спадніцамі ў жонак хаваліся…»

У абразлівых рэпліках жанчын увасоблены не толькі пагардлівыя адносіны да тых, хто ўхіляўся ад удзелу ў вайне, але і душэўны боль удоў, мужоў якіх забрала вайна.

Адносіны жанчын да салдат істотна мяняюцца, калі яны адпраўляюцца на фронт: «іх адносіны да салдат у новых шынялях былі зусім не такія, чым да абарванцаў, што месяц назад сюды прывандравалі.

— Сыночкі, канчайце хутчэй вайну. Ужо дыхаць болей нельга.

— Выганяйце немца — і дадому…

— Божа, Божа, якія маладзенькія. Як дома тым маткам…

— Бач, шыя тоненькая. Які ён салдат — дзіця…

Некаторыя з баб выціралі ражкамі хустак слязіну…» 

У жаночых рэпліках выяўлены мацярынскія спачувальна-клапатлівыя адносіны да маладзенькіх салдат, якім суджана было ахвяраваць жыццём.