*§ 5—2. Значэнне святла ў жыцці жывёл
- Успомніце, як рэагуюць жывёлы на чаргаванне светлага і цёмнага часу сутак. Як змяненне даўжыні светлавога дня на працягу года ўплывае на жыццё жывёл?
- Як вы думаеце? Якую ролю адыгрывае святло ў жыцці жывёл?
- Вы даведаецеся пра ролю святла як крыніцы цяпла для жывёл, пра яго значэнне для іх арыентацыі ў прасторы.
Святло як крыніца цяпла для жывёл
Асвятленне непарыўна звязана з награваннем цела жывёл. Адны з іх, здольныя падтрымліваць пастаянную тэмпературу цела, пазбягаючы святла, прадухіляюць залішняе яго награванне. У іншых, наадварот, ваганні тэмпературы цела знаходзяцца ў прамой залежнасці ад сонечнай энергіі, як і жыццёвыя працэсы ў арганізме. Менавіта гэтыя жывёлы актыўна выкарыстоўваюць сонечную энергію для падтрымання тэмпературы цела. З гэтай мэтай яны выбіраюць найбольш асветленыя месцы і прымаюць паставы, спрыяльныя для максімальнага асвятлення цела.