Практычная работа 1. Хімічныя рэакцыі

Рэактывы: цынк, жалеза, медзь і вугаль; кіслоты — серная і хлоравадародная; гідраксіды — натрыю і кальцыю; солі калію — хларыд, сульфат і карбанат; солі медзі(II) — сульфат і хларыд; фенолфталеін.

Правядзіце хімічныя рэакцыі згодна з заданнямі 1–4, складзіце ўраўненні рэакцый і ахарактарызуйце кожную з іх па прыкметах:

  • 1) суадносіны колькасці і саставу зыходных рэчываў і прадуктаў рэакцыі;
  • 2) змяненне ступеней акіслення атамаў;
  • 3) вылучэнне ці паглынанне цеплаты;
  • 4) напрамак працякання рэакцыі;
  • 5) удзел каталізатара;
  • 6) наяўнасць мяжы падзелу фаз (гл. § 18).

Ва ўраўненні акісляльна-аднаўленчых рэакцый расстаўце каэфіцыенты. Пакажыце акісляльнікі і адноўнікі.

Заданне 1. Распаліце ў полымі спіртоўкі вугольчык, скарыстаўшыся пінцэтам. Пакладзіце вугольчык у фарфоравы кубак. Праз нейкі час паднясіце да яго далонь, адчуйце вылучэнне цеплаты. Адзначце прыкметы рэакцыі.

Заданне 2. Раствор шчолачы з 1–2 кроплямі індыкатару нейтралізуйце кіслатой.

Заданне 3. Правядзіце рэакцыю солі медзі(II) з металам, які ёсць у наяўнасці.

Заданне 4. Правядзіце любыя дзве рэакцыі паміж складанымі рэчывамі, якія ў вас ёсць.