Лірыка
«Яна адна, зямля вякоў...» (1986)
У гэтым вершы знаходзіць паэтычнае ўвасабленне тэмаРадзімыі спадчыны. Па-за Бацькаўшчынай паэт і яго лірычны герой не ўяўлялі жыцця. Радзіма ў чалавека на ўсё жыццё адна: «Яна адна, // Зямля вякоў, // Адкуль // Жыццё пачатак брала...» Беларусь, на думку паэта, святое месца на зямлі, сагрэтае пяшчотай беларускіх матуль, рупнай працавітасцю бацькоў. Рыгор Барадулін выяўляў сваю шчырую і клапатлівую любоў да Беларусі, слыннай старажытнай зямлі, дзе ўсё яму дарагое і роднае: і песня, і быліны, і курганы, у якіх «спачылі // З поля подзвігу ратаі». Майстар слова нагадваў, што невыпадкова і птушкі з далёкіх і цёплых краін вяртаюцца на «гнёзды шчасця» ў родны край. Пачуццё любові да Радзімы няпроста выказаць нават узнёслым паэтычным словам. Для Р. Барадуліна Беларусь — вечная краса, «прамень святла», «струмень жывой вады», хлебны колас:
Краса ўзышла |
Паэт згадваў гераічную гісторыю беларускай зямлі: «На смерць ішлі // За гэтую зямлю, // За гэтую красу, // За сцяг світання // Сыны зямлі...» Таленавіта, трапна, узрушана паэт гаварыў пра мужнасць і самаахвярнасць беларусаў, што вызвалілі ад чужынцаў родную «раллю, // З якой нязломнасць // Збажыною ўстане».
Апошняя страфа верша гучыць як напамін і запавет сучаснікам і нашчадкам захоўваць вольнай родную зямлю: каб не свісталі над ёй кулі, каб зязюлі не стамляліся лічыць гады шчаслівага жыцця адвечнай беларускай зямлі і яе народа. У вершы далікатна і эмацыянальна выяўлена прыгожае духоўнае аблічча лірычнага героя — шчырага патрыёта, вернага сына беларускага краю. Ідэя незалежнасці, неўміручасці Бацькаўшчыны вызначальная ў гэтым творы.