Лабараторны дослед 9.1*. Выяўленне іонаў жалеза(II) і жалеза(III) у растворах

Рэактывы: растворы сульфату жалеза(II), хларыду жалеза(III), гідраксіду натрыю, пераксіду вадароду.

1. У прабіркі наліце па 1 см3 раствораў сульфату жалеза(II) і хларыду жалеза(III). У кожную з іх дадайце раствор наяўнай у вас шчолачы (1 см3). Адразу ж адзначце колер асадкаў.

Складзіце ўраўненні праведзеных рэакцый у малекулярнай і іоннай формах.

Зрабіце выснову, якім чынам можна адрозніць растворы солей жалеза(II) ад солей жалеза(III).

2. Праз 3–4 хвіліны ўважліва разгледзьце першую прабірку — з асадкам гідраксіду жалеза(II). Адзначце змену яго колеру пад уздзеяннем кіслароду паветра. Патлумачце ўраўненнем рэакцыі.

3. У гэтую ж прабірку дадайце некалькі кропель раствору пераксіду вадароду. Апішыце назіраныя з’явы.

Складзіце ўраўненне рэакцыі. Укажыце акісляльнік і адноўнік.