* Пятрусь Броўка. Паэма «Голас сэрца»
Паэма «Голас сэрца»
|
Паэма «Голас сэрца» (1960) прысвечана памяці маці Петруся Броўкі, знішчанай у Асвенціме. Наведванне ў 1947 годзе лагера смерці пакінула ў душы пісьменніка цяжкі след. З часам боль асірацелага сына не сцішваўся, а наадварот, патрабаваў увасаблення ў мастацкім слове: «Думаў я, пройдуць зімы і вёсны, // Сціхне ў грудзях маіх боль невыносны, // Сэрца забудзе часіну цяжкую... // Боль не сціхае. Маўчаць не магу я!». Так узнікла паэма-маналог, у якой голас збалелага сэрца, асэнсаванне асабістай трагедыі ператвараюцца ў важкі і ўсхваляваны голас за мір ва ўсім све
Рэквіем — твор, у якім паэтычна апяваюцца чалавечыя ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных супрацьстаяць злу; у ім спалучаюцца лірычна-прачула-журботны (або трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі (Паводле Аляксея Пяткевіча). |
Цэнтральны ў паэме вобраз маці-паланянкі, які ствараецца праз уяўленне і ўспаміны сына. Матывы сыноўняга болю і бяды вызначаюць агульную танальнасць твора. Пятрусь Броўка з кінематаграфічнай дакладнасцю ўзнавіў карціны ўбачанага ў Асвенціме. У іх саміх па сабе закладзены вялікі патэнцыял эмацыянальнага ўздзеяння: баракі з ледзянымі шыбамі, мулкія нары, чорныя коміны, горы валасоў, састрыжаных з вязняў... Паэт настолькі пранікся жудаснай атмасферай лагера смерці, што, здаецца, пераносіўся ў мінулае і разам з маці праходзіў яе апошні шлях: бачыў матулю «ціхай, знявечанай і ледзяною» тады, калі ёй галілі галаву, выводзілі босай на прамерзлы пляц, закоўвалі рукі ў наручнікі; назіраў за ка́тамі і іх прыспешнікамі. Паглыбленне ў страшную рэальнасць дазваляла праўдзіва перадаць найвышэйшую ступень эмацыянальна-псіхалагічнага напружання чалавека, які апынуўся на месцы знішчэння мільёнаў мірных людзей («Маці, адна ты, а вас жа мільёны»). Балючы маналог сына, такім чынам, гучыць рэквіемам па ўсіх ахвярах вайны.
|
«Поўнымі гора, пакуты вачыма» сын кліча самага дарагога чалавека ў наваколлях Асвенціма, але ў адказ даносіцца толькі завыванне ветру. І ўсё ж ён адчувае прысутнасць матулі — у прыродных з’явах, асацыятыўна суадносных з плачам: у пылінцы, «на якую азваўся слязою», у кветцы, што «слязой налілася».
Лірычны герой (тут ён амаль тоесны біяграфічнай асобе аўтара, бо праз яго раскрываецца рэальная драма Петруся Броўкі) неаднойчы звяртаецца да прыроды. Напрыклад, выкарыстоўвае фальклорна-песенны прыём увасаблення і «ачалавечвае» бэзавы куст, некалі пасаджаны маці каля роднай хаты: «Мне бэзавы куст як быццам гаворыць, // Як ты тут жыла у бядоце, у горы, // Як на світанні уранку ўставала, // На ўсход паглядала, нас ты чакала, // А мы былі дзесьці ў полымі бою. // Ты ж заставалася ў хаце адною». На расліну пераносіцца нявыказанае пачуццё любові і пяшчоты, чым падкрэсліваюцца адзінота і непазбыўны боль асірацелага сына.
Маці паказваецца не толькі ў зняволенні, але і ў даваенных паўсядзённых рэаліях, вясковай працы, шчыраванні на карысць дзяцей і сям’і. Са слоў былога партызана Ісая ў сына складваецца ўяўленне пра яе жыццё пад акупацыяй і дапамогу партызанам. Гэта дае падставы высока ацаніць уклад матулі і іншых простых беларускіх жанчын у агульную перамогу над ворагам, выказаць ідэю ўсенароднага змагання і супраціўлення захопнікам.