* Пятрусь Броўка. Паэма «Голас сэрца»
![]() |
1. Прыгадайце старонкі біяграфіі Петруся Броўкі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Якім пафасам прасякнуты творы паэта гэтага перыяду? |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | * Пятрусь Броўка. Паэма «Голас сэрца» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Воскресенье, 20 Апрель 2025, 23:31 |
Паэма «Голас сэрца»
|
Паэма «Голас сэрца» (1960) прысвечана памяці маці Петруся Броўкі, знішчанай у Асвенціме. Наведванне ў 1947 годзе лагера смерці пакінула ў душы пісьменніка цяжкі след. З часам боль асірацелага сына не сцішваўся, а наадварот, патрабаваў увасаблення ў мастацкім слове: «Думаў я, пройдуць зімы і вёсны, // Сціхне ў грудзях маіх боль невыносны, // Сэрца забудзе часіну цяжкую... // Боль не сціхае. Маўчаць не магу я!». Так узнікла паэма-маналог, у якой голас збалелага сэрца, асэнсаванне асабістай трагедыі ператвараюцца ў важкі і ўсхваляваны голас за мір ва ўсім све
Рэквіем — твор, у якім паэтычна апяваюцца чалавечыя ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных супрацьстаяць злу; у ім спалучаюцца лірычна-прачула-журботны (або трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі (Паводле Аляксея Пяткевіча). |
Цэнтральны ў паэме вобраз маці-паланянкі, які ствараецца праз уяўленне і ўспаміны сына. Матывы сыноўняга болю і бяды вызначаюць агульную танальнасць твора. Пятрусь Броўка з кінематаграфічнай дакладнасцю ўзнавіў карціны ўбачанага ў Асвенціме. У іх саміх па сабе закладзены вялікі патэнцыял эмацыянальнага ўздзеяння: баракі з ледзянымі шыбамі, мулкія нары, чорныя коміны, горы валасоў, састрыжаных з вязняў... Паэт настолькі пранікся жудаснай атмасферай лагера смерці, што, здаецца, пераносіўся ў мінулае і разам з маці праходзіў яе апошні шлях: бачыў матулю «ціхай, знявечанай і ледзяною» тады, калі ёй галілі галаву, выводзілі босай на прамерзлы пляц, закоўвалі рукі ў наручнікі; назіраў за ка́тамі і іх прыспешнікамі. Паглыбленне ў страшную рэальнасць дазваляла праўдзіва перадаць найвышэйшую ступень эмацыянальна-псіхалагічнага напружання чалавека, які апынуўся на месцы знішчэння мільёнаў мірных людзей («Маці, адна ты, а вас жа мільёны»). Балючы маналог сына, такім чынам, гучыць рэквіемам па ўсіх ахвярах вайны.
|
«Поўнымі гора, пакуты вачыма» сын кліча самага дарагога чалавека ў наваколлях Асвенціма, але ў адказ даносіцца толькі завыванне ветру. І ўсё ж ён адчувае прысутнасць матулі — у прыродных з’явах, асацыятыўна суадносных з плачам: у пылінцы, «на якую азваўся слязою», у кветцы, што «слязой налілася».
Лірычны герой (тут ён амаль тоесны біяграфічнай асобе аўтара, бо праз яго раскрываецца рэальная драма Петруся Броўкі) неаднойчы звяртаецца да прыроды. Напрыклад, выкарыстоўвае фальклорна-песенны прыём увасаблення і «ачалавечвае» бэзавы куст, некалі пасаджаны маці каля роднай хаты: «Мне бэзавы куст як быццам гаворыць, // Як ты тут жыла у бядоце, у горы, // Як на світанні уранку ўставала, // На ўсход паглядала, нас ты чакала, // А мы былі дзесьці ў полымі бою. // Ты ж заставалася ў хаце адною». На расліну пераносіцца нявыказанае пачуццё любові і пяшчоты, чым падкрэсліваюцца адзінота і непазбыўны боль асірацелага сына.
Маці паказваецца не толькі ў зняволенні, але і ў даваенных паўсядзённых рэаліях, вясковай працы, шчыраванні на карысць дзяцей і сям’і. Са слоў былога партызана Ісая ў сына складваецца ўяўленне пра яе жыццё пад акупацыяй і дапамогу партызанам. Гэта дае падставы высока ацаніць уклад матулі і іншых простых беларускіх жанчын у агульную перамогу над ворагам, выказаць ідэю ўсенароднага змагання і супраціўлення захопнікам.
«Голас сэрца» як лірычная паэма
Паэмны жанр арганічна спалучае ў сабе адзнакі лірыкі і эпасу, аднак іх суадносіны могуць быць рознымі. «Голас сэрца» адпавядае асноўным характарыстыкам лірычнай паэмы. Напісаны ў форме маналога-споведзі, твор раскрывае розныя адценні перажыванняў лірычнага героя, увасабляючы агульную для канца 1950—1960-х гадоў тэндэнцыю да лірызацыі, узмацнення суб’ектыўна-лірычнага пачатку. У адрозненне ад паэм з перавагай эпасу, падобныя творы не маюць выяўленага сюжэта, а грунтуюцца найперш на ракрыцці складанага спектра лірычных перажыванняў, асобныя фрагменты аб’ядноўваюцца на аснове асацыятыўнай сувязі, а не па прынцыпе лагічнай паслядоўнасці. Падобная мастацкая арганізацыя тэксту характэрна для створаных у гэты перыяд паэм «Маналог» Аркадзя Куляшова, «Блакада» Рыгора Барадуліна і іншых, што ў фармальных адносінах бліжэй да цыклаў вершаў, злучаных вобразам лірычнага героя і праблемна-тэматычным адзінствам.
Адсутнасць скразнога сюжэта ў «Голасе сэрца» Петруся Броўкі становіцца фонам для перадачы «падзей» у душы лірычнага героя, дазваляе спалучаць розныя часавыя пласты, неаднолькавыя па сваім настроі адрэзкі тэксту, вяртацца да раней сказанага з мэтай акцэнтаваць увагу чытача на самым важным.
Лейтматыў — мacтaцкi вoбpaз (дэтaль, дyмкa), штo пpaxoдзiць пpaз yвecь мacтaцкi тэкст, шэpaг лiтapaтypныx твopaў або нaвaт пpaз ycю твopчacць пicьмeннiкa. |
Твор складаецца з чатырох частак, кожная з якіх прысвечана асобнай тэме, мае свой адметны настрой і раскрывае розныя грані душэўных перажыванняў лірычнага героя. Лейтматывам, што яднае фрагменты ў адзінае мастацкае цэлае, выступае памяць пра маці. У першай частцы ўзноўлены эмоцыі, якія перапаўнялі сына ў момант знаходжання «між дратоў Асвянціма». З першых радкоў паўстае вобраз маці-паланянкі, створаны пры дапамозе прачула-лірычных і трагедыйных інтанацый.
Другая частка поліфанічная па гучанні: трагедыйнасць то саступае месца сцішанаму лірызму, калі ўзгадваецца жывая маці за штодзённай працай, то выцясняецца патрыятычна-ўзрушанымі нотамі, калі гаворка ідзе пра матуліну дапамогу партызанам, то змяняецца публіцыстычнай ідэйна-эмацыянальнай накіраванасцю ў развагах пра пагрозу новай вайны і з’яўлення паслядоўнікаў фюрэра.
У трэцяй частцы публіцыстычна-выкрывальны пафас выступае на першы план: у паэме ўзнікае стэрэатыпны для часоў халоднай вайны вобраз заакіянскага ворага, для якога галоўная каштоўнасць — «грошы і зброя».
|
У перыяд напісання паэмы адносіны паміж дзвюма звышдзяржавамі — СССР і ЗША — былі вельмі напружанымі, і пагроза новай сусветнай вайны здавалася рэальнай. На думку савецкіх людзей, і Петруся Броўкі ў тым ліку, усясветнае зло мела карані ў амерыканскай сталіцы. У паэме малюецца ўрбаністычны пейзаж Вашынгтона: ад помніка Лінкальну аўтарскі позірк сягае да штаб-кватэры Міністэрства абароны ЗША Пентагона і далей — да Арлінгтона, дзе знаходзяцца вайсковыя могілкі. Гэтыя назвы ўвасабляюць у паэме вайну і смерць.
Пятрусь Броўка не пазбегнуў рэзкіх абвінавачванняў у адрас амерыканцаў, як і не абышоўся без ідэалізацыі савецкага ладу жыцця ў чацвёртай частцы. Пры гэтым вернасць тагачасным ідэалагічным устаноўкам не перашкодзіла паэту палымяна, пераканаўча, публіцыстычна завострана выказаць ідэю захавання міру, клопат пра абяздоленых і пакрыўджаных. Выразны антываенны і гуманістычны пафас твора засноўваецца не толькі на роздумах над асабістым болем, але і на аналізе глабальных праблем сучаснага паэту жыцця.
У паэме спалучаюцца лірычны і публіцыстычны пачаткі: моцны лірычны струмень, звязаны з вобразам маці, засцерагае паэму ад дэкларатыўнасці і лозунгавасці, уласцівых апошнім часткам. У заключным раздзеле паэт зноў звярнуўся да самага роднага чалавека з рытарычнымі воклічамі. Паўтарэнне ў фінале фразы «Маці! Адна ты, адна між мільёнаў», якая ў крыху змененым выглядзе ўжывалася ў самым пачатку і ў другой частцы, стварае своеасаблівы кампазіцыйны каркас, садзейнічае змястоўнай цэласнасці і фармальнай завершанасці твора. Адчуванне страты выходзіць далёка за межы сыноўняй, пашыраецца да страты агульнанароднай і агульначалавечай. Трагедыя сына абвастрае пачуцці паэта, грамадзяніна, чалавека, асабістае непарыўна спалучаецца з агульназначным.
Пытанні
![]() |
1. Падбярыце словы для апісання эмацыянальнага стану Петруся Броўкі ў час наведвання Асвенціма. Чым ён быў выкліканы? |
2. У якіх рэаліях паказваецца маці лірычнага героя? Якія мастацкія сродкі і прыёмы выкарыстаны пры стварэнні вобраза маці? Вызначце іх функцыю. |
|
![]() |
3. Знайдзіце ў архіве сайта газеты «Звязда» (27 студзеня 2017 года) матэрыял Анатоля Клешчука «Ніна Волах: “Упэўнена, ад смерці мяне выратавала маці Петруся Броўкі”». На аснове гэтага тэксту і паэмы зрабіце рэканструкцыю апошніх дзён Алены Сцяпанаўны Броўкі. |
![]() |
4. Знайдзіце ў інтэрнэце электронныя копіі карцін беларускага мастака Міхаіла Савіцкага з серыі «Лічбы на сэрцы». Якое ўздзеянне яны аказваюць на гледача? Што яднае іх з паэмай Петруся Броўкі? |
5. Чаму «Голас сэрца» можна назваць рэквіемам? Што яднае «Рэквіем па кожным чацвёртым» Анатоля Вярцінскага і паэму Петруся Броўкі? |
|
6. Якія мікратэмы разглядаюцца ў кожнай з частак паэмы? Якім чынам часткі аб’яднаны ў адзінае мастацкае цэлае? |
|
7. Дакажыце, што «Голас сэрца» — лірычная паэма. Па якіх законах пабудаваны твор? |
|
![]() |
8. Вызначце ролю публіцыстычнага пачатку ў паэме «Голас сэрца». Да чаго заклікае аўтар? Якія з яго ідэй актуальныя сёння? |
9. Абгрунтуйце выбар назвы. Наколькі ўдала, на ваш погляд, яна выяўляе ідэйны змест паэмы? Прыдумайце альтэрнатыўную назву, якая адпавядала б ідэі твора. |