§ 16. Развіццё гарадоў, рамёстваў, гандлю у сярэдзіне ХІІІ ст. – першай палове ХVI ст.
2. Мястэчкі
У ХV ст. на беларускіх землях пачалі з’яўляцца паселішчы, якія займалі прамежкавае становішча паміж горадам і вёскай. Традыцыйна яны называліся мястэчкамі, або малымі гарадамі. Іх узнікненне было абумоўлена развіццём таварна-грашовых адносін і гандлю. Паступова сельскае насельніцтва стала ўцягвацца ў рыначнае абарачэнне, прадаваць прадукцыю, вырашчаную на палетках. Гэта прывяло да ўзнікнення таргоў. Прычым гандаль арганізоўваўся ў розных месцах: каля замкаў, храмаў, на перакрыжаваннях дарог, па берагах рэк, азёр, нават каля існуючых гарадоў. З такіх месцаў часта фарміравалася мястэчка.
Жыхары малых гарадоў, як і сяляне, займаліся сельскагаспадарчай працай. Але сярод іх нямала было рамеснікаў, гандляроў, трымальнікаў корчмаў, млыноў, бровараў, людзей, якія абслугоўвалі дарогі, феадальныя двары. У буйны́х мястэчках таксама існавалі юрыдыкі, а некаторыя з іх, напрыклад, Заслаўе, Лоск, Любча, былі значнымі цэнтрамі культурнага жыцця.
Невялікія мястэчкі ўяўлялі сабой адну вуліцу, частка якой часам адводзілася пад рынак. Буйны́я мястэчкі мелі рэгулярную забудову з сеткай вуліц, асобны рынак, пасады. Але ў большасці з іх адсутнічалі гарадскія ўмацаванні. Вучоныя прыйшлі да высновы, што найболей мястэчак утварылася ў Панямонні.