Практычная работа 1. Хімічныя рэакцыі
Рэактывы: цынк, жалеза, медзь і вугаль; кіслоты — серная і хлоравадародная; гідраксіды — натрыю і кальцыю; солі калію — хларыд, сульфат і карбанат; солі медзі(II) — сульфат і хларыд; фенолфталеін.
Правядзіце хімічныя рэакцыі згодна з заданнямі 1–4, складзіце ўраўненні рэакцый і ахарактарызуйце кожную з іх па прыкметах:
- 1) суадносіны колькасці і саставу зыходных рэчываў і прадуктаў рэакцыі;
- 2) змяненне ступеней акіслення атамаў;
- 3) вылучэнне ці паглынанне цеплаты;
- 4) напрамак працякання рэакцыі;
- 5) удзел каталізатара;
- 6) наяўнасць мяжы падзелу фаз (гл. § 18).
Ва ўраўненні акісляльна-аднаўленчых рэакцый расстаўце каэфіцыенты. Пакажыце акісляльнікі і адноўнікі.
Заданне 1. Распаліце ў полымі спіртоўкі вугольчык, скарыстаўшыся пінцэтам. Пакладзіце вугольчык у фарфоравы кубак. Праз нейкі час паднясіце да яго далонь, адчуйце вылучэнне цеплаты. Адзначце прыкметы рэакцыі.
Заданне 2. Раствор шчолачы з 1–2 кроплямі індыкатару нейтралізуйце кіслатой.
Заданне 3. Правядзіце рэакцыю солі медзі(II) з металам, які ёсць у наяўнасці.
Заданне 4. Правядзіце любыя дзве рэакцыі паміж складанымі рэчывамі, якія ў вас ёсць.