ПЫТАННІ І ЗАДАННІ ДЛЯ ПАЎТАРЭННЯ І ПАДАГУЛЬНЕННЯ

1. Замацуйце біяграфічны матэрыял: разгледзьце стужку часу (гл. форзац) з гадамі жыцця пісьменнікаў перыяду 1920—1930-х гадоў.
Хто з іх старэйшы? Малодшы?
2. Якую ролю ў гісторыі тагачаснай беларускай літаратуры адыгралі літаратурныя аб’яднанні?
3. Паразважайце, як разнастайнасць ідэйна-эстэтычных платформ літаратурных аб’яднанняў 1920—1930-х гадоў паўплывала на беларускую літаратуру: запаволіла або паскорыла яе развіццё. Растлумачце сваю пазіцыю.
4. На творчасць якіх беларускіх пісьменнікаў паўплываў мадэрнізм?
Ці можна сказаць, што беларуская літаратура ў 1920-я гады была ўпісана ў агульнаеўрапейскі кантэкст?
5. Якія тэарэтычныя паняцці выклікалі ў вас найбольшую цяжкасць пры вывучэнні дадзенага раздзела?
Паўтарыце іх. Назавіце прыклады лірычных, эпічных і драматычных твораў вывучанага перыяду.
6. Назавіце беларускія творы 1920—1930-х гадоў, у якіх галоўнымі персанажамі з’яўляюцца жанчыны.
Ці ўсе гераіні станоўчыя?
7. Чаму Максіма Гарэцкага ставяць у адзін шэраг з класікамі беларускай літаратуры — Якубам Коласам, Янкам Купалам, Максімам Багдановічам?
Як у творах пісьменніка паказаны падзеі Першай сусветнай вайны?
8. Максім Гарэцкі старэйшы за Міхася Зарэцкага ўсяго на 8 гадоў.
Чаму, на вашу думку, іх проза прынцыпова адрозніваецца?
9. Як Змітрок Бядуля раскрывае праблему мастака і мастацтва ў апавяданні «Бондар»?
* 9–1. Якімі творамі вывучаемага перыяду прадстаўлена гістарычная тэма?
Якім творцам пачатку ХХ стагоддзя ў гэтым наследавалі аўтары 1920—1930-х гадоў?
10. Якой эстэтычнай канцэпцыі прытрымліваўся ў творчасці Уладзімір Дубоўка?
Да каго з паэтаў пачатку ХХ стагоддзя ён у гэтым блізкі?
11. Якія гістарычныя абставіны паказаны ў камедыі Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім»?
Чаму твор застаецца папулярным і сёння?
У чым значэнне п’есы для беларускай культуры?
* 11–1. Якая ідэя аб’ядноўвае творы беларускай і замежнай літаратуры 1920—1930-х гадоў на тэму Першай сусветнай вайны?
* 11–2. У якіх тэкстах вывучанага перыяду пераважае трагічны пафас, а ў якіх — сатырычны?
Які пераважае? Чаму?
12. Каго з пісьменнікаў 1920—1930-х гадоў вы маглі б назваць псіхолагам і чаму?
13. Падрыхтуйцеся да гульні «Хто/што я?».
Напішыце на стыкерах назвы твораў, імёны персанажаў і прозвішчы пісьменнікаў.
Размясціце ліст так, каб сябры бачылі, што на ім напісана, а вы — не.
Паспрабуйце здагадацца, які твор, аўтар або герой вам выпаў, задаючы пытанні аднакласнікам.
Яны могуць адказваць толькі «так» або «не».
Последнее изменение: Вторник, 5 Январь 2021, 23:49