Лірыка Пімена Панчанкі
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | Лірыка Пімена Панчанкі |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 9 Май 2025, 22:35 |
Верш «Герой»
Ваенную паэзію Пімена Панчанкі вызначае патрыятычны пафас: ён выяўляецца ў вершах-прызнаннях у любові знявечанаму ворагамі краю, у паэтычных малюнках разбураных гарадоў і вёсак, што кантрастуюць з успамінамі пра спакойнае мірнае жыццё. Праз асобныя фрагменты-замалёўкі ваеннай рэчаіснасці паўстае маштабная карціна народнай трагедыі і гераічнага змагання. Адзін з такіх эпізодаў занатаваны ў надзвычай моцным па сіле эмацыянальнага ўздзеяння вершы «Герой» (1943) — стрымана-лаканічным аповедзе пра подзвіг безыменнага пехацінца. Ён, як і мільёны такіх жа простых салдат, свядома ахвяраваў сваім жыццём у імя агульнай перамогі: «Злосна сказаў: “Уставай, пяхота! // Мы не на пляжы, а на вайне”. // І лёг на змяіныя скруткі дроту. // І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў // Прайшлі па яго спіне».
Верш складаецца ўсяго з трох строф, але і ў такім невялікім аб’ёме паэту ўдалося раскрыць жахлівую і непрыхарошаную праўду вайны.
У першай страфе ўзнаўляецца момант воінскага подзвігу, але ён апісваецца вельмі коратка і сцісла, без характэрных для твораў гераічнага зместу ўзвышана-ўсхваляваных інтанацый. Аўтар дасягае выбуховага лаканізму за кошт рэзкіх кантрастаў (поле бою — пляж) і яркіх параўнанняў (калючы дрот — змяіны скрутак), гаворыць пра выключнае і неверагоднае для сённяшніх чытачоў як пра звычайную паўсядзённасць. У пачатку другой страфы ў верш «прарываюцца» эмоцыі, чуюцца ноткі шкадавання («Не ён, а другія ішлі ў атаку»), але гэта шкадаванне хутчэй пра тое, што салдат не змог працягнуць бой, а не пра яго смерць. Франтавік Пімен Панчанка не дае волю пачуццям, а тут жа вяртаецца да рэалій бітвы, паказваючы такім чынам, наколькі моцна ў часы вайны мянялася шкала каштоўнасцей, калі цана кожнага заваяванага рубяжа аказвалася значна вышэйшай за цану чалавечага жыцця.
Уся горыч і непапраўнасць страты выяўляюцца ў трэцяй страфе. У ваеннай лірыцы Пімена Панчанкі важную мастацкую функцыю выконваюць пейзажныя замалёўкі. У вершы «Герой» менавіта яны дапамагаюць перадаць трагізм і гераізм сітуацыі, робяць непатрэбнымі аўтарскія тлумачэнні і ацэнкі: «А ён свае косці з іржавых калючак // Сваімі рукамі без стогну аддзёр, // Зваліўся на травы, і стала балюча // І травам, і росам, і ветрам гаючым, // Што прыляцелі з валдайскіх азёр». Падобная рамантычная вобразнасць побач з іншымі характарыстыкамі (гераічны змест, дынамічны, напружаны сюжэт) набліжаюць твор да жанру балады.
|
* Верш «Толькі лісцем рабін шалахні...»
Прачула-лірычная, спавядальная інтанацыя верша «Толькі лісцем рабін шалахні...» (1943) дазваляе перадаць пачуццё трапяткой любові да роднай зямлі. Твор народжаны краявідамі возера Ільмень, што ў Наўгародскай вобласці Расіі (там ваенным карэспандэнтам служыў Пімен Панчанка). Са сцюдзёных вод Ільмені лірычны герой марыць разам з зарой перанесціся на захад, у Беларусь — жывым або мёртвым: «Упaдy нa дoл нeжывым, — // Уcё poўнa i мёpтвы я // Бyдy cлyxaць гyл бapaвы, // Скpып гaлля пaд вaвёpкaмi. // А жывым дaплывy, жывым, // Нeпapaнeным, нeпaшкoджaным, — // Пa шляxax пaйдy бapaвыx, / Пa лyгax някoшaныx».
Вобраз рабіны выступае полюсам эмацыянальнай прывязанасці і сімвалізуе Радзіму. Стваральны пафас, надзея на аднаўленне спакойнага жыцця выяўлены ў заключных радках верша — у словах, якія не ачарсцвелі за гады вайны і якія лірычны герой марыць сказаць дарагім для яго мясцінам: «Я пaчyў, я пpыйшoў, бo любiў. // Быць тaбe cяpпoм, a мнe кoлacaм». У адным радку побач з вобразам сярпа, хоць і працоўнай, але зброі, узнікае вобраз коласа — сімвала жыцця, якое лірычны герой без ваганняў гатовы аддаць за Айчыну.
|
Патрыятычны пафас заключаецца ў сцішана-лірычным ключы, раскрываецца праз сакавітыя метафары і арыгінальныя пластычна-зрокавыя вобразы. У творы гарманічна паяднаны думка і пачуццё, змест і форма.
Верш «Спарышы»
Верш «Спарышы» (1954) пацвярджае ўменне Пімена Панчанкі кароткімі штрыхамі-дэталямі стварыць аб’ёмны, эпічна разгорнуты малюнак, расказаць складаную гісторыю чалавечых узаемаадносін.
У вершы «Спарышы» — гісторыя неўзаемнага кахання юнака да дзяўчыны. У апавядальна-размоўных інтанацыях паказваецца драма двух герояў, раскрываюцца прычыны іх горкіх расчараванняў: у хлопца — гэта вяселле каханай, у дзяўчыны — нешчаслівае, як аказалася пасля, замужжа.
Ключавой мастацкай дэталлю выступае вобраз спарышоў. Спарышамі беларусы называлі спараныя, двайныя прадметы — каласы, грыбы, арэхі. Паводле народных павер’яў, яны прыносілі шчасце іх уладальніку. З надзеяй на шчасце і ўзаемнасць герой твора «абшастаў ценісты арэшнік, // Змок увесь, але знайшоў, знайшоў — // <...> // Пару запаветных спарышоў». Каханая са смехам прыняла падарунак, аднак яго важнасць і значэнне зразумела толькі праз гады. Пры наступнай сустрэчы пасталелая, ужо з маршчынкамі ля вачэй, яна скардзіцца на свой лёс, на гультая і п’яніцу мужа, шкадуе, што некалі не заўважала сапраўды адданага ёй юнака.
З вобразам захаванага хлопцам арэха-спарыша звязана і надзея на магчымы працяг іх адносін: «Вось і ўся гісторыя... А можа, // Гэта толькі першая з дарог? // Нездарма яе так устрывожыў // Ціхі сказ хлапца: “А я збярог”». Такім чынам, Пімен Панчанка паўстае не толькі палымяным паэтам-грамадзянінам, але і тонкім лірыкам.
|
* Верш «Родная мова»
Заўсёды актуальная для беларускага грамадства і нацыянальнай літаратуры праблема захавання мовы па-новаму загучала ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. У гэты час у СССР быў узяты курс на русіфікацыю, што, згодна з уяўленнямі кіраўніка краіны Мікіты Хрушчова, павінна было наблізіць утапічную мару пра ўсеагульнае шчасце — паскорыць пабудову камунізму. На жаль, найбольш актыўна і паспяхова нацыянальная мова выцяснялася ў Беларусі. Верш «Родная мова» (1964) — балючы водгук Пімена Панчанкі на тагачасныя рэаліі, востры пратэст супраць іх.
Для лірычнага героя родная мова з’яўляецца натуральнай жыццёвай стыхіяй, «як раса, як сляза, як зара», яна неаддзельная ад прыроднага свету («ластавак шчабятання», «звону світальнага палескіх крыніц», «сіні чабору», «барваў зарніц»). У сітуацыі, калі вынішчэнне мовы паўстае як непазбежнае, ён прапануе пайсці на нявыгадны, але ўсё ж кампраміс: «Толькі месяцаў назвы пакіньце, // Назвы родныя роднай зямлі». У эпоху бяспамяцтва старажытныя назвы застануцца апошнімі знакамі беларускай самабытнасці: «Студзень — з казкамі снежных аблокаў, // Люты — шчодры на сіні мароз, // Сакавік — з сакатаннем і сокам // Непаўторных вясновых бяроз...»
Натуральнае патрабаванне чалавека-патрыёта ў вершы гучыць як балючая просьба пра апошнюю літасць: «Ці плачу я, ці пяю?.. // Восень. На вуліцы цёмна... // Пакіньце мне мову маю, // Пакіньце жыццё мне!» Але і ў гэтай першапачатковай канцоўцы твора савецкія цэнзары ўбачылі дзёрзкасць. Каб зменшыць катэгарычны тон, паэту прыйшлося замяніць фінал на больш «нейтральныя» і лірычныя радкі: «Ці плачу я, ці пяю, // Ці размаўляю з матуляю — // Песню сваю, мову сваю // Я да грудзей прытульваю».
Літаратурныя сувязі. У канцы 1980-х гадоў, праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля верша «Родная мова», у Пімена Панчанкі з’явіўся поўны расчаравання твор на тую ж тэму — «Развітанне»: Рoдны Янкa Кyпaлa, Верш меў вялікі рэзананс. Малады паэт Анатоль Сыс нават напісаў твор-адказ «Прачытаўшы верш Пімена Панчанкі “Развітанне”»: скрозь расстанне і скрозь змярканне Вы жывымі слязамі заплачаце, бо пад небам Сафіі Полацкай Потым Анатоль Сыс прасіў у класіка прабачэння за свой паэтычны водгук, а Пімен Панчанка прызнаўся, што пісаў «Развітанне» якраз з разлікам на тое, каб нехта запярэчыў. |
Верш «Той дзень прапаў і страчаны навекі...»
Верш «Той дзень прапаў і страчаны навекі...» (1973) з’яўляецца роздумам пра сэнс жыцця. Публіцыстычна завострана Пімен Панчанка ставіць пытанне аб прызначэнні чалавека і бачыць яго ў неабходнасці рабіць дабро: «Той дзень прапаў і страчаны навекі, // Калі ты не зрабіў таго, што мог; // Калі не паспрыяў ты чалавеку, // Няшчыры быў, зманіў, не дапамог».
Лірычны герой твора паўстае альтруістам і гуманістам, заклапочаным бядой і неабыякавым да несправядлівасці. У «напаміне пра будучыню», за якую кожны нясе асабістую адказнасць, прысутнічаюць і аголена дыдактычныя, маралізатарскія ноткі: «Не мы, жыццё табе даўгі заплаціць // За раўнадушша. // Вінаваты сам». Такая поліфанія настрояў арганічная для творчасці паэта. У вершы знайшлі ўвасабленне таксама іншыя рысы лірыкі Пімена Панчанкі, што ўтвараюць яго адметны стыль: спавядальны характар, адкрытасць, шчырасць лірычнага пачуцця ў спалучэнні з вострай палемічнасцю, бескампраміснасцю, нацэленасцю на злабадзённыя пытанні.
Аўтaлогія (ад грэч. autos — ‘сам’ і logos — ‘слова’) — выкарыстанне ў мастацкім творы слоў у іх прамым лексічным значэнні. |
Пімен Панчанка выкарыстаў багаты арсенал сродкаў мастацкага выяўлення. Мастацкі эфект ствараецца за кошт «спалучэння неспалучальнага»: напрыклад, бязвобразнага пісьма (аўталогіі) у першай страфе і шматлікіх метафар у наступных («Той дзень збяднеў, зліняў на сотню радуг // І, попелам пасыпаны, сканаў», «Той дзень, лічы, завянуў пустацветам»). Паступовае ўзмацненне эмоцый і адначасова рытмічная выразнасць верша дасягаюцца пры дапамозе анафары: чатыры з сямі строф пачынаюцца аднолькава.
Змена інтанацый у фінале — ад узрушанасці да сцішанай спавядальнасці — сведчыць пра разнастайнасць рытміка-інтанацыйнага малюнка і стварае непаўторную панчанкаўскую атмасферу.
Верш «Крык сойкі»
Лірычная замалёўка «Крык сойкі» (1975) раскрывае адну з ключавых у творчасці Пімена Панчанкі праблем — узаемаадносіны чалавека і прыроды. У «навукова-тэхнічныя» 1970-я гады яшчэ больш адчувальным стаў адрыў чалавека ад прыроды, распачаты ў папярэднія дзесяцігоддзі. Гэты верш вылучае далікатнае, а не заваёўніцкае стаўленне да прыроды, гатоўнасць да дыялогу, пошук паразумення са светам дрэў і траў. У ім лаканічна выражаны роздум над месцам чалавека на зямлі.
Перакананне ў тым, што гарманічныя адносіны паміж людзьмі і наваколлем павінны быць адзіным арыенцірам для сучаснікаў, увасабляецца ў метафары «крык сойкі». Лірычны герой твора спрабуе зразумець птушку, якая, верагодна, крыкам заяўляе няпрошанаму госцю ўласныя правы як гаспадыні лесу, ахоўвае свае ўладанні.
Апошняя страфа цалкам складаецца з рытарычных пытанняў («Што ж ты крыкам мяне сустракаеш? // Мы маглі б падружыцца, бадай. // Ці то ворагаў многа маеш? // Ці то мне пагражае бяда?»). Яны скіроўваюць да думкі пра небяспеку, якая тоіцца ў парушэнні прыроднага суладдзя, магчымасці «рукатворных» экалагічных катастроф, выкліканых спажывецкімі адносінамі да навакольнага асяроддзя. Пра гэта прырода папярэджвае чалавека сама. Трэба толькі быць адкрытым і ўважлівым, каб пачуць яе крык.
Пімен Панчанка — паэт-грамадзянін, паэт-публіцыст, паэт-лірык. З кожным новым паваротам лёсу высвечваліся новыя грані яго таленту, узбагачалася тэматыка твораў. Пяру паэта падуладныя і тонкі пранікнёны лірызм, і гераічны пафас, і філасофскае разважанне. У другой палове ХХ стагоддзя яго паэзія расквітнела з новай сілай.
|
* Верш «Мала сказаць: ненавiджу…»
Верш «Мала сказаць: ненавiджу…» (1976) раскрывае адну з творчых іпастасей сталага Пімена Панчанкі — паэт-змагар. Лірычны герой твора, вельмі блізкі асобе аўтара, бескампрамісны ў адносінах да чалавечых заган (крывадушнасці, хлусні, подласці, хамства, эгаізму). Проста даць ацэнку гэтым маральным хваробам для яго недастаткова: «Мала сказаць: ненавіджу, // Мала сказаць: прызнаю». Лірычны герой намераны «біцца за праўду», падобна салдату на вайне. Перадачы настрою садзейнічаюць лаканічнасць у словах, катэгарычнасць у меркаваннях, рэзкі «рублены» рытм: «Дрэннаму — не пакарыцца, // Добрае — не празяваць. // З дробнай хлуснёй не мірыцца, // З буйнай хлуснёй ваяваць».
Кальцавая кампазіцыя — паўтор радка «Нібы салдат у баю» ў першай і апошняй строфах — надае мастацкаму тэксту завершаны выгляд і выяўляе клопат аўтара пра дасканаласць паэтычнай формы.
Пытанні
1. На матэрыяле разгледжаных твораў акрэсліце праблемна-тэматычны дыяпазон паэзіі Пімена Панчанкі.
Якія з важных для пісьменніка праблем не страцілі актуальнасці і сёння?
2. Чаму верш «Герой» прынята лічыць баладай?
У чым заключаецца гераізм безыменнага салдата?
*2–1. Вызначце вядучыя інтанацыі верша «Толькі лісцем рабін шалахні...».
Расшыфруйце сімволіку вобразаў рабіны, зары, сярпа, коласа.
3. Падзяліце верш «Спарышы» на часткі.
Вызначце настрой кожнай з іх.
Якія словы ўказваюць на змену танальнасці твора?
Што выражаюць эпітэты?
4. Якія эмоцыі выклікаюць у вас героі верша «Спарышы»?
Ці магчыма падобная гісторыя ў нашы дні?
Прыдумайце яе фінал.
5. Як адбілася змена канцоўкі на вершы «Родная мова»?
Прыгадайце вершы іншых аўтараў з падобнай назвай.
*5–1. З якімі «ворагамі» вядзе змаганне лірычны герой верша Пімена Панчанкі «Мала сказаць: ненавiджу…»?
Знайдзіце ў інтэрнэце і паслухайце музычную інтэрпрэтацыю гэтага твора.
Ці ўдалося кампазітару адчуць і перадаць настрой тэксту?
6. Вызначце асноўную думку верша «Той дзень прапаў і страчаны навекі...». Наколькі вам блізкая жыццёвая пазіцыя аўтара? Прааналізуйце сродкі мастацкай выразнасці ў творы.
7. Растлумачце сэнс метафары «крык сойкі».
Якія праблемы раскрываюцца пры яе дапамозе?
8. Разгледзьце «Партрэт Пімена Панчанкі» Міхася Будавея.
Як выяўляецца вобраз пісьменніка праз мастацкія дэталі, фон?
9. Праслухайце верш Пімена Панчанкі (на выбар).
Ці згодны вы з такім прачытаннем твора?
Агучце свой варыянт.
Растлумачце, якія паўзы і акцэнты ў параўнанні з чытальнікамі вы зрабілі і чаму.
10. Вывучыце верш Пімена Панчанкі «Герой» на памяць.