§ 4. Паняцце пра лімітуючыя фактары

  • Успомніце, якія тыпы ўзаемадзеяння экалагічных фактараў могуць назірацца ў асяроддзі пражывання арганізма. Як пры гэтым будзе змяняцца іх сіла ўздзеяння на арганізм?
  • Як вы думаеце? Як вызначыць фактар асяроддзя, ад якога залежыць жыццядзейнасць арганізма пры адначасовым уздзеянні ўсіх іншых экалагічных фактараў?
  • Вы даведаецеся пра лімітуючы фактар, які вызначае жыццядзейнасць арганізма ў асяроддзі пражывання, а таксама пра правіла мінімуму Лібіха і закон талерантнасці Шэлфарда.

*Лімітуючы фактар

Фактары асяроддзя, якія ўплываюць на арганізм, валодаюць рознай сілай уздзеяння. Але арганізм у адзін і той жа момант не можа праяўляць розны ўзровень жыццядзейнасці ў адказ на дзеянне кожнага з гэтых фактараў. Напрыклад, калі для расліны тэмпература знаходзіцца ў зоне оптымуму, асветленасць — у зоне нармальнай жыццядзейнасці, а вільготнасць — у зоне песімуму, набліжаючыся да экалагічнага мінімуму, то дадзеная расліна не будзе расці і развівацца, хоць святла і цяпла дастаткова. Яе жыццядзейнасць будзе абмяжоўваць недахоп вільгаці. Калі выканаць паліванне, то расліна зноў пачне расці. У той жа час, калі пасля дасягнення оптымуму па вільготнасці тэмпература павялічыцца і апынецца ў зоне песімуму, набліжаючыся да экалагічнага максімуму, то рост расліны спыніцца з прычыны лішку цяпла. Такім чынам, у дадзенай сітуацыі жыццядзейнасць расліны прыгнятаецца залішняй дозай экалагічнага фактару.

Экалагічны фактар, які абмяжоўвае развіццё арганізмаў з прычыны недахопу ці лішку дадзенага фактару ў параўнанні з патрэбнасцю (аптымальным значэннем), называецца лімітуючым (абмежавальным) фактарам.