§ 6. Шрыфты чарцёжныя

Параметры чарцёжнага шрыфту.

Пры напісанні літар і лічбаў чарцёжнага шрыфту выкарыстоўваюцца наступныя параметры.

  • Памер шрыфту вызначаецца вышынёй (h) вялікіх літар у міліметрах па вертыкалі (рыс. 26). Надпісы на чарцяжах выконваюць шрыфтамі наступных памераў: 2,5; 3,5; 5; 7; 10; 14; 20; 28; 40 мм.
  • Таўшчыня ліній шрыфту вызначаецца ў залежнасці ад вышыні шрыфту. Яна роўна 0,1 h і абазначаецца d. 
  • Шырыня (g) літар у асноўным роўна 0,6 h або 6d. Літары бываюць шырокія і вузкія.
  • Элементы літар, якія выступаюць з радка (вялікая Д, малыя б, в, д, р, у, ц, ф), выконваюцца за кошт адлегласцей паміж радкамі.
  • Вышыня лічбаў роўна вышыні вялікіх літар h. Шырыня лічбаў роўна h/2 (выключэнне —лічбы 1 і 4).
  • Адлегласць паміж літарамі і лічбамі (а) у словах 0,2 h, або 2d, паміж словамі і лічбамі (e) — 0,6 h, або 6d.

Для зручнасці вызначэння параметраў шрыфту можна выкарыстаць табліцы 2 і 3.

Вышыня малых літар адпавядае вышыні вялікіх літар папярэдняга памеру шрыфту (табл. 2). Вызначыце вышыню малых літар для шрыфту памеру 7.

Літары і лічбы не вычэрчваюць з дапамогай чарцёжных інструментаў, а пішуць ад рукі алоўкам ТМ (НВ), М (В). Каб надпісы былі акуратнымі, выкарыстоўваюць дапаможныя сеткі, якія абмяжоўваюць літары і лічбы па вышыні, сярэднюю лінію і лінію нахілу (рыс. 27).
Афармляючы чарцёж, пры запаўненні асноўнага надпісу графу «Назва работы» выконваюць памерам шрыфта 7 (рыс. 28). Усе астатнія графы асноўнага надпісу запаўняюць памерам шрыфту 5.

 

Памеры на чарцяжы таксама выконваюць памерам шрыфту 5.

Лічыцца, што ўпершыню алфавіт вынайшлі фінікійцы ў XI ст. да н. э. Ён складаўся з 22 знакаў. Грэчаскі алфавіт з’яўляецца прамым наследнікам фінікійскага. Шрыфт, які выкарыстоўваецца для напісання яго знакаў, быў вельмі просты і выразны. Яго пабудова ажыццяўлялася з дапамогай элементарных геаметрычных форм — квадратаў, кругоў і трохвугольнікаў. Існуе меркаванне, што менавіта ад грэчаскага алфавіта адбылася лацінка, якая сёння з’яўляецца міжнароднай сістэмай пісьма.