Эрнэст Хемінгуэй

Праблемы жыцця і смерці, прыроды і чалавека, пераемнасці пакаленняў

Калі аповесць «Стары і мора» была закончана, Э. Хемінгуэй напісаў выдаўцу: «Гэта — проза, над якой я працаваў усё сваё жыццё, якая павінна быць лёгкай, простай і лаканічнай і ў той жа час перадаваць усе змены бачнага свету і сферы чалавечага духу». Аповесць стала апошнім творам Э. Хемінгуэя, апублікаваным пры жыцці.

Гэта гісторыя пра старога рыбака Санцьяга, яго змаганне з велізарнай меч-рыбай дзякуючы майстэрству Хемінгуэя не перастае захапляць і здзіўляць не адно пакаленне чытачоў. 

...Санцьягу не шанцавала: вось ужо восемдзесят чатыры дні зусім безвынікова ён выходзіць рыбачыць у мора. Першыя сорак дзён разам з вопытным старым рыбачыў хлопчык Маналін. Але калі ўдача адвярнулася ад настаўніка, бацькі хлопчыка вырашылі, «што стары чалавек стаўся канчаткова і незваротна salao — гэта значыць, такі, якому ўжо ніколі не пашанцуе», і прымусілі сына хадзіць у мора на іншай лодцы, якая сапраўды прывезла тры добрыя рыбіны ў першы ж тыдзень. Хлопчыку цяжка было глядзець, як стары кожны дзень вяртаецца ні з чым. І ён выходзіў на бераг, каб дапамагчы старому аднесці дахаты рыбалоўныя прылады і ветразь, які нагадваў «сцяг вечнай паразы». Аднак стары рыбак не прызнаваў свайго паражэння, «вера і надзея ніколі не пакідалі яго. Але цяпер, як быццам ветрык атуліў іх сваім павевам».

З вялікай надзеяй на поспех Санцьяга выходзіць у мора адзін і, нарэшце, ловіць незвычайна вялікую і прыгожую рыбу. Моцна шкадуючы, што разам з ім няма Маналіна, амаль тры дні стары змагаецца з ёю. Рыбак увесь час угаворвае сябе: «Будзь спакойны і моцны, стары дружа». У самыя напружаныя моманты ён не наракае на лёс, не сварыцца, а згадвае (пятнаццаць разоў) пра Бога, у якога, верагодна, не верыць, але якому ціха моліцца. Здабытую рыбу стары прывязвае да борта лодкі і з далёкага акіяна, куды непахіснага рыбака зацягнула магутная рыба, вяртаецца да роднага берага. Калі ўдача, здаецца, зусім блізка, на рыбу накідваюцца акулы. У барацьбе з імі за свой здабытак зноў, як у змаганні з рыбай, паўстае пытанне: хто каго? Рыбак не адчайваецца, працягвае цярпліва сустракаць іспыты жыцця, з апошніх сіл рэжа, б’е агрэсіўных драпежнікаў, якія рвуць ягоную здабычу. Замест здзяйснення сваёй шчаслівай думкі: «Колькі людзей накармлю!», стары прывозіць на бераг толькі велізарны шкілет рыбы. Потым ледзь дабраўшыся да сваёй беднай хіжыны, ён засынае і бачыць любімы «афрыканскі» сон пра маладых ільвоў. 

Ільвы на далёкім афрыканскім беразе — гэта сімвалічная карціна самага галоўнага ў жыцці — запаветнага берага, да якога марыць даплыць амаль кожны рыбак. Гэта і ўвасабленне чысціні, некранутасці спрадвечнай прыроды, пра што са шкадаваннем згадвае цывілізаваны чалавек, які жыве ў забруджаным асяроддзі. Гэта і сімвал страчаных дзяцінства, маладосці і былых далёкіх вандраванняў рыбака. «Яму больш не сніліся ні штормы, ні жанчыны, ні вялікія падзеі, ні вялікая рыба, ні бойкі, ні спаборніцтвы ў сіле, ні ягоная жонка. Цяпер ён сніў толькі мясціны ды львоў на ўзбярэжжы. Сутоннем яны бавіліся, што тыя кацяняты, і ён любіў іх, як любіў хлопчыка. Ён ніколі не сніў хлопчыка».

Праз гэты сон выяўляецца чысціня і шчырасць душы Санцьяга, якія ён пранёс праз суровыя жыццёвыя выпрабаванні і вялікія страты. Там яшчэ жыве той шчыры хлопчык, якім Санцьяга быў калісьці. І таму свайму юнаму сябру, хлопчыку Маналіну, ён аддае багаты вопыт і бацькоўскую любоў. Разам з тым стары ўсведамляе, што ён сам жыве дзякуючы таму, што «хлопчык яго ўтрымлівае». І без гэтай пераемнасці пакаленняў немагчымым было б жыццё, яно страціла б мэту. Менавіта з вобразам Маналіна звязана аптымістычная танальнасць твора. Калі стары пасля глыбокага сну прачнуўся ў сваёй хаце і загаварыў з хлопчыкам, «ён заўважыў, як гэта прыемна мець суразмоўцу, а не проста гаварыць сам з сабою ды з морам. — Мне бракавала цябе, — сказаў ён». Хлопчык у канцы аповесці пераконвае старога: «Я прынясу шанцаванне з сабою». Гэтыя два героі па-свойму шчаслівыя і моцныя шчырай верай адзін у аднаго, надзеяй на ўдачу і лепшае будучае. Хлопчык, які павінен прыняць жыццёвую эстафету ад старога, сцеражэ сон Санцьяга. У гэтым сне да старога зноў прыходзяць любімыя львы.