§ 16. Развіццё гарадоў, рамёстваў, гандлю у сярэдзіне ХІІІ ст. – першай палове ХVI ст.

4. Пачатак фарміравання ўнутранага рынку

З развіццём гарадского рамяства і гандлю паступова пачалі складвацца перадумовы для фарміравання ўнутранага рынку: прадукцыя рамеснікаў, якая выраблялася ў пэўным горадзе, прапаноўвалася для абмену (на продаж).

Калі большасць рамеснікаў аднаго горада або мястэчка пачынала ствараць вырабы аднаго віду, можна было казаць аб спецыялізацыі рамеснай вытворчасці. На беларускіх землях спецыялізацыя рамяства ў гарадах пачала складвацца ў XIV—XV стст. Так, у Гародні пераважалі спецыялісты будаўнічых прафесій. Там было шмат камнячосаў, брукароў, кафельшчыкаў. Капыль славіўся вырабам адзення і ткацтвам. З XVІ ст. Магілёў стаў вядомы кушнерскім рамяством, Слуцк — гарбарным,  Дзісна — ганчарным, Менск  — апрацоўкай металаў.

Развіццё рачного гандлю прывяло да з’яўлення буйны́х рачных прычалаў у такіх гарадах, як Віцебск, Полацк (Заходняя Дзвіна), Пінск (Піна), Бабруйск (Бярэзіна). Сфарміраваліся цэнтры кірмашовага гандлю на важных сухапутных гандлёвых шляхах, напрыклад, Нясвіж, Новагародак, Орша, Шклоў, Капыль.