Апавяданне «Дзіўная»
Маральная праблематыка. Асэнсаванне вечнага і часовага ў творы
Агітатарская работа Шумавай дзівіць закаханага ў яе Блонскага. Магчыма, таму што Блонскі чуе нейкі «фальш у гэтых цвёрдых энергічных словах аб вызваленні жанчыны».
Каханне самой «дзіўнай» або каханне да яе — складанае, небяспечнае пачуццё. Міхась Зарэцкі ў многіх апавяданнях паказальна называе яго «хваравітай слабасцю», «назойлівым успамінам», «шалёнай страсцю», «ліпучымі путамі», «зеллем», «дрыгвянай багнай». Але ўважлівы чытач па роздуме бачыць абсалютна адваротнае — трапяткое і прынцыпова станоўчае стаўленне аўтара да любых праяў кахання і духоўнай блізкасці.
Душэўны канфлікт паміж любоўю да свайго дзіцяці і перакананнем у аджыласці, састарэласці інстытута мацярынства робіць Шумаву непаслядоўнай, эмацыянальна нестабільнай, а яе твар — «поўным вострай мукі, матчынай тугі».
Можна прасачыць, як зрэагавалі на заклікі Шумавай пазбавіцца ад сям’і жанчыны-дэлегаткі, перад якімі выступала галоўная гераіня, — яны «агнём загарэліся» супраць. Вачамі Блонскага аўтар глядзіць на твары дэлегатак, «змораныя, сумныя». Так пісьменнік без адкрытага маралізатарства даводзіць думку пра неадназначнасць дзеянняў маладых актывістак 1920-х гадоў, «дзівацтва» новага свету.
У творы расказваецца не толькі пра так званыя перагібы ў партыйным кіраўніцтве — яго ідэя шырэйшая. Гэта тэкст пра разбурэнне міжасабовых сувязей, заснаваных на агульначалавечых каштоўнасцях: любові, павазе, каханні, сімпатыі, прывязанасці, прычым у імя ілюзорнай ідэі сусветнага братэрства, абстрактнай свабоды. Парадокс у тым, што братэрства і свабода не могуць грунтавацца на раз’яднанні, падазронасці і абыякавасці да душэўных перажыванняў іншых.