Ад аўтараў

Дарагія адзінаццацікласнікі!

Вучэбны дапаможнік, які вы трымаеце ў руках, закліканы паспрыяць паспяховаму завяршэнню вашай літаратурнай адукацыі. Вельмі важна, каб цікавасць да літаратуры, якую на працягу дзесяці гадоў абуджалі ў вас настаўнікі, стала вашай духоўнай патрэбай на ўсё жыццё.

Агульнавядома, што чытанне развівае здольнасці чалавека: яно не толькі ўзбагачае яго ведамі, а, што вельмі важна, фарміруе ўнутраны свет, душу асобы. З тых, хто шмат чытаў у юнацтве, выраслі годныя людзі — вучоныя, кіраўнікі, выдатныя мастакі, пісьменнікі... Разуменне мастацкага слова, шматграннага багацця яго сэнсу дапамагае чалавеку рабіць адкрыцці ў розных сферах дзейнасці. Чытанне і роздум над прачытаным скіроўваюць нас на пошук таго, што схавана ў нязведаных глыбінях сэнсу. Чытанне рату´е асобу ад маральнага распаду.

Ведайце: па­сапраўднаму ўплываюць на чалавецтва і свет толькі тыя асобы, якія любяць свой народ, шануюць яго гісторыю, культуру, духоўнасць. Слушна напісаў сусветна вядомы рускі філосаф І. Ільін: «Усё вартае можа быць сказана чалавекам і народам толькі па-свойму, і ўсё геніяльнае нараджаецца менавіта ў рэчышчы нацыянальнага вопыту, духу... у іх закладзены і жывуць цэлыя стагоддзі ўсенароднай працы, пакут, барацьбы, розуму і думкі».

Пасля заканчэння школы, гімназіі або ліцэя вы зможаце працягнуць навучанне ва ўстановах прафесійна­тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, што дасць вам магчымасць набыць прафесіі, пра якія вы марылі. І ў будучым жыцці не забывайце, што беларуская літаратура і творы нашых вядомых класікаў вывелі наш народ да сусветнай культуры, расказалі чалавецтву пра Беларусь. Чытайце творы роднай літаратуры з пачуццём гонару за нашу краіну, глыбокай любоўю і пашанай.

У XI класе вы будзеце далей вывучаць творы класікаў айчыннай літаратуры другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя, знаёміцца з сучасным літаратурным працэсам і яго таленавітымі прадстаўнікамі. Удумлівае засваенне матэрыялаў вучэбнага дапаможніка паспрыяе больш глыбокаму разуменню адметнасці літаратуры як віду мастацтва, заканамернасці літаратурнага працэсу, набліжэнню да таямніц творчага майстэрства пісьменніка.

Асноўны тэкст вучэбнага дапаможніка прызначаны для вывучэння, пытанні і заданні скіруюць вас на ўсвядомленае, трывалае засваенне прачытанага і выпрацоўку творчых уменняў.

Паняцці на плашках з тэрмінамі пад рубрыкай «Тэорыя літаратуры» дадзены для запамінання. Некаторыя тэарэтычныя моманты коратка растлумачаны побач з асноўным матэрыялам або ў зносках. У канцы дапаможніка змешчаны невялікі Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў, у які ўключаны ўсе паняцці, што сустракаюцца на старонках кнігі.

З мэтай развіцця і ўдасканалення вашых уменняў на форзацы вучэбнага дапаможніка прапанаваны план адказу на пытанне пра значэнне творчасці пісьменніка, памяткі для аналізу мастацкага твора (схема аналізу мастацкага твора, прыкладны план характарыстыкі мастацкага вобраза­персанажа).

Жадаем зацікаўленага вывучэння роднай літаратуры на ўроках і змястоўных абмеркаванняў прачытанага, асалоды ад спасціжэння сапраўднага, высокага, вечнага.

Последнее изменение: Вторник, 29 Июнь 2021, 13:56