§ 3. Правілы афармлення чарцяжоў: фарматы лістоў чарцяжоў, маштабы
Як вы лічыце, якога памеру папера падыходзіць для выканання чарцяжоў? Ці існуюць стандарты для вызначэння яе памеру?
- Вы даведаецеся: якія фарматы лістоў паперы выкарыстоўваюць для выканання чарцяжоў, якія маштабы выкарыстоўваюць для графічных відарысаў.
- Вы навучыцеся: выконваць унутраную рамку і асноўны надпіс чарцяжа, выкарыстоўваць маштаб пры выкананні чарцяжоў.
Фарматы лістоў чарцяжоў
Для зручнасці захоўвання чарцяжоў іх выконваюць на лістах паперы пэўнага памеру, які называецца фарматам. Фармат ліста вызначаецца памерамі яго бакоў. Стандартам ДАСТ 2.301-68 АСКД. Фарматы вызначаны шэраг асноўных і дадатковых фарматаў (рыс. 12). Фарматы лістоў вызначаюцца памерамі знешняй рамкі і абазначаюцца вялікай літарай А і лічбай. На ўроках чарчэння вы будзеце выкарыстоўваць фармат А4, памеры бакоў якога 210 х 297 мм ці А3 з памерамі 420 х 297 мм.