Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945)
* Проза перыяду Вялікай Айчыннай вайны
У гэты час проза існавала ў такіх жанравых формах, як апавяданне, памфлет, публіцыстычны артыкул.
Памфлет — надзённы мастацка-публіцыстычны сатырычны твор, у якім выкрываюцца хібы грамадскага жыцця (палітычныя, культурныя, сацыяльныя) або заганы пэўных асоб. |
Найбольш пашыраным жанрам прозы ў гады вайны было апавяданне. Патрыятызм, самаахвярнасць у барацьбе з ворагам, кемлівасць герояў у крытычных сітуацыях знайшлі сваё адлюстраванне ў творах Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Iльі Гурскага і інш.
Набыткі беларускай прозы перыяду Вялікай Айчыннай вайны звязаны з развіццём дзвюх стылявых плыней — псіхалагічна-аналітычнай і лірыка-рамантычнай.
Запамінальныя характары ў апавяданнях «Маленькая жанчына », «Бацька», «Аксёніны сляды», «Матчына благаславенне», «Прасторны дом», «Вялікае сэрца», аповесці «Заўтрашні дзень» паказаў Кузьма Чорны. Гэтыя творы вызначаюцца глыбокім псіхалагізмам у асэнсаванні вытокаў мужнасці і жыццястойкасці беларускага народа. Дзяўчына-падлетак («Маленькая жанчына»), трынаццацігадовы Максім («Матчына благаславенне»), Пархвен Катлубовіч («Вялікае сэрца») — кожны спазнаў асабістае гора: смерць родных, Памфлет — надзённы мастацка-публіцыстычны сатырычны твор, у якім выкрываюцца хібы грамадскага жыцця (палітычныя, культурныя, сацыяльныя) або заганы пэўных асоб. блізкіх або аднавяскоўцаў, але гэта не зрабіла іх жорсткімі, абыякавымі да жыцця. Кузьма Чорны засяродзіў увагу на трагічных момантах на шляху герояў, выявіў «асабістую крывавую драму», перажытую кожным.
Пра станоўчага героя сваіх твораў у апавяданні «Расплата» ён піша: «...чалавек гэты быў сын свайго народа і сваёй зямлі, дзе жывуць і пашана да чалавека, і спачуванне чужому гору, і літасць, і праўда, і справядлівасць, і адкрытая душа і сэрца».
За лёсамі герояў пісьменніку бачыўся лёс народа, яго будучыня. У апавяданні «Маленькая жанчына» ён адзначыў: «I ўсё асабістае злілося ў кожнага ў адно з усімі». Пра тое, як праз жыццёвы шлях аднаго чалавека ў цяжкі для краіны час можа выявіцца гераічнае ў нацыянальным характары, яскрава сведчыць і вобраз Астапа (з аднайменнага апавядання Міхася Лынькова), які ў XX стагоддзі паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна (завёў ворагаў у лес, на балота).
Вайна і дзеці — пашыраная тэма ў беларускай прозе ваеннага часу. Не варты звання чалавека той, хто нясе дзецям смерць і няшчасце. «Калі любіш сваіх дзяцей, дык нашто ж ты чужым згубу прынёс, каб цябе зямля не насіла?» — гаворыць адзін з герояў апавядання Кузьмы Чорнага «Смерць». Што рабіць, калі парушаюцца адвечныя законы жыцця — гінуць дзеці? Пра гэта можна, анямеўшы, у жалобе маўчаць або шукаць і знаходзіць словы, якія сведчылі б, даносілі боль і адначасова не адымалі надзеі на перамогу над злом.
Трагічныя матывы вызначаюць змест апавяданняў Міхася Лынькова «Васількі», «Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак», у якія шчымлівым адгалоскам уваходзяць асабісты боль і невымернае гора пісьменніка: фашысты расстралялі яго сына і жонку. Ваенныя творы Міхася Лынькова адметныя выключнай эмацыянальна-лірычнай усхваляванасцю.
Яна асабліва адчувальная ў пейзажных замалёўках, якія перадаюць не толькі настрой персанажаў, але і аўтарскае светаўспрыманне: «А калі вышэй узнімаецца сонца на небе, расцвітаюць навакол лесавыя краскі і першая з іх — дзівосны сон баравы. Калі адцвітае яна — пяшчотна-сіняя сцюдзёная краска, — тады жыццё адкрывае ўсе вокны, усе дзверы ў лясах, зелянеюць лугі, выкідваецца клейкі ліст на бярозе, першыя травінкі, былінкі прашываюцца праз леташні ліст, і ў зялёнай цвецені вясны пачынае запяваць сваю спрадвечную песню дзівосная птаха зязюля» (апавяданне «Астап»).
Напісаныя на фальклорнай аснове апавяданні і навелы, што ўбачылі свет у зборніках Кузьмы Чорнага «Вялікае сэрца» і Міхася Лынькова «Астап», дасюль захоўваюць сваю мастацкую значнасць.
У ваенны час адбывалася сталенне творчых індывідуальнасцей: Іван Шамякін пачаў друкавацца ў першы год вайны ў армейскай газеце «Часовой Севера», там былі змешчаны яго нарысы і вершы. Першае апавяданне «У снежнай пустыні» было напісана ў 1944 годзе, напрыканцы вайны ім жа створана аповесць «Помста». Кузьма Чорны як вопытны таленавіты мастак слова прыхільна адгукнуўся пра апавяданне Івана Мележа «Сустрэча».
Менавіта Кузьме Чорнаму належыць першае ў беларускай літаратуры эпічнае асэнсаванне падзей вайны — раманы «Вялікі дзень», «Пошукі будучыні», «Млечны Шлях» і аповесць «Скіп’ёўскі лес». Эпічнаму голасу празаіка ўласцівы своеасаблівы тэмбр — з багаццем інтанацый, агульначалавечым гучаннем, якія робяць аўтара адметным.
У сацыяльна-філасофскіх раманах Кузьма Чорны стварыў абагульнены вобраз беларускага народа, якому пагражала татальнае знішчэнне. Сваім чуйным сэрцам пісьменнік востра адчуваў небяспеку фашызму не толькі для суайчыннікаў, але і ўвогуле для чалавецтва.