* Здабыткі ў жанры паэмы. Максім Танк. Паэма «Люцыян Таполя»

Здабыткі ў жанры паэмы

Таленавіты майстар, які стаў прататыпам Люцыяна Таполі, сапраўды некалі жыў на радзіме паэта.

Матэрыялы пра славутага вясковага разьбяра Максім Танк пачаў збіраць яшчэ да вайны.


У паэме «Люцыян Таполя» (1946) Максім Танк выказаў свой погляд на традыцыйную для беларускай і сусветнай літаратуры праблему мастака і мастацтва.

Разьбяр па дрэве Люцыян Таполя працягнуў галерэю вобразаў мастакоў, што былі створаны літаратурнымі папярэднікамі паэта — Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Змітраком Бядулем і інш. У Максіма Танка выдатны майстар стаў увасабленнем таленавітасці і нескаронасці народа, правадніком нацыянальнай культуры. Праблема творчай і грамадзянскай свабоды заўсёды прыцягвала ўвагу паэта — былога лідара вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Не страціла яна сваёй вастрыні і пасля ўз’яднання дзвюх частак Беларусі.

З успамінаў. У дзённіку за 1946 год Максім Танк згадваў «разносы» яго твораў тагачаснымі крытыкамі, пісаў пра вымушаную неабходнасць дадаваць «нешта жалезабетоннае, больш ідэйнае» да кожнай новай лірычнай падборкі, каб засцерагчыся ад нападкаў.

Атмасфера ў савецкай краіне другой паловы 1940-х — сярэдзіны 1950-х гадоў была не надта спрыяльнай для мастацкіх пошукаў і эксперыментаў. Літаратура краіны развівалася ў рэчышчы адзінага метаду — сацыялістычнага рэалізму, непарыўна звязанага з ідэалогіяй і прапагандай, прызначаных для ідэалізацыі і ўслаўлення пануючай сістэмы. На такім сацыяльна-гістарычным фоне паэма Максіма Танка, прысвечаная падзеям мінулага, вылучалася высокай паэтычнай культурай.

У творы няма канкрэтнай часавай прывязкі, аднак можна вызначыць, што гаворка ідзе пра першую палову ХІХ стагоддзя. Падставу для гэтага дае біяграфія святара Іосіфа Сямашкі, найбольш верагоднага прататыпа аднаго з персанажаў. Сямашка — рэальная гістарычная асоба — прайшоў неадназначны жыццёвы шлях: уніяцкі біскуп змяніў сваю веру на праваслаўе; пасля вынішчаў у храмах арганы, паліў унікальныя старадрукі, насаджаў царкоўнаславянскую мову як адзіна магчымую мову богаслужэння, чым нанёс непапраўную шкоду беларускай культуры. Падобная дзейнасць рэлігійнага дзеяча дала Максіму Танку падставы для стварэння вобраза біскупа, негатыўна настроенага да ўсяго, што не ўкладваецца ў строгія рамкі ўніфікаванай рэлігійнай схемы-канона, індывідуальна і нацыянальна адметнага.

Антыпод —
герой літаратурнага твора, які супрацьпастаўляецца іншаму герою па поглядах, перакананнях, густах, паводзінах. Напрыклад, антыподам Макаркавых Волькі з апавядання Кузьмы Чорнага з’яўляецца Сафрон Дзядзюля, Люцыяна Таполі з паэмы Максіма Танка — біскуп Сямашка.

Невыпадкова менавіта такому персанажу супрацьстаіць лепшы прадстаўнік народнага мастацтва — Люцыян Таполя. Згодна з традыцыяй беларускай літаратуры, ён паказваецца асобай неардынарнай, выключнасць якой выяўляецца ў процідзеянні персанажу-антыподу — біскупу, надзеленаму неабмежаванай уладай.

Услед за мастакамі эпохі Адраджэння Люцыян Таполя (Багароб) надаваў біблейскім вобразам «апосталаў, прарокаў» аблічча звычайных зямных людзей, падобных «да сялян смаргонскіх, // Да вілейскіх лесарубаў, рыбакоў». Гімнам няспраўджанаму каханню і няздзейсненай мары пра ўласную сям’ю стала батлеечная прасвятая, рысы якой разьбяр спісаў з вясковай прыгажуні Тэклі. Пазнавальныя і дасканалыя персанажы яго батлейкі вы́клікалі захапленне і радасць простых людзей, але абурылі і разгневалі Сямашку.

У жыццепадобнасці вырабаў Люцыяна Таполі біскуп убачыў не вялікі талент іх стваральніка, а злачынства — і вельмі строга пакараў Багароба: загадаў знішчыць вынік натхнёнай і карпатлівай працы (батлейку) і доўгае дзесяцігоддзе не брацца за інструменты. Для Таполі гэта аказалася раўназначным страце сэнсу існавання і духоўнай смерці. Біскупава вета, гады бадзянняў, пакут ад бяздзеяння і творчай нерэалізаванасці наклалі цяжкі адбітак на знешнасць разьбяра, але не зламалі і не скарылі яго. Справай гонару для яго стала помста: майстар аздобіў храм хімерамі і пачварамі, што лезуць «па душу, па думку чалавека», надта падобнымі на крыўдзіцеляў народа. Пазнаў сябе сярод сіл цемры і асабісты вораг разьбяра. Гэтым смелым рашэннем, як і ўвекавечаным у камені подпісам «Люцыян Таполя», аўтар «пякельнага карагода» заявіў сваё права на творчую свабоду, чым нанёс дагматыку Сямашку смяротны ўдар.

Герой Максіма Танка тыпалагічна блізкі да Гусляра з паэмы Янкі Купалы «Курган». Словы купалаўскага персанажа «Гуслям, княжа, не пішуць законаў» актуальныя і ў дачыненні да жыццёва-творчай пазіцыі Люцыяна Таполі. Абодва яны збліжаюцца ў імкненні служыць народу, а не гаспадару, у жаданні адстойваць сваё бачанне творчасці, здольнасці да супраціўлення.

 Літаратурныя сувязі. Тэма мастака і мастацтва яднае гэты ліра-эпічны твор Максіма Танка з апавяданнямі «Музы́ка» Максіма Багдановіча і «Бондар» Змітрака Бядулі, паэмамі «Курган» Янкі Купалы і «Сымон-музыка» Якуба Коласа.