§ 28. Прызначэнне і асаблівасці чарцяжоў агульнага выгляду і зборачнага чарцяжа вырабу
Якія злучэнні называюцца раздымнымі? Якія нераздымнымі? Што такое дэталь і зборачная адзінка.
- Вы даведаецеся: што называецца чарцяжом агульнага выгляду, зборачным чарцяжом, у чым іх адрозненні.
-
Вы навучыцеся: вызначаць па чарцяжы агульнага выгляду або зборачным чарцяжы колькасць дэталей, якія ўваходзяць у склад зборачнай адзінкі.
Уступ
Вы ўжо ведаеце, што шмат якія прадметы, якімі карыстаецца чалавек, немагчыма вырабіць суцэльнымі. Таму большасць вырабаў складаюцца з асобных частак — дэталей, пэўным чынам злучаных паміж сабой. Выраб, сабраны з асобных дэталей, называецца зборачнай адзінкай (рыс. 95).
Зборачная адзінка — выраб, састаўныя часткі якога падлягаюць злучэнню паміж сабой на прадпрыемстве-вытворцы зборачнымі аперацыямі (скручванне, зварка, паянне, склейванне, кляпанне і г. д.)