* Здабыткі ў жанры паэмы. Максім Танк. Паэма «Люцыян Таполя»
Мастацкія вартасці паэмы «Люцыян Таполя»
Жанр паэмы ў розных суадносінах спалучае ў сабе лірычны і эпічны пачаткі. У творы Максіма Танка эпічны пачатак выходзіць на першы план: паэма мае разгорнуты сюжэт з усімі асноўнымі элементамі (экспазіцыя, завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя, развязка) і нагадвае эпічныя фальклорныя творы гістарычнай тэматыкі, у прыватнасці паданні і легенды.
Белы верш — від нерыфмаванага верша, у якім захоўваецца пэўны памер (белы ямб, белы анапест і інш.). |
Мінімізацыя лірычнага пачатку, а разам з ім і «ўмяшанне» аўтара ў сюжэт (што магчыма, напрыклад, праз лірычныя адступленні) ствараюць уражанне, быццам «Люцыян Таполя» не вынік творчай фантазіі Максіма Танка, а пераказ вядомай у народзе гісторыі. Гэтаму садзейнічае не толькі змест (гісторыя пра супрацьстаянне надзеленага незвычайнымі якасцямі героя і яго крыўдзіцеля), але і рытміка-інтанацыйны лад паэмы. Твор напісаны белым вершам, надзвычай прыдатным для перадачы жывой гаворкі, апавядальных інтанацый.
Задачу рытмічнай арганізацыі тэксту выконваюць сродкі паэтычнага сінтаксісу і папулярны ў фальклорных жанрах прыём паўтору. Ужыванне аднолькавых слоў у пачатку радкоў (анафара) садзейнічае эмацыянальнасці і выразнасці аповеду. Разам з рытарычнымі воклічамі і пытаннямі паўторы з’яўляюцца дзейснымі сродкамі паэтызацыі мовы твора, ствараюць узвышана-ўрачысты настрой, адпаведны зместу.
|
Падобна казачна-легендарнаму герою, Люцыян Таполя паўстае ў прыхарошаным выглядзе, яго лепшыя якасці ідэалізуюцца і гіпербалізуюцца. Гратэскава, падкрэслена непрывабнымі знешне і ўнутрана выпісаны ідэйныя праціўнікі майстра і беларускага народа: «Гэта — тыя, што хацелі знішчыць, // Пагасіць святло ў ягоным сэрцы. // З іх адны падобны да магнатаў, // Да сабак — да панскіх цівуноў, // А другія — да дзяцей Лайолы — // Хітрых езуітаў, // Да айца Сямашкі».
Стылізацыя пад фальклор дазволіла Максіму Танку ў алегарычнай форме выкрыць балючыя праблемы творцаў-сучаснікаў, выступіць супраць нівеліроўкі індывідуальнага і нацыянальнага ў мастацтве. «Дума неспакойная» Люцыяна Таполі — «пакінуць пакаленням // След жыцця свайго, // Сваіх пакут, // Сказ пра мары, // Пра свае імкненні…» — сугучная літаратурным спадзяванням самога аўтара.
У паэме «Люцыян Таполя» сцвярджаецца права мастака на свабоду самавыяўлення.
_______________________
1 Хіме́ра — дэманічная істота, якая адначасова мае рысы некалькіх фантастычных жывёл (напрыклад, змея, дракона, ільва, казла і інш.).