§ 4. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ АТМАСФЕРЫ

Успамінаем. Што ўяўляе з сябе атмасфера? Якую будову мае атмасфера? Назавіце асноўныя метэаралагічныя элементы.

Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць, якія працэсы адбываюцца ў атмасферы? Як атмасфера ўплывае на іншыя геасферы? Як надвор’е і клімат уплываюць на гаспадарчую дзейнасць чалавека?
Агульныя геаэкалагічныя асаблівасці атмасферы. Атмасфера цесна ўзаемадзейнічае з усімі геасферамі (мал. 23). Дзякуючы геалагічным і геахімічным працэсам яна атрымлівае з літасферы значную частку газаў. У той жа час ваганні тэмпературы паветра, вецер, ападкі з’яўляюцца найважнейшымі фактарамі ўтварэння рэльефу.
Паміж атмасферай і гідрасферай адбываецца бесперапынны абмен цяплом і вільгаццю. Сусветны акіян, нароўні з зялёным покрывам сушы, выконвае функцыі «лёгкіх» нашай планеты. Ён з’яўляецца актыўным паглынальнікам дыяксіду вугляроду, які змяшчаецца ў паветры, месцам рассялення водарасцей, якія ўносяць вялікі ўклад у забеспячэнне атмасферы кіслародам.
