ПРАДМОВА

Дарагія сябры!

Вы прыступаеце да вывучэння завяршальнага раздзела школьнага курса біялогіі, прысвечанага агульным біялагічным заканамернасцям, характэрным для жывых сістэм рознага ўзроўню арганізацыі. Гэты раздзел біялогіі вельмі важны для фарміравання правільнага і цэласнага ўяўлення пра законы існавання жыцця на Зямлі.

У межах дадзенага курса вы атрымаеце асновы экалагічных ведаў, а таксама ўяўленне пра тканкі і органы раслін, жывёл і чалавека, пра размнажэнне і развіццё арганізмаў. Гэта дапаможа вам зразумець законы існавання жывой прыроды на ўзроўні асобных арганізмаў і надарганізменных біялагічных сістэм рознага ўзроўню арганізацыі.

Веды пра ўплыў фактараў асяроддзя на арганізм чалавека, атрыманыя ў межах курса «Біялогія, 10», дапамогуць вам авалодаць навыкамі здаровага спосабу жыцця. Выкарыстоўваючы гэтыя веды ў быце і ў будучай прафесійнай дзейнасці, вы зможаце прадухіляць ці памяншаць неспрыяльныя ўздзеянні фактараў асяроддзя на свой арганізм, захоўваючы здароўе на доўгія гады.

На канкрэтных прыкладах вы пазнаёміцеся з экалагічнымі наступствамі гаспадарчай дзейнасці чалавека ў межах біясферы. Шмат якія з гэтых наступстваў могуць стаць глабальнымі экалагічнымі праблемамі. Адной з прычын іх з’яўлення ў большасці выпадкаў з’яўляецца экалагічная недасведчанасць чалавека. Вырашаць гэтыя праблемы давядзецца цяперашняму і будучым пакаленням людзей, а значыць, і вам. Ведаючы і выконваючы законы прыроды, чалавек зможа захаваць раўнавагу ў біясферы і забяспечыць будучыню сваім нашчадкам.

Аўтары

Последнее изменение: Понедельник, 8 Июнь 2020, 15:27