Печатать книгуПечатать книгу

Эрнэст Хемінгуэй

1. Што вам вядома пра Эрнэста Хемінгуэя? З якімі творамі пісьменніка вы знаёмы?
2. Экранізацыю якіх твораў Эрнэста Хемінгуэя вы бачылі? Падзяліцеся сваімі ўражаннямі

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: Эрнэст Хемінгуэй
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 5 Май 2024, 23:24

Бiяграфiя

Эрнэст Мілер Хемінгуэй — сусветна вядомы амерыканскі пісьменнік, журналіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1954 года. Шырокую вядомасць атрымаў дзякуючы сваім раманам і шматлікім апавяданням, а таксама свайму жыццю, поўнаму прыгод і нечаканасцей. Яго стыль, лагічны і насычаны, значна паўплываў на літаратуру ХХ стагоддзя.

 

Аповесць «Стары і мора»

Аповесць «Стары і мора», напісаная ў 1952 годзе, стала вырашальным аргументам у прысуджэнні Э. Хемінгуэю Нобелеўскай прэміі. Амаль два дзесяцігоддзі спатрэбілася аўтару для стварэння гэтага шэдэўра. Першым подступам да тэмы аповесці стаў нарыс «На блакітнай вадзе. Гальфстрымскае пісьмо», апублікаваны яшчэ ў красавіку 1936 года. У ім пісьменнік апавядаў пра старога, які рыбачыў у моры і злавіў велізарную рыбіну марлін, з якой змагаўся некалькі дзён, пакуль падцягнуў да лодкі, а таксама пра тое, як яго здабычу разарвалі акулы. Калі ледзь не страціўшага розум старога адшукалі рыбакі, вакол яго лодкі кружлялі акулы. Гэта была аснова сюжэта аповесці, які дапоўніўся шматлікімі дэталямі, а галоўнае, узбагаціўся глыбокім філасофскім зместам.

Праблемы жыцця і смерці, прыроды і чалавека, пераемнасці пакаленняў

Калі аповесць «Стары і мора» была закончана, Э. Хемінгуэй напісаў выдаўцу: «Гэта — проза, над якой я працаваў усё сваё жыццё, якая павінна быць лёгкай, простай і лаканічнай і ў той жа час перадаваць усе змены бачнага свету і сферы чалавечага духу». Аповесць стала апошнім творам Э. Хемінгуэя, апублікаваным пры жыцці.

Гэта гісторыя пра старога рыбака Санцьяга, яго змаганне з велізарнай меч-рыбай дзякуючы майстэрству Хемінгуэя не перастае захапляць і здзіўляць не адно пакаленне чытачоў. 

...Санцьягу не шанцавала: вось ужо восемдзесят чатыры дні зусім безвынікова ён выходзіць рыбачыць у мора. Першыя сорак дзён разам з вопытным старым рыбачыў хлопчык Маналін. Але калі ўдача адвярнулася ад настаўніка, бацькі хлопчыка вырашылі, «што стары чалавек стаўся канчаткова і незваротна salao — гэта значыць, такі, якому ўжо ніколі не пашанцуе», і прымусілі сына хадзіць у мора на іншай лодцы, якая сапраўды прывезла тры добрыя рыбіны ў першы ж тыдзень. Хлопчыку цяжка было глядзець, як стары кожны дзень вяртаецца ні з чым. І ён выходзіў на бераг, каб дапамагчы старому аднесці дахаты рыбалоўныя прылады і ветразь, які нагадваў «сцяг вечнай паразы». Аднак стары рыбак не прызнаваў свайго паражэння, «вера і надзея ніколі не пакідалі яго. Але цяпер, як быццам ветрык атуліў іх сваім павевам».

З вялікай надзеяй на поспех Санцьяга выходзіць у мора адзін і, нарэшце, ловіць незвычайна вялікую і прыгожую рыбу. Моцна шкадуючы, што разам з ім няма Маналіна, амаль тры дні стары змагаецца з ёю. Рыбак увесь час угаворвае сябе: «Будзь спакойны і моцны, стары дружа». У самыя напружаныя моманты ён не наракае на лёс, не сварыцца, а згадвае (пятнаццаць разоў) пра Бога, у якога, верагодна, не верыць, але якому ціха моліцца. Здабытую рыбу стары прывязвае да борта лодкі і з далёкага акіяна, куды непахіснага рыбака зацягнула магутная рыба, вяртаецца да роднага берага. Калі ўдача, здаецца, зусім блізка, на рыбу накідваюцца акулы. У барацьбе з імі за свой здабытак зноў, як у змаганні з рыбай, паўстае пытанне: хто каго? Рыбак не адчайваецца, працягвае цярпліва сустракаць іспыты жыцця, з апошніх сіл рэжа, б’е агрэсіўных драпежнікаў, якія рвуць ягоную здабычу. Замест здзяйснення сваёй шчаслівай думкі: «Колькі людзей накармлю!», стары прывозіць на бераг толькі велізарны шкілет рыбы. Потым ледзь дабраўшыся да сваёй беднай хіжыны, ён засынае і бачыць любімы «афрыканскі» сон пра маладых ільвоў. 

Ільвы на далёкім афрыканскім беразе — гэта сімвалічная карціна самага галоўнага ў жыцці — запаветнага берага, да якога марыць даплыць амаль кожны рыбак. Гэта і ўвасабленне чысціні, некранутасці спрадвечнай прыроды, пра што са шкадаваннем згадвае цывілізаваны чалавек, які жыве ў забруджаным асяроддзі. Гэта і сімвал страчаных дзяцінства, маладосці і былых далёкіх вандраванняў рыбака. «Яму больш не сніліся ні штормы, ні жанчыны, ні вялікія падзеі, ні вялікая рыба, ні бойкі, ні спаборніцтвы ў сіле, ні ягоная жонка. Цяпер ён сніў толькі мясціны ды львоў на ўзбярэжжы. Сутоннем яны бавіліся, што тыя кацяняты, і ён любіў іх, як любіў хлопчыка. Ён ніколі не сніў хлопчыка».

Праз гэты сон выяўляецца чысціня і шчырасць душы Санцьяга, якія ён пранёс праз суровыя жыццёвыя выпрабаванні і вялікія страты. Там яшчэ жыве той шчыры хлопчык, якім Санцьяга быў калісьці. І таму свайму юнаму сябру, хлопчыку Маналіну, ён аддае багаты вопыт і бацькоўскую любоў. Разам з тым стары ўсведамляе, што ён сам жыве дзякуючы таму, што «хлопчык яго ўтрымлівае». І без гэтай пераемнасці пакаленняў немагчымым было б жыццё, яно страціла б мэту. Менавіта з вобразам Маналіна звязана аптымістычная танальнасць твора. Калі стары пасля глыбокага сну прачнуўся ў сваёй хаце і загаварыў з хлопчыкам, «ён заўважыў, як гэта прыемна мець суразмоўцу, а не проста гаварыць сам з сабою ды з морам. — Мне бракавала цябе, — сказаў ён». Хлопчык у канцы аповесці пераконвае старога: «Я прынясу шанцаванне з сабою». Гэтыя два героі па-свойму шчаслівыя і моцныя шчырай верай адзін у аднаго, надзеяй на ўдачу і лепшае будучае. Хлопчык, які павінен прыняць жыццёвую эстафету ад старога, сцеражэ сон Санцьяга. У гэтым сне да старога зноў прыходзяць любімыя львы.

 

Вобраз старога рыбака Санцьяга

Рыбак Санцьяга ў аповесці намаляваны ўжо зусім старым чалавекам. З часам адышло з яго жыцця ўсё мітуслівае, што калісьці ўзрушала, і засталіся толькі светлыя ўспаміны юнацтва. Пісьменніка хвалявала праблема паводзін чалавека на схіле дзён. Санцьяга пасля гераічных высілкаў — паядынку з рыбай і акуламі — «агіднымі, смярдзючымі ахвотніцамі да падлы і шчырымі забойцамі, здатнымі, калі галодныя, кусануць вясло або і стырно лодкі… акуламі, што перакусваюць лапы і плаўнікі чарапахам, калі тыя спяць на паверхні, а галодныя нападаюць у вадзе на чалавека» — пазбаўляецца вынікаў уласнай працы.

Стары рыбак паказаны ў экстрэмальнай сітуацыі. Яна, мабыць, адна з самых драматычных у жыцці героя, калі запатрабаваліся ўсе фізічныя і духоўныя сілы. Санцьяга прымае выклік лёсу, намагаецца максімальна рэалізаваць сябе, каб на грані жыцця і смерці адказаць самому сабе на пытанне: «Хто я і чаго я варты?» Забіўшы першую акулу, рыбак чакае наступных нападаў, ён не збіраецца здавацца, нават калі тыя прыплывуць уначы: «Што ж ты можаш рабіць? Змагацца з імі, — адказаў ён. — Пакуль не сканаю». Стары прамаўляе тыя словы, што раскрываюць галоўную думку твора: «Чалавек не створаны для паразы… Чалавек можа быць знішчаны, але не пераможаны». Так вуснамі героя Хемінгуэй абвяшчае філасофскую выснову, якая стала вынікам і яго ўласнага жыццёвага і творчага шляху. 

У Санцьяга памерла жонка, ён сябруе толькі з хлопчыкам, але не ўсведамляе сябе зусім адзінокім. Герой адчувае сябе часткай велізарнага і прыгожага свету. Стары рыбак наіўны, непасрэдны, прастадушны і разам з тым мудры. Санцьяга імкнецца да гармоніі і згоды з морам і яго насельнікамі, любіць неба, сонца, месяц, зоры, успрымае іх як родных. Ён — неад’емная частка навакольнай прыроды — размаўляе з птушкамі і рыбамі, параўноўвае сябе з зорамі: «Але галава ў мяне ясная, — падумаў ён. — Дужа ясная. Я такі ж ясны, як зоркі, а мы — радня. І ўсё ж я павінен паспаць. Зоркі спяць, і месяц, і сонца спіць, і нават акіян спіць часам, у пэўныя дні, калі плынь замірае, калі ягоная паверхня гладзюсенькая».

Асабліва моцныя сувязі старога рыбака з морам, якому ён аддае ўсе сілы і час, якое ён ведае больш за ўсё іншае. Непарушнасць і трываласць сувязей падкрэсліваецца назвай твора. Яны відавочныя і з паводзін, маналогаў Санцьяга, які застаецца сам-насам з воднай стыхіяй і яе насельнікамі, а таксама з партрэтнай характарыстыкі героя. Гэты дужы стары мае незвычайныя зморшчыны на твары: «Яны нагадвалі старыя распоквіны ў пустыні, якая некалі была морам». Вочы рыбака мелі колер мора. Адзенне Санцьяга, латанае-пералатанае, як ветразь, выгарала пад марскім сонцам. Толькі на моры можна было мець і такога колеру адзенне, і такі незвычайны загар, і «карычневыя плямы няшкоднага скурнага захворвання, што ўзнікае ад сонечнага адлюстравання ў трапічным моры». Кульмінацыяй адносін Санцьяга і воднай стыхіі стаў марскі падарунак старому — рыбацкая ўдача, вялізная рыбіна. Мора зноў, як і ўсё жыццё, выпрабоўвае чалавека на мужнасць, сілу і вытрымку, на тое, ці варты ён атрымаць такі выключны падарунак. 

Рыбак узрушаны надзвычай шчодрым уловам. Але ён хоча быць вартым гэтай прыгожай, разумнай, бясстрашнай рыбы, якая паводзіць сябе «з такім пачуццём годнасці», кіруе «той пуцявінай, якую выбрала». Санцьяга выкарыстоўвае ўсе свае ўменні, волю, сілу, спрыт і змагаецца за сваю ўдачу — уступае ў напружаны паядынак з рыбай, разлічваючы толькі на сябе. Чалавек імкнецца забіць рыбу, рыба намагаецца перамагчы роўнага саперніка — чалавека. Але гэта не барацьба двух заклятых ворагаў («Досыць таго, што мы жывімся морам і вымаем дух з нашых праўдзівых сяброў»). Стары чалавек і рыба — гэта незвычайнае, велічнае адзінства. Аўтар прасачыў зменлівасць адносін старога да рыбы, якую ён успрымае як частку светабудовы і, значыць, самога сябе. Гледзячы на сваю здранцвелую руку, стары разважае: «Гэта тры браты: рыба і абедзве мае рукі». 

Санцьяга, які нагадвае міфічнага асілка, перамагае не толькі незвычайную рыбу, але і ўласную знямогласць і даказвае, што чалавека нельга перамагчы. «І ўсё ж ты спусціш дух, — сказаў стары чалавек. — Ва ўсёй сваёй велічы і бляску. “Хоць гэта і несправядліва, — падумаў ён. — Але я пакажу яму, на што здатны чалавек і што чалавек можа вытрываць”». У цяжкім паядынку стары рыбак паводзіць сябе так, як павінен паводзіць сябе чалавек у самых складаных умовах і трагічных сітуацыях: не здавацца перад выпрабаваннямі жыцця, захоўваць стойкасць, аптымізм, высокае пачуццё чалавечай годнасці, не апускацца да нянавісці нават у самыя цяжкія хвіліны, а спачуваць жывой прыродзе, цаніць годнае жыццё. 

Герой Э. Хемінгуэя нешматслоўны, сціплы, разважлівы і мужны. У ім гарманічна паяднаны гордасць і ціхмянасць, пад якой разумеецца ўменне жыць у суладдзі са светам. Стары рыбак — працаўнік, які імкнецца спраўдзіць сваё прызначэнне («Мажліва, не варта было мне ісці ў рыбакі... Але дзеля гэтага я нарадзіўся...», «Ты нарадзіўся мараком, як рыба нарадзілася рыбай»). Ён ганарыцца сваёй прафесіяй — «Святы Пётр быў рыбак» таксама — і верыць у свае сілы і ўменні, у тое, што можа найлепшым чынам рэалізаваць свой патэнцыял і дасягнуць мэты жыцця: «Я мусіў дабрацца сюды і адшукаць яго (для старога чалавека рыбіна, з якой ён змагаецца, — сапернік, істота мужчынскага роду. — Аўт.), і ў гэтым пераўзысці ўсіх людзей. Усіх людзей на зямлі». «Я — незвычайны стары», — гаворыць ён хлопчыку. І Маналін падтрымлівае ў ім гэту веру: «А найлепшы рыбак — ты». 

Аповесць — гімн не толькі мужнасці, але і працы, і трываласці. Менавіта ў штодзённай барацьбе за існаванне склаліся тыя рысы характару героя, якія яго ўзвышаюць. Санцьяга — у пэўнай ступені ідэал Э. Хемінгуэя. Напрыканцы жыцця амерыканскі пісьменнік прыйшоў да пераканання, што сапраўдны чалавек — гэта той, хто жыве па маральных прынцыпах, сціплы ў сваіх запатрабаваннях, хто не шукае кароткага шляху да шчасця, не сузірае пасіўна, а дзейнічае, каб з годнасцю прайсці самыя цяжкія выпрабаванні лёсу. Санцьяга — прыгожы не толькі сваёй дабрынёй, прастадушнасцю і сціпласцю. Яму ўласцівы сапраўдны гераізм. Ён вядзе тытанічную барацьбу з небывалай рыбай, а потым з акуламі сам-насам. У першую з напаўшых акул стары заганяе гарпун «без надзеі, але з рашучасцю і шчырай злазычнасцю». Толькі ў такой барацьбе ў героя з’яўляецца магчымасць раскрыцца цалкам, выявіць сапраўдныя мужнасць, адвагу, уменне, стойкасць, рашучасць: «Рыба, — лагодна вымавіў ён услых, — я застануся з табою аж да майго канца».

У аповесці, акрамя знешняга, падзейнага, ёсць другі, унутраны, філасофскі, план. Даследчыкі гэту аповесць разглядаюць як прыпавесць, іншасказанне або міф, дзе супрацьстаяць сіла прыроды і сіла чалавека. Апавяданне разгортваецца ў двух часавых планах: сёння і заўсёды.

 

Філасофскі падтэкст твора

Аповесць «Стары і мора» падвяла вынік доўгім і няпростым роздумам Хемінгуэя пра месца чалавека ў свеце. Гісторыя рыбака Санцьяга, які ўвабраў у сябе рысы тых, каго Хемінгуэй сустракаў і добра ведаў, калі жыў у рыбацкім паселішчы на Кубе, — гэта гісторыя нялёгкага лёсу чалавека, які кожны дзень вядзе барацьбу за жыццё. У аповесці прачытваецца горкая выснова мудрага чалавека аб адзіноце: «Ніхто не павінен быць адзін у старым веку... Але гэта непазбежна». Сродкамі рэалістычнага мастацтва ў аповесці «Стары і мора» аўтар узняў вечныя праблемы жыцця і смерці, прыроды і чалавека, суіснавання прыроды і цывілізацыі, любові, вернасці, пераемнасці пакаленняў. Ён шукаў адказы на філасофскія пытанні: «У чым сэнс жыцця чалавека і ў што яму верыць?»

Назва аповесці «Стары і мора» — сімвалічная: вобразы чалавека і першастыхіі — мора, узятыя ў непарыўным адзінстве. Так аўтар выявіў філасофію адвечнай гармоніі чалавека і прыроды, што з’яўляецца асновай жыцця на Зямлі. Але чалавек вымушаны забіваць сваіх братоў-жывёл. Калі марлін цягнуў за сабой лодку са старым, той азваўся да рыбы: «Я люблю цябе і вельмі шаную. Але я дакончу цябе раней, як скончыцца гэты дзень». Людзі маюць шчасце ўжо толькі таму, што не павінны паляваць на сонца, месяц, зоры: «Марлін — таксама мой сябра, — сказаў ён услых. — Гэткага я ніколі не бачыў і не чуў, што ёсць такі. Але я павінен забіць яго. Добра яшчэ, што нам не трэба спрабаваць забіць зоры. “Уяві, што было б, калі б чалавек штодня спрабаваў уходаць месяц, — падумаў ён. — Месяц жа не стаіць на месцы. А можаш сабе ўявіць, як чалавек штодня палюе на сонца? Мы нарадзіліся шчаслівыя”, — прыйшоў ён да высновы». Супастаўляючы людзей і жывёл стары думае: «Яны не такія разумныя, як мы, хто выймае з іх дух, хоць яны болей спрытныя і высакародныя за нас». Стары здабыў сваю рыбу, каб накарміць людзей: «Як багата людзей накорміць ён, — разважаў стары чалавек. — Але ці вартыя яны есці яго? Ну, безумоўна, не. Няма анікога, хто быў бы варты спажыць яго, гэтак ён сябе паводзіць, з такім пачуццём годнасці». 

Хемінгуэй стварыў біяграфічны міф пра кубінскага рыбака. Разам з тым герой успрымаецца абагульненым сімвалам чалавека, які процістаіць суроваму лёсу, чалавека магутнага, непераможнага і прыгожага. Ды і рыба — не проста «рэальная» рыба. Шукаючы яе, герой думае: «Цяпер трэба рупіцца пра адну-адзіную рэч. Тую, дзеля якой я нарадзіўся. Магчыма, акурат паблізу гэтай чарады ёсць вялікая рыбіна». Санцьяга не ведаў, што такія бываюць, «ён быў прывязаны да найвялікшай рыбы, якую калі-небудзь бачыў, большай за тыя, пра якіх чуў». За зрокавай матэрыяльнасцю рыбы — тулава, апаясанае фіялетавымі палоскамі, велізарныя, шырока распасцёртыя плаўнікі, доўгі хвост, «што вытыркаўся з вады: вышэйшы за вялікае лязо касы, лавандавага колеру, надта бледнага асабліва над цёмна-сіняй вадой» — хаваецца аўтарская думка пра загадкавую сілу, разлітую ва ўсім свеце. Рыбіна вока адмыслова звязвала розныя сферы светабудовы, яно «глядзела гэтак жа адасоблена, як люстры ў перыскопе або як святы на выяве ў працэсіі». 

 

Для старога барацьба з рыбай, а потым з акуламі, якія «не баяцца анічога і робяць акурат тое, чаго жадаюць» (а жадалі яны адабраць самую каштоўную здабычу старога), — гэта ўсё яго доўгае, цяжкае жыццё з няўдачамі і перамогамі, якія патрабавалі ад героя бязмежнай стойкасці. На паядынак з гэтай рыбай і акуламі ён кідае ўсе фізічныя і душэўныя сілы, бо ўпэўнены: «Я не магу зганьбіць сябе і аддаць канцы, пазмагаўшыся з гэткім марлінам». Шчасце, якое стары заваяваў у цяжкай барацьбе, не далося яму ў рукі, і ён разумее: мала злавіць рыбу — з ёю яшчэ трэба даплысці да берага.

Кім жа з’яўляецца Санцьяга: пераможцам або пераможаным? Хоць фінал аповесці адкрыты, мы, як і ў класічнай трагедыі, выразна адчуваем, што Санцьяга застаецца маральна ды і фізічна непераможаным. Калі акулы ўжо адабралі ў яго палову рыбіны, стары разважае: «У мяне засталася толькі яго палова, — падумаў ён. — Быць мо, мне пашанцуе і я прывязу пярэднюю частку рыбіны. Павінна ж мне хоць трохі пашанцаваць. Не, — сказаў ён. — Ты зглуміў свой шанц, заплыўшы занадта далёка».

Стары не змог уратаваць рыбу, але ён і не прайграў, як сапраўдны герой заплыў у сваім жыццёвым падарожжы далей за ўсіх людзей і змагаўся да апошняга. Дзякуючы сіле свайго характару, духу, непахіснасці маральна-этычных установак фізічна аслабелы стары ў экстрэмальных абставінах здолеў атрымаць сапраўдную чалавечую перамогу. «“І што ж цябе перамагло?” — задаў ён сабе пытанне. — Ды нічога, — вымавіў ён уголас. — Проста я занадта далёка заплыў». Тое, што даецца з цяжкімі іспытамі, прыносіць чалавеку сапраўдную радасць. Змучаны, але не пераможаны герой здолеў вярнуцца ў порт, дзе яго чакалі хлопчык, агульнае прызнанне і разам з тым спачуванне. Асабліва важным з’яўляецца тое, што Маналін не лічыць старэйшага сябра пераможаным, адчувае ў ім гераічны пачатак. Асабісты трыумф, прызнанне землякоў і наяўнасць годнага прадаўжальніка справы ўсяго жыцця — лепшае, што мог займець стары на схіле гадоў.

Ідэя аповесці выяўляецца ў аўтарскім перакананні, што жыццё чалавека — вечнае выпрабаванне, яго сэнс — барацьба, у тым ліку са сваімі слабасцямі. Вынік яе залежыць не столькі ад знешніх абставін, колькі ад унутраных якасцей, сілы характару асобы, гатоўнасці сустракаць бяду, калі яна прыйдзе. Боль герой успрымае як прымету жыцця: «боль для мужчыны — рэч звычная». У жыцці ёсць узлёты і няўдачы, трыумфы і падзенні, у ім ёсць месца руху і спакою, дню і ночы. Любіць людзей, прыроду, шкадаваць, як роднага, таго, хто пакутуе, быць аптымістам, мець мэту, мару, не здраджваць сабе і сваім прынцыпам, адстойваць іх да апошняга — самая вялікая навука, якой можна вучыцца ўсё жыццё. Такія важныя маральна-філасофскія высновы амерыканскага пісьменніка. 

У пачатку аповесці стары ідзе ў мора, у канцы — вяртаецца, у гэтым заключаецца кальцавое абрамленне кампазіцыі. У творы актуалізуецца вобраз ветразя, абкручанага вакол мачты, з якім стары хадзіў у мора. Калі ў пачатку твора залатаны мяхамі з-пад мукі ветразь асацыіруецца са «сцягам вечнай паразы», то ў канцы твора герой са сваім ветразем ідзе па шляху ўзыходжання, што нагадвае новазапаветны Крыжовы шлях Хрыста на Галгофу. Санцьяга нібыта на заклік Госпада «Вазьмі крыж твой» «выцягнуў мачту, скруціў ветразь і завязаў яго. Узваліўшы мачту на плечы, пачаў караскацца ўгору. Толькі тады ён уведаў усю глыбіню свае стомы. Стары чалавек прыпыніўся на момант і зірнуў назад, і ўбачыў у водбліску вулічнага святла вялізны хвост рыбіны, што ўздымаўся за кармой чоўна. Ён убачыў белую голую лінію ягонай хрыбетніцы, цёмную масу галавы, з якой тырчала дзюба, усю галізну рэшты.

Стары чалавек стаў караскацца зноў, але каля вяршыні ўзгорка ўпаў і колькі часу ляжаў, з мачтай на плячы. Ён намагаўся ўстаць, але гэта было яму не па сіле, і ён сядзеў тамака, трымаючы мачту на плячы, ды пазіраў на дарогу. <…>

Урэшце стары чалавек паклаў мачту на дол і ўстаў. Падняў мачту, узваліў на плячо і папхнуўся па дарозе ўгору. Ён мусіў пяць разоў сядаць аддыхвацца, пакуль дабраўся да свайго жытла.

У халупе ён прыставіў мачту да сцяны…».

У аповесці «Стары і мора» рэалізаваны асноўны прынцып хемінгуэеўскай эстэтыкі — даць чытачу адчуванне таго, што апісаныя падзеі адбываюцца ў яго на вачах. Мова твора адшліфаваная і празрыстая, стыль вызначаецца лаканізмам і стрыманасцю, кожная мастацкая дэталь дакладная.

Хемінгуэй імкнуўся праз зусім нямногае, што змяшчаецца ў адным эпізодзе, дэталі, фразе і нават слове героя, абагуліць агромністы жыццёвы вопыт, вялікую і годную праўду жыцця («Думай пра тое, што робіш. Не забівай галаву ніякім глупствам»; «Будзь бясстрашны і ўпэўнены ў сабе»; «Не выпадае быць непрактычным»; «Неразумна не спадзявацца»; «Не займайся шкадаваннем»; «Не разважай пра грахі… Зараз даволі турбацыі і без грахоў»; «Няхай ён думае, што я магутнейшы, чым ёсць, і такі я і буду»; «Май ясную галаву і ўмей цярпець, як мужчына. Ці як рыба»; «Мой узрост — будзільнік. Чаму старыя людзі так рана прачынаюцца? Ці не дзеля таго, каб падоўжыць, магчыма, апошні свой дзень?»; «Стары чалавек заўсёды думаў пра мора, як пра жанчыну і нешта гэткае, што надзяляе або не надзяляе вялікай ласкай, і калі яно здзяйсняе дзікія ці злыя ўчынкі, дык толькі з тае прычыны, што не можа саўладаць з сабой. Месяц уздзейнічае на мора, як і на кабету, меркаваў ён»; «Хацеў бы я купіць трохі гэтага шчасця, калі б дзе-небудзь прадавалі»; «Шчасце завітвае ў розных абліччах, і хто пазнае яго?»; «Проста мне больш не шанцуе. Але хто ведае? Мажліва, сёння. Кожны дзень — новы дзень. Шанцаванне — гэта няблага. Але дакладнасць не пашкодзіць. Калі завітае ўдача, ты будзеш гатовы яе сустрэць»). Такі стыль Э. Хемінгуэй назваў «тэлеграфным» і параўнаў з айсбергам, «велічнасць руху якога ў тым, што ён толькі на адну восьмую ўзвышаецца над паверхняй вады». 

Філасафічнасць, пэўнае маралізаванне і разам з тым прастата мовы і думкі выяўляюцца ў мудрых размовах старога з самім сабой, рыбай, птушкай. Так, знясіленай птушачцы, якая села на яго карму, стары кажа: «Адпачні як след, пташка… А потым ляці і выкарыстай свой шанц, як любы чалавек, альбо птах, альбо і рыба». Ён размаўляе нават з часткамі свайго цела («Цягніце, рукі, — падумаў ён. — Трымайце, ногі. Трывай, мая галава. Трывай дзеля мяне. Ты ніколі не адключалася»). Руку, якая здранцвела ад велізарнай напругі, ён дакарае і заахвочвае актывізавацца («Што гэта за рука, — сказаў ён. — Скурчвайся сабе, калі хочаш. Або вазьмі ды зрабіся кіпцюром. І хітрыкі табе не дапамогуць», «Набярыся цярпення, рука»).

Тэма любові і вернасці, паэтызацыя ўзаемаадносін паміж жывёлай выразна выяўляюцца ва ўспаміне героя: «Ён памятаў, як аднойчы зачапіў на кручок аднаго з пары марлінаў. Рыба-самец заўсёды дазваляе самцы жывіцца першай, і самка, ахопленая панікай, усчала дзікае адчайнае змаганне, якое хутка знясіліла яе, і ўвесь час самец заставаўся з ёю, перасякаючы ў лёце шнур і кружачы з ёю на паверхні. Марлін быў гэтак блізка, што стары чалавек непакоіўся, каб той не перарэзаў шнур хвастом, вострым, як каса, і амаль гэткага памеру і формы. <…> Пасля, у той час, як стары чалавек разблытваў шнуры і рыхтаваў гарпун, самец высока скочыў у паветра побач з лодкай, каб убачыць сваю сяброўку, а пасля пайшоў глыбока ўніз, шырока распластаўшы свае лавандавыя грудныя плаўнікі і паказваючы ўсе свае шырокія лавандавыя палосы. Ён быў прыгожы, стары чалавек памятаў, і ён застаўся. “Гэта было самае сумнае здарэнне, звязанае з імі, якое мне выпала бачыць, — падумаў стары чалавек. — Хлопчык таксама быў засмучаны, і мы папрасілі ў яе прабачэння ды хуценька разабралі”». 

Максімальна выразная і сама сітуацыя: адзінокі чалавек на схіле свайго жыцця сам-насам з прыродай, акіянам, зорамі. Але менавіта яны дапамагаюць старому пераадолець самоту: «Ён глянуў удаль на мора, і да яго прыйшла думка: які ён цяпер адзінокі. Але тут ён угледзеў у глыбокай цёмнай вадзе прамяністыя прызмы і ўбачыў шнур, што цягнуўся за кармою, і кранутую дзіўнай хвалістасцю роўнядзь. Воблакі збіраліся ў кучы, як бывае перад пасатам, ён зірнуў угару і ўбачыў чараду дзікіх качак, што вырысоўвалася, як на гравюры, на небе над вадою, пасля яна зацягнулася смугою, потым выразна паўстала зноў, і ён спасцігнуў, што чалавек ніколі не бывае самотны ў моры». І невыпадкова Санцьяга так часта падкрэслівае трывалую сувязь паміж сабой і высокімі, вечнымі сіламі прыроды, «братаецца» са сваёй здабычай, атаясамлівае яе з сабою. Стары «не меў ахвоты больш глядзець на рыбіну пасля таго, як яе знявечыла акула. Калі тая ўхапілася за марліна, яму здалося, што напалі на яго».

Чалавек і апаэтызаваная ў творы жывая прырода, стары і незвычайная рыба — гэта тое адзінства, якое ўвасабляе гарманічнае суіснаванне асобы і свету, сімвалізуе непераможнасць, цэласнасць чалавека, адкрытага да жывой душы сусвету. Але адкрытым застаецца пытанне, якое задае сабе герой: «Ты забіў марліна не толькі дзеля таго, каб жыць і прадаць яго як харч, — зрабіў ён выснову, — забіць яго штурхала цябе і твая гордасць, і тое, што ты рыбак. Ты любіў яго, калі той быў жывы, і любіў яго пасля. Калі ты яго любіш, то гэта не грэх — забіць яго. А мо яшчэ большы?»

 

Пытаннi

1Ахарактарызуйце вобразы Санцьяга і Маналіна. Параўнайце пачатак аповесці Э. Хемінгуэя «Стары і мора» з фіналам. Якія мастацкія дэталі сведчаць пра глыбіню сяброўства старога і малога?
2. Вызначце ролю эпізода пра паядынак Санцьяга з магутным неграм у порце ў раскрыцці ідэйнага зместу твора.
3. Прасачыце эвалюцыю адносін старога чалавека да рыбы. Як гэта характарызуе героя? 
4. Паразважайце, кім з’яўляецца Санцьяга: пераможцам або пераможаным. Чаму? Ці пацвердзіў Санцьяга словы Хемінгуэя пра тое, што чалавека нельга перамагчы? Адказ аргументуйце. 
5. Як характарызуюць Санцьяга апісанні яго сноў? Раскрыйце іх сімволіку.
6. Вызначце праблематыку аповесці. У якіх словах Санцьяга ўвасоблена аўтарская пазіцыя? Якія агульнагуманістычныя ідэалы сцвярджаў пісьменнік?
7. У чым заключаецца філасофскі змест аповесці «Стары і мора»? Растлумачце сімвалічны сэнс яе назвы.
8. Паглядзіце фільм «Стары і мора» (1958, рэжысёр Джон Сцёрджэс). Што і чаму вам хацелася б змяніць, рыхтуючы сучасную версію?
9. Карыстаючыся інтэрнэт-рэсурсамі, пазнаёмцеся з фотапартрэтам Э. Хемінгуэя, зробленым Юсуфам Каршам. Паразважайце, чаму менавіта гэты фотаздымак стаў самым папулярным.