«Зацюканы апостал»

Характарыстыка персанажаў, іх сімвалічнасць і падкрэсленая абагульненасць

Па вызначэнні самога аўтара, у п’есе «Зацюканы апостал» «дзейнічаюць такія асобы»: Тата, Мама, Сын, Дачка, Дзед, палітычны каментатар. Героі не маюць ні прозвішчаў, ні імёнаў, у чым выявілася аўтарская задума стварыць абагульненыя вобразы, вобразы-сімвалы. Кожны з герояў выступае ў творы выразнікам пэўных маральных прынцыпаў, пэўнай жыццёвай філасофіі. 

Галоўным героем п’есы з’яўляецца Сын, або Малыш, як называюць яго ў сям’і. Менавіта з яго вобразам звязана назва твора. Вызначэнне жанру твора як трагікамедыі абумоўлена сцэнічным лёсам Сына. З яго вобразам звязаны ўсе падзеі, калізіі п’есы. Малыш з’яўляецца ў трагікамедыі «Зацюканы апостал» своеасаблівым кампазіцыйным цэнтрам, «галоўным “рухавіком” у раскрыцці драматычнага канфлікту твора» (Ю. Сохар). Ад правільнага асэнсавання вобраза галоўнага героя залежаць усведамленне аўтарскай ідэі, разуменне канцэпцыі п’есы.

Літаратурныя і тэатральныя крытыкі, рэжысёры па-рознаму прачытвалі і сцэнічна ўвасаблялі гэты вобраз. Літаратуразнавец Марыя Шаўлоўская ў 1970-я гады адзначала, што «ўсе персанажы трагікамедыі “Зацюканы апостал” у пэўнай ступені з’яўляюцца абстрактнымі фігурамі, але асабліва абстрагаваны вобраз Сына. Ён найбольш адкрытая персаніфікацыя аўтарскай ідэі». С. Лаўшук, наадварот, сцвярджаў, што паміж героем п’есы і аўтарам няма агульнасці. Блізкі сябар А. Макаёнка і даследчык яго творчасці Г. Колас сведчыў, што сам аўтар «Трыбунала» і «Зацюканага апостала» пра сябе сказаў так: «Калабок — я. І Апостал — я».

Ю. Сохар лічыў, што драматург стварыў «вобраз не ардынарны… Складанасць вобраза Сына ў тым, што аўтар паказвае яго шматпланавай фігурай. У ім факусіруецца галоўная ідэя твора — невырашальнасць канфлікту асобы і… грамадства; праз барацьбу канкрэтных характараў пазнаецца сутнасць ідэалагічных, сацыяльна-маральных супярэчнасцей».

С. Лаўшук звярнуў увагу на тое, што «пераважная большасць даследчыкаў схільны бачыць у гэтым вобразе ўвасабленне станоўчасці. Для іх ён — апостал справядлівасці, які, нягледзячы на свой юны ўзрост, смела кінуў выклік мяшчанскаму царству хлусні, прыстасаванства, ханжаству і фарысейству. І зусім не бянтэжыла іх тая немалаважная акалічнасць, што апостал зацюканы — як бы ўжо і не апостал. Варта было звярнуць увагу на аўтарскую характарыстыку героя. З аднаго боку, у ёй прарываецца яўнае захапленне: «Не дзіця, а камяк голых нерваў. Гарачлівы. Калючы. Мазгавіты. У нас гэткіх разумнікаў не бывае, а калі дзе і трапіцца, дык пра гэта звычайна кажуць: малады, ды ранні. А ў іх вундэркіндам завуць. Але гэты — вундэркінд асобага роду: ён — не матэматык, не музыкант, не шахматыст, не паліглот, а зусім нечакана — вундэркінд-палітык. Пакуль што малавопытны, бо малады: што думае, тое і гаворыць».

У асобе маладога-ранняга палітыка даследчыка насцярожвае тое, што ён як непатрэбшчыну адкідвае такія якасці, як «дабрата, шчырая сумленнасць, ласкавасць». С. Лаўшук пісаў, што «вобраз Сына — унікальная мастацкая з’ява ў беларускай драматургіі. Створаны ў тэхніцы “святла-ценю”, ён уражвае не толькі сваёй супярэчнасцю і парадаксальнасцю, але і маштабнасцю, якой няма ў большасці герояў-малалетак з сусветнай літаратуры, у тым ліку і ў прастадушна-праўдзівага хлапчука андэрсенаўскай казкі «Голы кароль», з якім ахвотна параўноўвалі яго многія даследчыкі».

 Малыш і яго сястра выхоўваюцца ў прыстойнай сям’і з матэрыяльным дастаткам. Тата працуе чыноўнікам у адной саліднай установе, Мама — выкладчыцай у каледжы. Але Сын заўважыў, што яны жывуць у свеце хлусні і падману, іх разважанні пра дабрачыннасць, высакароднасць не падмацоўваюцца рэальнымі ўчынкамі і паводзінамі. Малыш хоча перайначыць свет, бо яму не падабаецца, як жывуць яго «продкі». Толькі крэсла прэзідэнта можа даць вундэркінду такую магчымасць. I ён пачынае рыхтаваць сябе да гэтай адказнай пасады: штудзіруе кнігі па гісторыі, праве, уважліва сочыць за палітычнымі падзеямі, што адбываюцца ў свеце.

Здавалася б, неблагая мара, але насцярожвае тое, дзеля чаго Сын імкнецца да ўлады. У палеміцы з Мамай, якая бачыць сэнс жыцця ва ўменні «грошы рабіць», герой заўважае: «Улада даражэй за ўсякія грошы».

 За знешняй нязгодай з пануючай мараллю грамадства праяўляецца тонкі і цынічны разлік наваяўленага прэтэндэнта на прэзідэнцкае крэсла. З мноства прачытаных кніг ён цвёрда засвоіў, што для таго, каб апынуцца на вяршыні палітычнай піраміды, трэба з дзяцінства выхоўваць у сабе адпаведныя рысы: «Сучасны цэзар павінен умець быць абаяльным, каб выклікаць пачуцці прыязнасці ва ўсіх, хто хоць раз пабачыцца з ім. Павінен умець прыкідвацца праўдзівым, калі нахабна хлусіць, прыкідвацца чэсным, калі беспардонна ашуквае, шчырым, будучы фальшывым, цвёрдым і ўпэўненым, калі нават грызуць сумненні, прыкідвацца добрым і ласкавым, падпісваючы смяротны прыгавор».

Малады палітык прыходзіць да высновы, што для дасягнення мэты свайго жыцця яму трэба навучыцца майстэрству хлусіць, шантажыраваць, ашукваць, і імкнецца праверыць свае тэарэтычныя веды на практыцы. Лабараторыяй яго палітычных эксперыментаў становіцца сям’я. Улічваючы ўмоўнасць пабудовы сюжэта, А. Макаёнак прыадчыніў перад чытачом заслону ў будучыню: па паводзінах Малыша ў сям’і няцяжка ўявіць, што ён рабіў бы, каб быў кіраўніком дзяржавы.

Метады кіравання Сына, спосабы ўздзеяння на людзей носяць дыктатарскі, аўтарытарна-цынічны характар. Ён падслухоўвае размовы Мамы і Таты па тэлефоне, якія іх кампраметуюць, і шляхам шантажу патрабуе ад бацькоў матэрыяльнай кампенсацыі за захаванне тайны.

У фінале п’есы драматург вяртае свайго героя ў свет рэальнага жыцця. Сын перастае іграць ролю цэзара і зноў становіцца звычайным падлеткам. Ён пачынае разумець сапраўднуюсутнасць знешняй добрапрыстойнасцi блізкіх і папракае іх у крывадушнасці: «Вы вялікія. I ваша хлусня — аграмадная». Такім чынам, маскі скінуты, дарослым няма чаго сказаць у адказ свайму дзіцяці. Праўда згуртавала Тату, Маму і Дзеда супраць Малыша.

У шырокім сэнсе гэта трэба разумець як гатоўнасць кансерватыўных сіл грамадства да апошняга абараняць свае прынцыпы. Яны вымушаны прымяніць сілу і тым самым прызнаць сваё ідэйнае паражэнне, маральную нежыццяздольнасць. Для самога вундэркінда канфлікт з роднымі, а значыць і канфлікт з грамадствам, абярнуўся трагедыяй.

Яго вуснамі А. Макаёнак вымушаны быў канстатаваць сумную ісціну: «Пакуль ёсць праўда і крыўда, ёсць багатыя і бедныя, ёсць сытыя і галодныя... ёсць жандары і паэты, ёсць асуджаныя і ка´ты, да таго часу будуць зайздрасць, падман, грабеж, нянавісць, барацьба, каварства, кулакі, локці, зубы...» Аўтарскі песімізм навеяны тагачаснымі рэаліямі, але заключныя акорды п’есы даюць спадзяванне на лепшую будучыню чалавецтва.