Лірыка Пімена Панчанкі

Верш «Крык сойкі»

Лірычная замалёўка «Крык сойкі» (1975) раскрывае адну з ключавых у творчасці Пімена Панчанкі праблем — узаемаадносіны чалавека і прыроды. У «навукова-тэхнічныя» 1970-я гады яшчэ больш адчувальным стаў адрыў чалавека ад прыроды, распачаты ў папярэднія дзесяцігоддзі. Гэты верш вылучае далікатнае, а не заваёўніцкае стаўленне да прыроды, гатоўнасць да дыялогу, пошук паразумення са светам дрэў і траў. У ім лаканічна выражаны роздум над месцам чалавека на зямлі.

Перакананне ў тым, што гарманічныя адносіны паміж людзьмі і наваколлем павінны быць адзіным арыенцірам для сучаснікаў, увасабляецца ў метафары «крык сойкі». Лірычны герой твора спрабуе зразумець птушку, якая, верагодна, крыкам заяўляе няпрошанаму госцю ўласныя правы як гаспадыні лесу, ахоўвае свае ўладанні.

Апошняя страфа цалкам складаецца з рытарычных пытанняў («Што ж ты крыкам мяне сустракаеш? // Мы маглі б падружыцца, бадай. // Ці то ворагаў многа маеш? // Ці то мне пагражае бяда?»). Яны скіроўваюць да думкі пра небяспеку, якая тоіцца ў парушэнні прыроднага суладдзя, магчымасці «рукатворных» экалагічных катастроф, выкліканых спажывецкімі адносінамі да навакольнага асяроддзя. Пра гэта прырода папярэджвае чалавека сама. Трэба толькі быць адкрытым і ўважлівым, каб пачуць яе крык.

Пімен Панчанка — паэт-грамадзянін, паэт-публіцыст, паэт-лірык. З кожным новым паваротам лёсу высвечваліся новыя грані яго таленту, узбагачалася тэматыка твораў. Пяру паэта падуладныя і тонкі пранікнёны лірызм, і гераічны пафас, і філасофскае разважанне. У другой палове ХХ стагоддзя яго паэзія расквітнела з новай сілай.

Літаратурныя сувязі. Ваенная тэма звязвае такія творы беларускай літаратуры, як верш Пімена Панчанкі «Герой», аповесць Васіля Быкава «Жураўліны крык», верш Анатоля Вярцінскага «Два полі». Экалагічная тэма, пазначаная ў «Крыку сойкі», раскрываецца ў іншым творы Пімена Панчанкі «Сармацкае кадзіла». Многія беларускія мастакі слова, падобна Пімену Панчанку ў вершы «Спарышы», паэтызуюць каханне. Гэта, вядома, Максім Багдановіч («Раманс», «Маладыя гады»), Пятрусь Броўка («Пахне чабор »), Аркадзь Куляшоў («Бывай…»), Яўгенія Янішчыц («Ты пакліч мяне. Пазаві...»).