Лірыка
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 11 клас |
Книга: | Лірыка |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Среда, 4 Декабрь 2024, 12:06 |
Оглавление
- Уводзіны
- «Неруш» (1966)
- «Яна адна, зямля вякоў...» (1986)
- «Бацьку» (1958)
- «Заспаная раніца мжыстая...» (1961)
- «Чалавек не ўзнікае так...» (1980)
- «Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём…» (1985)
- Народнасць і самабытнасць паэзіі Р. Барадуліна, сувязь яго творчасці з традыцыямі фальклору, міфалогіі, класічнай літаратуры
- Асаблівасці паэтычнага майстэрства Р. Барадуліна
- Пытанні
Уводзіны
Тэмы маці, Бацькаўшчыны, роднай мовы, хрысціянскай маралі, стваральнага сэнсу чалавечага жыцця з’яўляюцца вызначальнымі ў творчасці Р. Барадуліна. Па-філасофску асэнсоўваючы зямныя справы чалавека, паэт раздумваў пра вечны кругаварот жыцця. Ідэя cуладнасці, паяднанасці чалавека з прыродай, асобнага чалавека з народам і праз народ з чалавецтвам таксама выразна гучыць у многіх вершах. Лірычны герой паэзіі Р. Барадуліна — пяшчотны і клапатлівы сын, патрыёт беларускай зямлі.
«Неруш» (1966)
Родная мова, яе лёс, яе бяздоннае багацце і будучыня, бадай, самая хвалюючая тэма на працягу ўсёй творчасці Р. Барадуліна. У вершы «Неруш» з аднайменнага зборніка паэт выказаў рашучую нязгоду з нігілістычнымі адносінамі да моў і культур розных народаў, і найперш беларускага. У майстра слова многа сугучных вершаў пра неабходнасць захоўваць і берагчы родную мову як багацейшы, каштоўнейшы скарб, які пакінулі нам мужныя, шляхетныя і працавітыя продкі.
Паэт і чалавек, Р. Барадулін вітаў збліжэнне розных народаў, падтрымліваў сяброўства розных краін. Але ён нязгодны з бяздумным тэзісам пра ўміранне нацыянальных моў, якія з’яўляюцца духоўнай спадчынай кожнага народа: «Я чакаю часіну сябрыны людской, // Але не згаджуся, што родныя мовы луской // Былі на рыбіне чалавецтва…» («Мая мова»). Майстар слова, упэўнены ў неўміручасці роднай мовы, у многіх вершах паказваў непаўторную прыгажосць і невычэрпнае багацце нашай мовы. Верш «Неруш» — адзін з многіх. Нерушам ранішнім паэт называў беларускую мову, бо яе глыбіня, хараство намі яшчэ глыбока і дасканала не спасцігнуты. Роздум пра лёс і багацце роднай мовы спалучаецца з роздумам пра сэнс жыцця і творчасці: «Мне шукаць цябе, покуль гляджу, // Пад зялёным крылом верасовак, // Пад крысом і спякоты й дажджу...»
Неруш — сінонім першаснасці, некранутасці, чысціні. У творы выяўляецца страсная ўлюбёнасць аўтара і яго лірычнага героя ў родную зямлю, у свой край. Гэты верш — лірычная споведзь і адначасова прысяга Р. Барадуліна свайму народу ў вернасці, беражлівых адносінах да духоўных скарбаў, нацыянальных вытокаў слова, матчынай песні і казкі.
Паэт знайшоў трапныя, змястоўныя параўнанні роднаму беларускаму слову: яно — «як нарог для ратая, / Як для ластаўкі — стромы вільчак», пры гэтым ён падкрэсліваў багатыя выяўленчыя магчымасці нашай мовы. Майстар слова адзначыў, што толькі праз роднае слова можна спасцігнуць усю глыбіню жыцця народа і непаўторную прыгажосць навакольнага свету. Родная мова і яе вобразна-выяўленчае багацце ўяўляюцца Р. Барадуліну магутнай, магічнай, цудадзейнай сілай, ад якой «на небе світае», «яснее ў вачах…». Паэт быў чулым і глыбокім знаўцам роднай мовы з першакрыніцы — з вуснаў родных матулі, бабулі, аднавяскоўцаў. Трапяткімі, чулымі адносінамі да роднай беларускай мовы, любоўю да яе, клопатам пра яе вызначаецца кожны радок барадулінскай паэзіі.
Назваўшы родную мову нерушам, паэт папярэджваў нас, што да кожнага слова, вобраза роднай мовы трэба ставіцца ўдумліва, уважліва і тады перад намі адкрыюцца невядомыя, яшчэ прыхаваныя яе скарбы. Паэт лічыў сапраўдным гонарам і шчасцем дасканала і глыбока ведаць мову свайго народа. Адкрываць для іншых яе хараство — адна з галоўных мэт яго творчасці: «А пашчасціць — натрапіцца неруш, — // Зазвіняць недзе промні наўзбоч». Эмацыянальна, узрушана паэт гаварыў пра ўласны творчы абавязак і грамадзянскі абавязак кожнага з нас — берагчы духоўны скарб продкаў: «Неруш свой панясу я аберуч, // Як слязіну з матуліных воч».
Мову, як усё жывое, падкрэсліваў паэт, трэба бараніць, адстойваць «ад абразы, ад позірку злога... наслання...». Апошнія радкі верша, у якіх увасоблены яго асноўны ідэйны змест, гучаць урачыстай прысягай паэта: «Неруш ранішні — матчына слова, // Мне, як бору, цябе засланяць!»
«Яна адна, зямля вякоў...» (1986)
У гэтым вершы знаходзіць паэтычнае ўвасабленне тэмаРадзімыі спадчыны. Па-за Бацькаўшчынай паэт і яго лірычны герой не ўяўлялі жыцця. Радзіма ў чалавека на ўсё жыццё адна: «Яна адна, // Зямля вякоў, // Адкуль // Жыццё пачатак брала...» Беларусь, на думку паэта, святое месца на зямлі, сагрэтае пяшчотай беларускіх матуль, рупнай працавітасцю бацькоў. Рыгор Барадулін выяўляў сваю шчырую і клапатлівую любоў да Беларусі, слыннай старажытнай зямлі, дзе ўсё яму дарагое і роднае: і песня, і быліны, і курганы, у якіх «спачылі // З поля подзвігу ратаі». Майстар слова нагадваў, што невыпадкова і птушкі з далёкіх і цёплых краін вяртаюцца на «гнёзды шчасця» ў родны край. Пачуццё любові да Радзімы няпроста выказаць нават узнёслым паэтычным словам. Для Р. Барадуліна Беларусь — вечная краса, «прамень святла», «струмень жывой вады», хлебны колас:
Краса ўзышла |
Паэт згадваў гераічную гісторыю беларускай зямлі: «На смерць ішлі // За гэтую зямлю, // За гэтую красу, // За сцяг світання // Сыны зямлі...» Таленавіта, трапна, узрушана паэт гаварыў пра мужнасць і самаахвярнасць беларусаў, што вызвалілі ад чужынцаў родную «раллю, // З якой нязломнасць // Збажыною ўстане».
Апошняя страфа верша гучыць як напамін і запавет сучаснікам і нашчадкам захоўваць вольнай родную зямлю: каб не свісталі над ёй кулі, каб зязюлі не стамляліся лічыць гады шчаслівага жыцця адвечнай беларускай зямлі і яе народа. У вершы далікатна і эмацыянальна выяўлена прыгожае духоўнае аблічча лірычнага героя — шчырага патрыёта, вернага сына беларускага краю. Ідэя незалежнасці, неўміручасці Бацькаўшчыны вызначальная ў гэтым творы.
«Бацьку» (1958)
Гэты верш Р. Барадуліна — адзін з самых аўтабіяграфічных. Паэт хвалююча перадаў уласныя перажыванні, калі ён, хлапчук-падлетак, з надзеяй і нецярпеннем чакаў пасля перамогі вяртання дадому бацькі-партызана. І пасля, ужо стаўшы юнаком, а потым і дарослым чалавекам, ён з матуляй, Акулінай Андрэеўнай, спадзяваўся і чакаў... Паэт часта прыгадваў перадваенны час, калі сям’я была поўнай і шчаслівай, калі ён, хлопчык, насіў бацьку на працу абеды, прыгатаваныя руплівай матуляй...
Вясной 1941 года бацька з сынам каля сваёй хаты ва Ушачах пасадзілі малады вяз. Вось як пра гэту падзею і ўражанні вайны, што сталі вобразна-асацыятыўнай асновай твора, успамінаў пазней паэт: «Я памагаў трымаць дрэўца, роўнае на рост са мной. Чэрвень сорак першага... <…> А я ўсё паліваў і паліваў маленькі вяз... Нам двум доліла астацца расці. Вяз так і не ацяніў галавы Івана Рыгоравіча... <…> Зайшоў немец. Я сядзеў і маляваў. Ён памог мне дамаляваць хату. З коміна кучаравы дым. <…> Другі немец у сорак чацвёртым спаліў нашу хату. <…> Шэрыя хмары палонных сунуцца бальшаком. Пыл. Ад яго вяз стаў падобным на капешачку сена».
Уражанні дзяцінства і незагойны боль па загінуўшым у ваеннае ліхалецце бацьку ляглі ў аснову верша «Бацьку». Твор быў напісаны праз 13 гадоў пасля заканчэння вайны, калі ўсе, хто застаўся жывы, ужо вярнуліся дадому. У радках выразна гучыць тэма вайны і вялікага чалавечага болю па страчаных родных людзях. Па форме мастацкага выказвання гэты верш — маналог сына, звернуты да бацькі, пра гэта сведчыць і загаловак твора. У выказванні лірычнага героя хвалююча перадаюцца думкі і пачуцці цэлага пакалення дзяцей вайны, якія засталіся сіротамі, бязбацькавічамі.
На першае месца ў вершы выступае асабістае перажыванне, што ўвасабляецца ў мастацкіх вобразах вяза, які стаў вялікім дрэвам: не бацькавы рукі абдымаюць зараз ужо дарослага сына, а толькі «вяз крануў галінамі за плечы» хлопчыка, які з ахапкам кветак дарэмна сустракаў калоны воінаў-вызваліцеляў, шукаючы сярод іх свайго тату, таго ж хлапчука, якога часам крыўдзілі сябры і якому вельмі не хапала абароны і падтрымкі бацькі... Гэтаму падлетку, аўтабіяграфічнаму лірычнаму герою, часта хацелася горка, роспачна заплакаць, але ён трымаўся і трываў. Так прыходзіла сталасць да ўсяго пасляваеннага пакалення дзяцей і падлеткаў. Узмацняе пачуццё драматычнага чакання бацькавага вяртання з вайны надзвчай хвалюючае вобразнае ўвасабленне:
Не йшоў ты... |
Вобраз матулі, маладыя гады якой праходзяць у спадзяванні на цуд, на доўгачаканае, выпакутаванае шчасце, яшчэ больш узмацняе пачуцці болю, чакання і ўсё яшчэ надзеі:
І зараз — еду я здалёк, |
Можна сказаць, што ў першых васьмі строфах верша лірычны герой расказаў пра вялікі ўласны боль і смутак. Але народжаны асабістымі перажываннямі твор усё ж мае абагульненае гучанне. Ад імя цэлага пакалення, чые бацькі, родныя не вярнуліся з вайны, паэт выказаў хвалюючыя пачуцці не толькі болю і смутку, але і высокай, удзячнай вечнай памяці пра тых, хто абараняў свет і жыццё. Пра гэта сведчаць апошнія радкі верша:
А шапку я заўжды здыму |
«Заспаная раніца мжыстая...» (1961)
У гэтым пейзажна-настраёвым вершы перадаюцца адчуванні ад надыходу восені і адпаведны філасофска-задумлівы настрой лірычнага героя. Паэт вельмі трапна апісаў восеньскую раніцу, калі ў прыродзе заціхае ўсё жывое, рыхтуючыся да зімы. Назваўшы раніцу «заспанай» і «мжыстай», «на фарбы і гукі скупой», аўтар не толькі стварыў пейзажны малюнак, але і перадаў стан душы героя, які «прыціхлай зямлёю» ступае. Паэт і яго лірычны герой чуйна рэагавалі на свет, прыслухоўваючыся да рэдкіх гукаў («І вёдры прыглушана бразгаюць // Каля адсырэлае студні») і нават адчуваючы восеньскія пахі («лісцёваю дыхае брагаю»), смак восені («ад кіслых прысмак журавінавых»).
Нягледзячы на перадзімняе зацішша, прырода ў вершы жывая, зменліва-дынамічная, загадкава-прывабная. Уявіць і ўбачыць яе такой дапамагаюць ужытыя аўтарам увасабленні, метафары: «Цыбатай нагой жураўлінаю // Імшарамі верасень крочыць. // Ад кіслых прысмак журавінавых // Заплюшчыла сонца вочы». Апошняя страфа верша, як і першая, сваім зместам і сэнсам звернута да ўнутранага стану лірычнага героя. Для яго восень з’яўляецца не толькі часам светла-сумнай настальгіі («цвітуць успаміны верасам»), гэта і прадчуванне нечага новага, яшчэ невядомага і неўсвядомленага, але несумненна жаданага і ўзвышанага, што прыходзіць у марах і снах.
Нягледзячы на перадзімняе зацішша, прырода ў вершы жывая, зменліва-дынамічная, загадкава-прывабная. Уявіць і ўбачыць яе такой дапамагаюць ужытыя аўтарам увасабленні, метафары: «Цыбатай нагой жураўлінаю // Імшарамі верасень крочыць. // Ад кіслых прысмак журавінавых // Заплюшчыла сонца вочы». Апошняя страфа верша, як і першая, сваім зместам і сэнсам звернута да ўнутранага стану лірычнага героя. Для яго восень з’яўляецца не толькі часам светла-сумнай настальгіі («цвітуць успаміны верасам»), гэта і прадчуванне нечага новага, яшчэ невядомага і неўсвядомленага, але несумненна жаданага і ўзвышанага, што прыходзіць у марах і снах.
Заключныя радкі перадаюць веру лірычнага героя ў светлы, жыццесцвярджальны сэнс чалавечага быцця, дзе выраз «усё да паўдня праясніцца» ўспрымаецца алегарычнай метафарай аптымістычнага светаўспрымання асобы.
«Чалавек не ўзнікае так...» (1980)
У спадчыне паэта многа вершаў, прысвечаных філасофскаму асэнсаванню прызначэння чалавека і сутнасці яго зямных спраў, вершаў — роздумаў над сапраўднымі, вечнымі каштоўнасцямі і каштоўнасцямі ўяўнымі. Народны паэт у вершы «Чалавек не ўзнікае так...» выказаў перакананне, што кожны з нас прыйшоў у гэты свет не выпадкова, а са сваім прызначэннем і талентам, якія недаравальна змарнаваць. Кожны з нас павінен «збыцца і адбыцца» як асоба, як грамадзянін і як прафесіянал у адпаведнасці з дадзеным дарам:
Чалавек не ўзнікае так — |
Важны сэнс паэтычнаму выказванню ў першай, а затым і ў другой страфе задаецца першым радком. Сапраўды, кожны з нас «не ўзнікае так»: усякі чалавек — спадчыннік свайго роду, сям’і, нашчадак далёкіх і блізкіх продкаў, дзядоў, прадзедаў, якія задоўга да нашага часу жылі на зямлі. Мы ім абавязаны сваім нараджэннем, рысамі характару і знешнасці, талентам, цікавасцю і схільнасцю да розных відаў чалавечай дзейнасці, напрыклад, да працы ратая-хлебароба, настаўніка, мастака-жывапісца, музы´кі... Мы, розныя па паходжанні, перакананнях, талентах, прыйшлі ў гэты свет, каб займацца добрымі і карыснымі справамі, здзейсніць свае мары, планы, спадзяванні, выканаць місію ўласнага жыцця і лёсу — «збыцца і адбыцца», як піша паэт.
Для грамадства і блізкіх людзей важна, каб кожны з нас, незалежна ад таленту і прызвання, быў чалавекам гарманічным, маральным, прыгожым, нёс у сабе духоўнае святло, сваёй прысутнасцю аздабляў гэты свет, рабіў яго лепшым.
У другой страфе верша паэт выказаў не менш важнае перакананне: чалавек не знікае бясследна, нават калі яго не стане. Аўтар ужыў трапнае параўнанне: чалавек не манета («пятак»), якую можна згубіць і не заўважыць. Паэт метафарычна разважаў пра выпрабаванні, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху кожнага. Гэта розныя цяжкасці, перашкоды, часта несправядлівыя крыўды, удары лёсу, якія кожны перажывае па-свойму: хто — з роспаччу і адчаем, хто — стрымана і годна. Перажытае адбіваецца на лёсе чалавека. Пра гэта паэт дакладна і вобразна пісаў: «Ён сціраецца аб дарогі, // Разбіваецца аб адчаі...» Акрамя таго, кожны з нас — дзіця свайго часу, веку, пэўнай эпохі, з яе трывогамі і ўзрушэннямі, якія праходзяць праз нашы душы і розум. Іншасказальная метафара аб веку, які прыручае чалавека, утрымлівае меркаванне паэта, што мы носьбіты свайго шматаблічнага веку, магчыма, і заложнікі свайго часу.
Гэты невялікі твор мае багатае ідэйна-філасофскае напаўненне. Верш прымушае задумацца і пра незваротнасць жыцця. Кожны павінен памятаць, што жыццё складанае і хуткаплыннае і важна паспець «стаць чалавекам», каб, адыходзячы ў іншы свет, спакойна і мудра ўсведамляць, што місія Чалавека выканана. А памяць пра сапраўдных людзей і іх добрыя справы не памірае.
Паэт Р. Барадулін геніяльна валодаў родным словам, па-майстэрску ўжываў вобразныя сродкі беларускай мовы, дасканала, глыбока ведаў яе бязмежнае багацце, адчуваў яго на ўзроўні генетычнай памяці. Шматлікія сінтаксічныя і гукавыя (фанічныя) паўторы, арыгінальная рыфмоўка і кампазіцыя верша надаюць гарманічнае гучанне ўсяму паэтычнаму выказванню, узбуйняючы асноўную філасофскую ідэю твора — каштоўнасць жыцця кожнага чалавека.
«Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём…» (1985)
Верш прысвечаны філасофскаму асэнсаванню прызначэння чалавека і сутнасці яго зямных спраў, роздуму над сапраўднымі, вечнымі каштоўнасцямі. Па форме гэта верш-пасланне народнага паэта да кожнага з нас з заклікам памятаць пра незваротнасць жыцця «штогодна, штогадзінна, штохвілінна». Кожны павінен усведамляць, што жыццё хуткаплыннае, таму кожны дзень і кожнае імгненне яго павінна асвятляцца высокім сэнсам. Нельга марнаваць жыццё на дробязную мітусню, «дзяльбу», бо кожны такі дзень — «забраны забыццём»:
Штодня вядзі з самім сабою бой, |
Маналог Р. Барадуліна, звернуты да чытача, гучыць пераканаўча, урачыста і ўсхвалявана. Аўтар сцвярджаў добрыя справы і высакародныя людскія ўчынкі: «Старайся не ў дзяльбе, а ў малацьбе, // Каб вымалаціць з цемрачы праменне...» Ён услаўляў несмяротнасць стваральнага чалавечага духу, высокай духоўнасці, маральнасці, дабрыні. Толькі вартае, сумленнае жыццё належыць вечнасці, дабро непадуладна забыццю, хоць кожны чалавек — усяго кволая галінка на магутным дрэве, а яго жыццё — імгненне ў параўнанні з вечнасцю. Верш напоўнены ёмістымі метафарамі: «рака ўсёзабыцця», «незваротная вечнасць», «ты — з дрэва часу кволая галіна» і інш. Яны дапамаглі паэту-філосафу перадаць роздум пра незваротнасць жыцця, пра тое, што вечныя каштоўнасці і вартыя ўчынкі павінны быць зместам і сэнсам кожнага з нас.
Народнасць і самабытнасць паэзіі Р. Барадуліна, сувязь яго творчасці з традыцыямі фальклору, міфалогіі, класічнай літаратуры
Аўтару як рэдка каму з беларускіх паэтаў удавалася выказвацца трапна, ёміста, эмацыянальна. Ён умеў перадаваць словам самыя тонкія, ледзь улоўныя адценні настраёвасці. У яго вершах многа крылатых выразаў, афарызмаў, якія дакладна і змястоўна перадаюць думкі, пачуцці, адносіны паэта да жыцця і розных яго праяў. Гэтаму надзвычай спрыялі засвоеныя з маленства скарбы моўнага багацця нашага народа, якімі Р. Барадулін з густам і веданнем трапна карыстаўся ў творчасці.
Дзякуючы матулі, галасістай пявунні, бабулі і філалагічнай адукацыі паэт дасканала ведаў народнае жыццё і вольна арыентаваўся ў фальклорных і міфалагічных вобразах, матывах і сюжэтах. У паэзіі ён часта звяртаўся да іх, да жывой мовы народа. У біяграфічных нататках «На таку майго веку» Р. Барадулін пісаў, што ўсведамляць сябе пачаў пад гукі жніўнай песні: «На таку майго веку зярняты дзён былі добрыя. Самым чыстым зернем, самым адборным засталіся маміны словы. З іх хлеб для душы мае…»
Майстру слова ўласцівы досціп, схільнасць да гумару, смеху, гратэску, пра што сведчыць кніга абразкоў, замалёвак «Дуліна ад Барадуліна». Народная смехавая культура, народна-песенныя традыцыі і многае іншае з беларускага фальклору натуральна і гарманічна спалучаюцца з арыгінальным уласным словам паэта, нараджаючы непаўторны барадулінскі паэтычны стыль. Некаторыя даследчыкі называюць творчасць Р. Барадуліна своеасаблівай хрэстаматыяй, па якой можна вывучаць беларускі фальклор. І сапраўды, паэт не цураўся фальклорнай першаасновы, а наадварот, пашырана выкарыстоўваў народна-песенныя вобразы і выяўленчыя сродкі, дасканала спалучаў іх з уласна-літаратурным словам, узмоцненым асабістым успрыманнем прыгожага. На аснове народных выразаў, вобразаў і па іх узоры аўтар ствараў уласныя дакладныя і ёмістыя наватворы і шырока выкарыстоўваў іх у сваёй творчасці. Ужо ўвайшлі ў трывалы запас сучаснай беларускай літаратурнай мовы барадулінскія словы — неруш, нагбом, пралля, адхланне і інш. Вельмі часта ў паэзіі ён выкарыстоўваў матывы народных песень, якія ў яго творча-эстэтычным успрыманні звязаны з вобразам маці. У вершы цяжка размежаваць, дзе народнае, а дзе паэтава асабістае выказванне. Так адбываецца, напрыклад, у вершы «Янку Купалу»:
Мелодыя гэтых слоў |
Словы беларускіх і ўкраінскіх песень паэт часам браў эпіграфамі да сваіх вершаў. За народнымі матывамі, жартаўлівымі або роздумна-лірычнымі радкамі прачытваецца яго глыбокі роздум над праблемамі сучаснасці, мінулага і будучыні Бацькаўшчыны. Ён ахвотна выкарыстоўваў не толькі песню, але і казку, лічылку, забаўлянку, жарт, галашэнне… У многіх яго творах ажывае змястоўнасць народнага жыцця — у звычаях, традыцыях, павер’ях, замовах з кляцьбой і варажбой, са зменлівымі настроямі і пачуццямі, з радасцю і трагізмам. Гэта характарызуе скразнога лірычнага героя паэзіі Р. Барадуліна як роднага сына беларускай зямлі, працаўніка і веселуна, творцу і абаронцу яе святынь і славы, якому выпала радавацца і смуткаваць разам са сваім народам.
Трапна заўважыла адметнасць і асаблівы талент выкарыстання Р. Барадуліным глыбінных, не спазнаных намі да канца запасаў народнай спадчыны, фальклору і міфалогіі літаратуразнавец Л. Тарасюк: «Паэт вяртае слову яго першародную актыўнасць, вобразнасць, калі ўсякія сувязі яшчэ свежыя, новыя, неспазнаныя, калі адкрывае іх не граматычны закон, а здзіўленне, своеасаблівая дзіцячая гульня ўяўлення».
Сам Р. Барадулін слушна лічыў фальклор вачамі і душой беларускага народа, дзе захоўваюцца каштоўныя народныя традыцыі. Акрамя таго, фальклор, на думку паэта, чула адгукаецца на змены сучаснага жыцця, ён — рухомы. Значыць, ён — вечны, як народнае жыццё.
Побач з фальклорнымі матывамі і вобразамі ў паэзіі Р. Барадуліна натуральна спалучаюцца літаратурна-класічныя традыцыі. У асэнсаванні праблем Бацькаўшчыны, роднай мовы, будучыні, спадчыны і духоўных каштоўнасцей новых пакаленняў беларускай моладзі, сучаснікаў канца ХХ і пачатку ХХІ стагоддзяў, Р. Барадулін паслядоўна працягваў традыцыі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Жылкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанкі і іншых класікаў нацыянальнай літаратуры, чые творы сталі крыніцай духоўнасці, якая ўплывала на фарміраванне нацыянальнай годнасці і самасвядомасці многіх пакаленняў беларусаў. Сын новага часу, лірычны герой Р. Барадуліна, у многіх вершах разгортвае паэтычны дыялог-працяг, распачаты Купалам у вершы «Спадчына». Ад імя новых пакаленняў аўтар асэнсоўваў, што засталося яму і ўсім нам у спадчыну «ад сівых гадоў, ад дзядоў». Гэта — родная мова, родная зямля, родныя хата, лес, поле, рэчка, народная песня. І як найкаштоўны скарб з усіх — «галубіная мова матчына». Пералічаныя вобразы — мастацкія рэаліі, сімвалічныя ўвасабленні, якія прыйшлі ў свет барадулінскай паэзіі менавіта як выяўленне ўплыву традыцый класічнай беларускай літаратуры.
Асаблівасці паэтычнага майстэрства Р. Барадуліна
У творчасці майстра слова выразна ўвасоблены асноўныя тэндэнцыі развіцця сучаснай паэзіі, адна з іх — раскаванасць паэтычнага радка. У вершах натуральна гучаць размоўна-апавядальныя інтанацыі, чуюцца прыдыханні, паўзы, рэчытатывы. Менавіта такая форма верша найбольш адпавядае ўвасабленню глыбокіх перажыванняў і роздуму паэта пра ўсё існае.
Рытмічная раскаванасць радка, аднак, не азначае адыход паэта да прозы. Унутраны рытм і рыфмы, вершаваныя долі і рытміка-інтанацыйныя перыяды не дазваляюць вершу распадацца. Частыя рытміка-інтанацыйныя змены нават у межах аднаго верша, адвольная схема рыфмоўкі, строфы-лесвічкі садзейнічаюць дакладнай перадачы паэтычнага перажывання, пэўных думак паэта і яго лірычнага героя. Праз паэзію Р. Барадуліна і іншых творцаў выразна выяўляецца тэндэнцыя сучаснай паэзіі да свабоды вершаванай формы, белага верша і іншых эксперыментальных жанраў.
Рыгору Барадуліну, як рэдка каму з паэтаў, удалося выказаць словам тонкія, ледзь улоўныя адценні настраёвасці, псіхалагізму, экспрэсіўнасці. У яго вершах многа крылатых выразаў, афарызмаў. Гэтаму надзвычай спрыялі засвоеныя яшчэ з маленства скарбы моўнага багацця нашага народа, якімі майстар слова з густам і веданнем таленавіта карыстаўся ў творчасці. Словы беларускіх і ўкраінскіх песень паэт часам браў эпіграфамі да сваіх вершаў.
За народнымі матывамі, жартаўлівымі або роздумна-лірычнымі радкамі прачытваецца пакутлівы і глыбокі роздум паэта над праблемамі сучаснасці, мінулага і будучыні Бацькаўшчыны. Рыгор Барадулін ахвотна выкарыстоўваў не толькі песню, але і казку, лічылку, забаўлянку, жарт, галашэнне... У яго творах паўстае змястоўнасць народнага жыцця ў звычаях і традыцыях, з павер’ямі, замовамі, кляцьбой і варажбой, зменлівымі настроямі і пачуццямі, радасцю і трагізмам.
Скразны лірычны герой паэзіі Р. Барадуліна — сын беларускай зямлі, працаўнік і весялун, творца і абаронца Бацькаўшчыны, мудры мысліцель, якому выпала радавацца, наканавана смуткаваць... Трапна заўважыла асаблівы талент пісьменніка выкарыстоўваць глыбінныя, не спазнаныя намі да канца запасы народнай спадчыны, фальклору, мовы літаратуразнавец Л. Тарасюк: «Паэт вяртае слову яго першародную актыўнасць, вобразнасць, калі ўсякія сувязі яшчэ свежыя, неспазнаныя, новыя, калі іх адкрывае не граматычны закон, а здзіўленне, своеасаблівая дзіцячая гульня ўяўлення».
Сам Р. Барадулін лічыць фальклор вачамі і душой беларускага народа. Ён, на думку паэта, рухомы, значыць, ён вечны, як народнае жыццё. Паэт творча выкарыстоўваў народныя выразы, словы і на аснове іх, па ўзоры іх ствараў і ўжываў у сваёй творчасці ўласныя дакладныя і ёмістыя наватворы. Яны ўжо ўвайшлі ў трывалы запас сучаснай беларускай літаратурнай мовы — «неруш», «нагбом», «пралля», «адхланне» і інш.
Паэт умеў эмацыянальна, зрокава, пластычна, шматколерна ўспрымаць навакольны свет і ўзнаўляць яго непаўторнасць у творчасці. Дзеля гэтага ён часта карыстаўся метафарычнай вобразнасцю. Мастак слова ўмеў знайсці і трапна ўжыць ёмістыя па сэнсе, экспрэсіўна дакладныя і адначасова шматзначныя метафары. Яго арыгінальныя, нечаканыя метафары заснаваны на збліжэнні, здавалася б, далёкіх і непадобных з’яў, рэчаў з адцягненымі, абстрактнымі паняццямі, унутранымі, суб’ектыўнымі перажываннямі паэта і яго лірычнага героя. Метафара Р. Барадуліна заўсёды асацыятыўная: яна звязвае два вобразы, з’явы або прадметы, і ўспамін пра адно выклікае ўяўленне пра іншае. Так, напрыклад, самабытна і ёміста паэт перадаў надыход вясны ў вершы «Нагбом»:
Падталі памалу глыжы, |
Або вось як метафарычна дакладна напісаў паэт пра Сафійскі сабор у Полацку ў пасляваенныя дзесяцігоддзі (верш «Сафійка»), каб падкрэсліць, што гэты старажытны помнік з’яўляецца сімвалам мужнасці, мудрасці і вечна жывой душы беларускага народа:
Васпаватая ад асколкаў і куль, |
Прыведзеныя вышэй метафары-асацыяцыі — зрокавыя па характары вобразнага ўвасаблення. Між тым вобразы вершаў Р. Барадуліна выклікаюць разнастайныя метафарычныя асацыяцыі: слыхавыя, абаняльныя, канкрэтна-пачуццёвыя… Эмацыянальна ўражвае слыхавая асацыяцыя ў вершы «Янку Купалу»:
Ноч па зямлі ступала, |
Чуйны слых, востры зрок мастака слова далучаецца да стварэння вобразаў у яго паэзіі. Слыхавыя асацыяцыі ў вершах Р. Барадуліна часта спалучаюцца са зрокавымі, пачуццёвымі і інш.
Паэт нястомна шукаў новыя формы і сродкі для мастацкага ўвасаблення думак і пачуццяў. З года ў год, ад кнігі да кнігі ўдасканальваўся, паглыбляўся змест і абнаўляліся формы барадулінскай паэзіі. Думкі паэта, перажыванні яго лірычнага героя набывалі глыбокі філасафізм. Праз вобразы-асацыяцыі паэт увасобіў свой грамадзянскі і мастакоўскі роздум пра дыялектычнае адзінства ўсяго існуючага, зямнога і касмічнага, рэальнага і духоўнага. Менавіта арыгінальная метафарычна-асацыятыўная вобразнасць дапамагае і чытачу канцэптуальна, следам за аўтарам, асэнсоўваць праблемы быцця асобы, народа, Радзімы, чалавецтва, часу і вечнасці, якімі пранізана паэтычная спадчына Р. Барадуліна.
Пытанні
1. Вызначце ідэйны змест верша Р. Барадуліна «Неруш». Назавіце іншыя творы паэта, сугучныя гэтаму. Як метафары дапамагаюць увасобіць аўтарскую задуму? | |
2. Паразважайце, што агульнага ў ідэйным змесце і пафасе вершаў Р. Барадуліна «Яна адна, зямля вякоў...» і Янкі Купалы «Спадчына». Падмацуйце свой адказ радкамі з вершаў. | |
3. Знайдзіце ў вершы «Яна адна, зямля вякоў...» індывідуальна-аўтарскія метафары і вызначце іх значэнні. | |
4. Прачытайце верш Р. Барадуліна «Бацьку» і акрэсліце, дзе ў творы перадаюцца пачуцці юнака, а дзе — дзіцяці. Чаму салдаты, якім пашчасціла вярнуцца з вайны, гаварылі хлопчыку: «Прыедзе...»? З якім пачуццём юнак вяртаецца ў родны дом? Якая роля вобразавяза ў вершы? Чаму паэт заўжды быў гатовы зняць шапку перад невядомай магілай? | |
5. Падрыхтуйце кадраплан верша «Бацьку». | |
6. Якія думкі і пачуцці выклікае верш «Заспаная раніца, мжыстая...»? Як уплываюць на сэнс твора дзеясловы ў апошняй страфе? | |
7. Знайдзіце адрозненні ў пачатковых радках першай і другой строф верша «Чалавек не ўзнікае так...». Як яны ўзбагачаюць ідэйна-філасофскі сэнс паэтычнага выказвання ў кожнай частцы твора? Выкажыце свае адносіны да аўтарскай пазіцыі. Як розныя віды паўтораў уплываюць на сэнсавую глыбіню верша? Якія радкі выражаюць ідэю твора? Абгрунтуйце сваю пазіцыю. | |
8. Вывучыце на памяць верш Р. Барадуліна «Чалавек не ўзнікае так...». |