§ 4. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ АТМАСФЕРЫ

Успамінаем. Што ўяўляе з сябе атмасфера? Якую будову мае атмасфера? Назавіце асноўныя метэаралагічныя элементы.

Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць, якія працэсы адбываюцца ў атмасферы? Як атмасфера ўплывае на іншыя геасферы? Як надвор’е і клімат уплываюць на гаспадарчую дзейнасць чалавека?
Ахоўныя функцыі атмасферы. Атмасфера абараняе арганічны свет Зямлі ад уздзеяння ўльтрафіялетавай сонечнай радыяцыі, касмічных промняў рознага паходжання.
Аказвае спрыяльнае ўздзеянне на клімат Зямлі, засцерагаючы яе ад празмернага ахалоджвання і награвання. У атмасферы фарміруюцца ўмовы надвор’я, у якіх жыве і працуе чалавек (мал. 24).

Клуб географаў-знаўцаў. На долю трапасферы прыпадае каля 80 % масы атмасферы, стратасферы — каля 20 %; маса мезасферы — не больш за 0,3 %, тэрмасферы — менш за 0,05 % ад агульнай масы атмасферы.