§ 3. Правілы афармлення чарцяжоў: фарматы лістоў чарцяжоў, маштабы

  • Як вы лічыце, якога памеру папера падыходзіць для выканання чарцяжоў?  Ці існуюць стандарты для вызначэння яе памеру?

  • Вы даведаецеся: якія фарматы лістоў паперы выкарыстоўваюць для выканання чарцяжоў, якія маштабы выкарыстоўваюць для графічных відарысаў. 
  • Вы навучыцеся: выконваць унутраную рамку і асноўны надпіс чарцяжа, выкарыстоўваць маштаб пры выкананні чарцяжоў.

Уступ

Як вам ужо вядома, пры выкананні і афармленні чарцяжоў кіруюцца адзінымі правіламі, абавязковымі для ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў. Таму чарцяжы вырабаў нельга па-рознаму чытаць ці выконваць. Чарцяжы павінны разумець усе спецыялісты, якія ўдзельнічаюць у стварэнні і рамонце вырабаў. Правілы выканання і афармлення чарцяжоў аб’яднаны ў адзіную сістэму канструктарскай дакументацыі (АСКД). У працэсе вывучэння чарчэння вы будзеце знаёміцца з рознымі стандартамі (напрыклад, на маштабы, лініі чарцяжа, фарматы, шрыфты і інш.). Кожнаму стандарту прысвойваецца свой нумар і год рэгістрацыі (напрыклад, ДАСТ 2.109-73 АСКД. Асноўныя патрабаванні да чарцяжоў).
Пазнаёмімся з асноўнымі стандартамі АСКД, якія ўстанаўліваюць правілы афармлення чарцяжоў.