Печатать книгуПечатать книгу

* Здабыткі ў жанры паэмы. Максім Танк. Паэма «Люцыян Таполя»

1. Успомніце творы на тэму мастака і мастацтва, якія вывучаліся раней.
Паразважайце, чаму пісьменнікі не перастаюць звяртацца да гэтай тэмы. 

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас
Книга: * Здабыткі ў жанры паэмы. Максім Танк. Паэма «Люцыян Таполя»
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 20 Апрель 2025, 21:09

Здабыткі ў жанры паэмы

Таленавіты майстар, які стаў прататыпам Люцыяна Таполі, сапраўды некалі жыў на радзіме паэта.

Матэрыялы пра славутага вясковага разьбяра Максім Танк пачаў збіраць яшчэ да вайны.


У паэме «Люцыян Таполя» (1946) Максім Танк выказаў свой погляд на традыцыйную для беларускай і сусветнай літаратуры праблему мастака і мастацтва.

Разьбяр па дрэве Люцыян Таполя працягнуў галерэю вобразаў мастакоў, што былі створаны літаратурнымі папярэднікамі паэта — Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Змітраком Бядулем і інш. У Максіма Танка выдатны майстар стаў увасабленнем таленавітасці і нескаронасці народа, правадніком нацыянальнай культуры. Праблема творчай і грамадзянскай свабоды заўсёды прыцягвала ўвагу паэта — былога лідара вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Не страціла яна сваёй вастрыні і пасля ўз’яднання дзвюх частак Беларусі.

З успамінаў. У дзённіку за 1946 год Максім Танк згадваў «разносы» яго твораў тагачаснымі крытыкамі, пісаў пра вымушаную неабходнасць дадаваць «нешта жалезабетоннае, больш ідэйнае» да кожнай новай лірычнай падборкі, каб засцерагчыся ад нападкаў.

Атмасфера ў савецкай краіне другой паловы 1940-х — сярэдзіны 1950-х гадоў была не надта спрыяльнай для мастацкіх пошукаў і эксперыментаў. Літаратура краіны развівалася ў рэчышчы адзінага метаду — сацыялістычнага рэалізму, непарыўна звязанага з ідэалогіяй і прапагандай, прызначаных для ідэалізацыі і ўслаўлення пануючай сістэмы. На такім сацыяльна-гістарычным фоне паэма Максіма Танка, прысвечаная падзеям мінулага, вылучалася высокай паэтычнай культурай.

У творы няма канкрэтнай часавай прывязкі, аднак можна вызначыць, што гаворка ідзе пра першую палову ХІХ стагоддзя. Падставу для гэтага дае біяграфія святара Іосіфа Сямашкі, найбольш верагоднага прататыпа аднаго з персанажаў. Сямашка — рэальная гістарычная асоба — прайшоў неадназначны жыццёвы шлях: уніяцкі біскуп змяніў сваю веру на праваслаўе; пасля вынішчаў у храмах арганы, паліў унікальныя старадрукі, насаджаў царкоўнаславянскую мову як адзіна магчымую мову богаслужэння, чым нанёс непапраўную шкоду беларускай культуры. Падобная дзейнасць рэлігійнага дзеяча дала Максіму Танку падставы для стварэння вобраза біскупа, негатыўна настроенага да ўсяго, што не ўкладваецца ў строгія рамкі ўніфікаванай рэлігійнай схемы-канона, індывідуальна і нацыянальна адметнага.

Антыпод —
герой літаратурнага твора, які супрацьпастаўляецца іншаму герою па поглядах, перакананнях, густах, паводзінах. Напрыклад, антыподам Макаркавых Волькі з апавядання Кузьмы Чорнага з’яўляецца Сафрон Дзядзюля, Люцыяна Таполі з паэмы Максіма Танка — біскуп Сямашка.

Невыпадкова менавіта такому персанажу супрацьстаіць лепшы прадстаўнік народнага мастацтва — Люцыян Таполя. Згодна з традыцыяй беларускай літаратуры, ён паказваецца асобай неардынарнай, выключнасць якой выяўляецца ў процідзеянні персанажу-антыподу — біскупу, надзеленаму неабмежаванай уладай.

Услед за мастакамі эпохі Адраджэння Люцыян Таполя (Багароб) надаваў біблейскім вобразам «апосталаў, прарокаў» аблічча звычайных зямных людзей, падобных «да сялян смаргонскіх, // Да вілейскіх лесарубаў, рыбакоў». Гімнам няспраўджанаму каханню і няздзейсненай мары пра ўласную сям’ю стала батлеечная прасвятая, рысы якой разьбяр спісаў з вясковай прыгажуні Тэклі. Пазнавальныя і дасканалыя персанажы яго батлейкі вы́клікалі захапленне і радасць простых людзей, але абурылі і разгневалі Сямашку.

У жыццепадобнасці вырабаў Люцыяна Таполі біскуп убачыў не вялікі талент іх стваральніка, а злачынства — і вельмі строга пакараў Багароба: загадаў знішчыць вынік натхнёнай і карпатлівай працы (батлейку) і доўгае дзесяцігоддзе не брацца за інструменты. Для Таполі гэта аказалася раўназначным страце сэнсу існавання і духоўнай смерці. Біскупава вета, гады бадзянняў, пакут ад бяздзеяння і творчай нерэалізаванасці наклалі цяжкі адбітак на знешнасць разьбяра, але не зламалі і не скарылі яго. Справай гонару для яго стала помста: майстар аздобіў храм хімерамі і пачварамі, што лезуць «па душу, па думку чалавека», надта падобнымі на крыўдзіцеляў народа. Пазнаў сябе сярод сіл цемры і асабісты вораг разьбяра. Гэтым смелым рашэннем, як і ўвекавечаным у камені подпісам «Люцыян Таполя», аўтар «пякельнага карагода» заявіў сваё права на творчую свабоду, чым нанёс дагматыку Сямашку смяротны ўдар.

Герой Максіма Танка тыпалагічна блізкі да Гусляра з паэмы Янкі Купалы «Курган». Словы купалаўскага персанажа «Гуслям, княжа, не пішуць законаў» актуальныя і ў дачыненні да жыццёва-творчай пазіцыі Люцыяна Таполі. Абодва яны збліжаюцца ў імкненні служыць народу, а не гаспадару, у жаданні адстойваць сваё бачанне творчасці, здольнасці да супраціўлення.

 Літаратурныя сувязі. Тэма мастака і мастацтва яднае гэты ліра-эпічны твор Максіма Танка з апавяданнямі «Музы́ка» Максіма Багдановіча і «Бондар» Змітрака Бядулі, паэмамі «Курган» Янкі Купалы і «Сымон-музыка» Якуба Коласа.

Мастацкія вартасці паэмы «Люцыян Таполя»

Жанр паэмы ў розных суадносінах спалучае ў сабе лірычны і эпічны пачаткі. У творы Максіма Танка эпічны пачатак выходзіць на першы план: паэма мае разгорнуты сюжэт з усімі асноўнымі элементамі (экспазіцыя, завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя, развязка) і нагадвае эпічныя фальклорныя творы гістарычнай тэматыкі, у прыватнасці паданні і легенды.

Белы верш —
від нерыфмаванага верша, у якім захоўваецца пэўны памер (белы ямб, белы анапест і інш.)
.

Мінімізацыя лірычнага пачатку, а разам з ім і «ўмяшанне» аўтара ў сюжэт (што магчыма, напрыклад, праз лірычныя адступленні) ствараюць уражанне, быццам «Люцыян Таполя» не вынік творчай фантазіі Максіма Танка, а пераказ вядомай у народзе гісторыі. Гэтаму садзейнічае не толькі змест (гісторыя пра супрацьстаянне надзеленага незвычайнымі якасцямі героя і яго крыўдзіцеля), але і рытміка-інтанацыйны лад паэмы. Твор напісаны белым вершам, надзвычай прыдатным для перадачы жывой гаворкі, апавядальных інтанацый.

Задачу рытмічнай арганізацыі тэксту выконваюць сродкі паэтычнага сінтаксісу і папулярны ў фальклорных жанрах прыём паўтору. Ужыванне аднолькавых слоў у пачатку радкоў (анафара) садзейнічае эмацыянальнасці і выразнасці аповеду. Разам з рытарычнымі воклічамі і пытаннямі паўторы з’яўляюцца дзейснымі сродкамі паэтызацыі мовы твора, ствараюць узвышана-ўрачысты настрой, адпаведны зместу.

Паўторы надаюць вершаванай мове асаблівую экспрэсію, узвышаюць тон, запавольваюць тэмп выказвання, робяць яго велічна-спакойным (Паводле Вячаслава Рагойшы).

Падобна казачна-легендарнаму герою, Люцыян Таполя паўстае ў прыхарошаным выглядзе, яго лепшыя якасці ідэалізуюцца і гіпербалізуюцца. Гратэскава, падкрэслена непрывабнымі знешне і ўнутрана выпісаны ідэйныя праціўнікі майстра і беларускага народа: «Гэта — тыя, што хацелі знішчыць, // Пагасіць святло ў ягоным сэрцы. // З іх адны падобны да магнатаў, // Да сабак — да панскіх цівуноў, // А другія — да дзяцей Лайолы — // Хітрых езуітаў, // Да айца Сямашкі».

Стылізацыя пад фальклор дазволіла Максіму Танку ў алегарычнай форме выкрыць балючыя праблемы творцаў-сучаснікаў, выступіць супраць нівеліроўкі індывідуальнага і нацыянальнага ў мастацтве. «Дума неспакойная» Люцыяна Таполі — «пакінуць пакаленням // След жыцця свайго, // Сваіх пакут, // Сказ пра мары, // Пра свае імкненні…» — сугучная літаратурным спадзяванням самога аўтара.

У паэме «Люцыян Таполя» сцвярджаецца права мастака на свабоду самавыяўлення.

_______________________
1 Хіме́ра — дэманічная істота, якая адначасова мае рысы некалькіх фантастычных жывёл (напрыклад, змея, дракона, ільва, казла і інш.).

Пытанні

1. Па якіх прычынах першае пасляваеннае дзесяцігоддзе нельга назваць спрыяльным для творчасці?
Чаму паэма на тэму мінулага выглядала надзённай у сярэдзіне 1940-х гадоў? 
2. Запоўніце «анкету» Люцыяна Таполі:
   а) біяграфія;
   б) знешнасць і рысы характару;
   в) мастацкія прынцыпы;
   г) узаемаадносіны з народам. 
3. Коратка ахарактарызуйце герояў твораў, названых у рубрыцы «Літаратурныя сувязі».
Хто з іх больш падобны да Люцыяна Таполі?
Які з мастакоў вам бліжэйшы паводле поглядаў і чаму?
4. Правядзіце міні-даследаванне «Біскуп Сямашка: гістарычная праўда і мастацкі вымысел».
Чаму супадзенне прозвішча героя паэмы і рэальнага святара невыпадковае? 
5. Разгледзьце фотаздымак скульптуры на саборы Парыжскай Божай Маці.
Знайдзіце ў інтэрнэце, з якой мэтай еўрапейскія храмы аздабляліся пачварамі.
Паразважайце, чаму біскуп Сямашка так рэзка паставіўся да традыцыйнай практыкі афармлення рэлігійных пабудоў. 
6. Дакажыце, што ў паэме «Люцыян Таполя» пераважае эпічны пачатак: вызначце фрагменты, якія суадносяцца з асноўнымі элементамі сюжэта.
7. У чым падабенства паэмы Максіма Танка з фальклорнымі творамі?
Якая мэта стылізацыі твора пад фальклор?
8. На прыкладах з паэмы «Люцыян Таполя»  пакажыце розніцу паміж гіпербалай і гратэскам.
У чым заключаюцца іх мастацкія функцыі? 
9. Знайдзіце матэрыял пра новыя віды мастацтва (пескаграфія, ледзяная скульптура, фотарэалізм, малюнкі ценем, святлом і інш.).
Наколькі актуальная сёння праблема ўзаемадачынення мастака і мастацтва? 
10. Падрыхтуйце сучасную празаічную версію паэмы Максіма Танка, захоўваючы сюжэтныя павароты арыгінала.
Прыдумайце назву для вашай інтэрпрэтацыі.
Параўнайце трапнасць падбору слоў у вашым творы і ў арыгінале.