§ 7. Асноўныя правілы нанясення памераў

  • Што паказваюць лінейныя памеры? Што абазначаюць вуглавыя памеры?
  • Вы даведаецеся: для чаго неабходна наносіць памеры на чарцяжах дэталей, якія правілы іх нанясення, якія памылкі сустракаюцца ў нанясенні памераў.

  • Вы навучыцеся: рацыянальна наносіць памеры на чарцяжах дэталей.

Уступ

Для таго каб найбольш дакладна і якасна стварыць выраб ці дэталь, на чарцяжы прастаўляюць (наносяць) памеры. Нанясенне памераў на чарцяжах з’яўляецца вельмі адказнай аперацыяй, паколькі гэта істотна ўплывае на лёгкасць чытання чарцяжа і якасць выканання вырабу на вытворчасці. Памеры на чарцяжах вырабаў наносяцца па пэўных правілах. Гэтыя правілы вызначаны стандартам ДАСТ 2.307-2011 АСКД. Нанясенне памераў.

Памер — лікавае значэнне лінейнай велічыні (дыяметра, даўжыні і да т. п.) у выбраных адзінках вымярэння.

Памеры бываюць лінейныя (мм) — даўжыня, шырыня, таўшчыня, вышыня, радыус, дыяметр — і вуглавыя (°) — памеры вуглоў.

Памятайце! Агульная колькасць памераў на чарцяжы павінна быць мінімальнай, але дастатковай для стварэння і кантролю вырабу.