Лірычныя мініяцюры «Загадка», «Трохі пра вечнае»
Жанр міні-прозы ў творчасці Я. Брыля
Ніхто не звяртаўся да мініяцюры так часта і так плённа, як гэта рабіў Я. Брыль, таму нядзіўна, што яго называюць «бацькам» жанру лірычнай мініяцюры.
Мініяцюра — замалёўка пэўнага, важнага дляпісьменніка «імгнення жыцця», у якой аўтар часам перадае цэлы чалавечы характар і лёс. |
Друкаваць творы малых жанравых форм ён стаў у пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. На працягу ўсёй творчасці выходзяць кнігі пісьменніка, якія ўтрымліваюць міні-прозу. Сам Я. Брыль мініяцюры размяжоўваў на такія разнавіднасці, як замалёўкі, лірычныя нататкі, лірычныя запісы.
Сціслы аб’ём міні-прозы не стаў перашкодай для глыбокай маральна-філасофскай насычанасці твораў. У іх выяўлена духоўна багатая асоба мастака слова, які шчыра дзеліцца з чытачом сваім роздумам над праблемамі грамадскага жыцця, сэнсам чалавечага існавання. Я. Брыль умеў радавацца жыццю, дзякаваць за тое, што яму было дадзена лёсам, а гэта — вышэйшая праява чалавечай мудрасці.
Свае адносіны да мастацкага слова пісьменнік выявіў у афарызме «Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся — Слову». Гэта выказванне Я. Брыля вызначае аўтарскае разуменне сутнасці і ролі мастацкай творчасці для чалавека, веру ў вялікую духоўную сілу Слова. Менавіта духоўнае, маральнае ў жыцці чалавека і грамадства займае важнае месца ў мініяцюрах Я. Брыля, якога справядліва называюць майстрам гэтага жанру.
У малой прозе пісьменніка ўвасобіўся філасофскі роздум над перажытым ім і яго народам. У 1965 годзе выйшла першая кніга мініяцюр Я. Брыля — «Жменя сонечных промняў». Гэты жанр на дзесяцігоддзі стаў яго мастакоўскай візітоўкай. Лірычныя мініяцюры пісьменніка ўвайшлі ў кнігі «Вітраж» (1972), «Акраец хлеба» (1977), «Сёння і памяць» (1985), «Пішу як жыву» (1994), «Вячэрняе» (1994), «Дзе скарб ваш» (1997), «Сцежкі, дарогі, прастор» (2001), «Блакітны зніч» (2004), «Парастак» (2006).
У лірычнай мініяцюры «Загадка» (1957) Я. Брыль праз асобныя, але важныя «імгненні жыцця» героя раскрыў адзін з мільёнаў чалавечых лёсаў. Рускі хлопец з Дона, герой твора, да вайны праходзіў вайсковую службу ў Беларусі, быў пагранічнікам.
Хлопец тады даволі іранічна ставіўся да беларусаў, да іх талерантнасці, здольнасці прымаць жыццё такім, якое яно ёсць: «Бульба дробненькая, але многа!..» Аднак лёс прымусіў героя змяніць свае адносіны да менталітэту жыхароў Беларусі.
Пісьменнік лаканічна апісаў лёсавызначальныя моманты жыцця хлопца з Дона. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, герою прыйшлося перажыць горкае адступленне і палон. Пасля ўцёкаў з няволі жыццё выхадца з данской станіцы карэнным чынам змянілася. Яму далі прытулак у беларускай вёсцы, дзе людзі ўмелі спачуваць чалавечаму гору, праяўлялі міласэрнаць і клапаціліся пра яго як пра роднага: «Яны накармілі яго i прыгрэлі. Разам з імі ён узяў неўзабаве вінтоўку, стаў партызанам. Разам з імі рабіў ён тое, што — збоку відней — i Радзіма, i ўвесь прагрэсіўны свет пачалі пасля называць гераізмам».
Характар галоўнага героя раскрываецца праз падзеі, звязаныя з яго асабістым жыццёвым шляхам, а таксама праз адносіны вяскоўцаў да хлопца з далёкай станіцы. Як пра свайго сына клапоціцца беларуская жанчына-працаўніца пра параненага героя. Ён пакахаў мясцовую дзяўчыну, ажаніўся і застаўся жыць у Беларусі назаўсёды: «Тут на гарачую кроў яго раны лягла халаднаватая чысціня палатна. “Кужэльненькага”, як гаварыла беларуская маці, нястомная работніца, што плакала над ім. Замест ягонай — богведама, ці жывой? — мамані ў далёкай, таксама дзесьці зганьбаванай фашыстамі станіцы... Тут ён адчуў каханне — наша дзяўчына палюбіла яго, пайшла з ім з роднае хаты ў сцюдзёную пушчу...» Сярод гэтых людзей адбываецца яго сталенне, змяняюцца адносіны героя да сябе і навакольных. Спакваля рускі хлопец спасцігае духоўную прыгажосць беларускага народа, які становіцца для яго дарагім і блізкім.
Аўтар паказаў эвалюцыю духоўнага свету галоўнага героя, яго ўсведамленне сэнсу жыцця: «Хлопец нібы толькі цяпер заўважыў, як ён прырос да гэтай слаўнай лясной старонкі, як пасябраваў з людзьмі». У гэтай падказцы Я. Брыля раскрываецца прычына таго, чаму «вось ужо трынаццаць год узапар ездзіць ён у госці на ўсход, да роднага берага, да родных душ, i вяртаецца адтуль у Беларусь з тым самым дзіўным пачуццём — з дому едзе дадому, з радзімы цягне яго на радзіму... Дзве ix стала, ці што?..».
Пісьменнік шчыра радаваўся за хлопца, які не забывае мясцін, дзе нарадзіўся і вырас, а таксама аддана любіць Беларусь, што стала для яго другой радзімай. Тут хлопец з Дона сфарміраваўся як грамадзянін і асоба.
Янка Брыль у многіх сваіх творах акцэнтаваў увагу на маральных, духоўных асновах жыцця. У мініяцюры «Трохі пра вечнае» (1971) майстар слова сцвярджаў, што чалавек павінен імкнуцца да адчування радасці ад успрымання неабсяжнага навакольнага свету і людзей. Прырода для Я. Брыля — неад’емная частка духоўнага свету чалавека.
Важнасць гармоніі чалавека і прыроды была асэнсавана будучым пісьменнікам яшчэ ў маладосці. Ён прыпамінаў сябе ў пятнаццацігадовым узросце: «Пасля некалькіх дзён цяжкага, горкага роздуму пра жыццё, маё месца ў ім, пра маю — ужо тады — нікчэмнасць… мяне, падлетка, вярнула да жыцця, да разумення яго сэнсу прыгажосць навакольнага свету.
Найбольш запомніліся чорныя, бліскучыя, сыта гарластыя гракі над пакошай і на пакошы».
Гарманізуючым аспектам жыцця, на думку пісьменніка, з’яўляюцца стасункі чалавека з прыродай, у выніку чаго выдаецца магчымасць адпачыць душой і эстэтычна ўзбагаціцца.
Герой лірычнай мініяцюры «Трохі пра вечнае» ўмее заўважаць прыгажосць вакол сябе. Прырода для яго — неад’емная частка існавання: «Над Нёманам — тры векавыя дубы. Пад першым я ляжу, гляджу на другі i на трэці. Стаіць ix тут, магутных ды прыгожых, больш, аднак мне хапае i трох. Нават i двух — таго, пад якім я прылёг у цяньку, дарагім пасля пыльнай, спякотнай дарогі, i бліжэйшага, на які я гляджу значна больш».
Аўтар запрасіў чытача задумацца над заканамернасцямі хуткаплыннага і вечнага жыцця, у якім ёсць месца нараджэнню і смерці. І хоць у твор уведзены эпізод пахавання сястры лірычнага героя, смерць не ўспрымаецца ім надзвычай трагічна. Аптымізму надае ўсведамленне таго, што падрасце ўнук памерлай сястры, які працягне жыццё.
Чалавечае жыццё асэнсоўваецца лірычным героем на фоне быцця прыроды: «Тут я ix пазнаў, маладых. Па дзюбах, па нагах — яшчэ не чырвоных, па тым, як яны, пакружыўшыся для размінкі над родным дубам, пачалі садзіцца на гняздо. Павіселі над ім, перабіраючы цыбамі, няўдала цэлячыся імі, каб хаця ж не міма». Захапленне гармоніяй прыроды прыводзіць лірычнага героя мініяцюры да ўсведамлення неабходнасці захавання гэтай вечнай непаўторнай красы: «А потым прыляцеў надубны гаспадар. Чырвананосы, чырвананогі, з жабай у дзюбе — ну, проста для малюнка ў дзіцячую кніжку». Аўтар назваў бусла «белым сцягам вясны», пары нараджэння і ўваскрэсення, якая ўспрымаецца сімвалам жыцця і яго бясконцасці: «I нежыццёвым, непраўдзівым было б замоўчваць, як, гледзячы на тое, што я бачу сам, я i ўспамінаю сказанае — ад перажытага — іншымі... Клекачыце, буслы! Няхай жыве, як сонца, вечная паэзія! I тут, над нашай ракою».
У лірычнай мініяцюры «Трохі пра вечнае» пісьменнік-філосаф сцвярджаў важнасць штодзённага жыцця чалавека ў гармоніі з прыродай, навакольным светам, са сваёй душой. У спадчыне таленавітага мастака слова, народнага пісьменніка Беларусі Я. Брыля многа твораў — роздумаў пра вечныя праявы жыцця. Да такіх твораў неабходна звяртацца кожнаму, каб асэнсаваць уласнае прызначэнне і сваю прысутнасць у гэтым свеце.