КАРОТКІ СЛОЎНІК ТЭРМІНАЎ І ПАНЯЦЦЯЎ

Агламерацыя — кампактная форма прасторавага размяшчэння гарадскіх паселішчаў, аб’яднаная разнастайнымі інтэнсіўнымі сувязямі ў складаную сістэму.

Альтэрнатыўная электраэнергетыка — галіна электраэнергетыкі, якая ўключае спосабы вытворчасці энергіі з аднаўляльных рэсурсаў і прыродных з’яў (вецер, сонечныя прамяні, патокі вады, якія рухаюцца, геатэрмальныя воды і інш.).

Аўтсорсінг — перадача прадпрыемствам/арганізацыяй пэўных відаў або функцый вытворчай прадпрымальніцкай дзейнасці іншай кампаніі, што дзейнічае ў патрэбнай вобласці.

Галіновая структура сусветнай гаспадаркі — сукупнасць яе частак (галін, падгалін, відаў эканамічнай дзейнасці), якія гістарычна склаліся ў выніку грамадскага падзелу працы.

Геаграфічны тып сельскай гаспадаркі — устойлівае спалучэнне прыродна-абумоўленых і вытворчых прыкмет сельскай гаспадаркі, якія гістарычна склаліся на канкрэтнай тэрыторыі, што ўключаюць: 1) аграрныя адносіны, 2) спецыялізацыю, 3) інтэнсіўнасць вытворчасці, 4) узровень матэрыяльна-тэхнічнай аснашчанасці, 5) сістэмы земляробства і жывёлагадоўлі.

Геаканфлікталогія — навука, якая вывучае ў адзінстве геаграфічныя, палітычныя і іншыя фактары, што аказваюць уплыў на ўзнікненне, развіццё і зыход палітычных, у тым ліку ўзброеных канфліктаў.

Геапалітыка — раздзел палітычнай геаграфіі, які вывучае геаграфічныя адносіны паміж цэнтрамі палітычнай сілы ў свеце і залежнасць знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржаў і міжнародных адносін ад сістэмы палітычных, ваенна-стратэгічных, эканамічных, экалагічных фактараў і палітыка-геаграфічнага становішча краіны.

Геапалітычнае поле — прастора, якая кантралюецца дзяржавай або аб’яднаннем.

Глабалізацыя сусветнай гаспадаркі — працэс фарміравання і наступнага развіцця агульнасусветнай фінансава-эканамічнай, палітычнай, сацыяльна-культурнай, інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы.

Глабальны горад — гэта постындустрыяльны цэнтр, інтэграваны ў сусветную гаспадарку і які з’яўляецца важным элементам сусветнай эканамічнай сістэмы.

Дэмаграфічная сітуацыя — стан дэмаграфічных працэсаў і полаўзроставай структуры насельніцтва ў дынаміцы, якія праходзяць на канкрэтнай тэрыторыі (краіна, рэгіён, паселішча) у пэўны час.

Дэмаграфічны пераход — карэнныя дэмаграфічныя перамены ў гісторыі чалавецтва, якія характарызуюцца пераходам ад высокай нараджальнасці і смяротнасці насельніцтва да нізкай і прыводзяць да змены тыпаў узнаўлення насельніцтва.

Дэмаграфічнае старэнне — павелічэнне колькасці і долі асоб пажылога і старога ўзросту (60/65+) у структуры насельніцтва, якое з’яўляецца следствам росту ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства.

Квазідзяржава — палітыка-тэрытарыяльнае ўтварэнне, якое, валодаючы асноўнымі прыкметамі дзяржавы, пазбаўлена міжнароднага прызнання, з прычыны чаго не валодае суверэнітэтам.

Крыптавалюта — разнавіднасць лічбавай валюты (электронныя або віртуальныя грошы, створаныя па тэхналогіі крыптаграфіі), якая не мае фізічнага выражэння і служыць для правядзення ананімных фінансавых аперацый і плацяжоў з высокім узроўнем абароненасці.

Лічбавая эканоміка — сістэма эканамічных, сацыяльных і культурных адносін, заснаваных на выкарыстанні лічбавых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Мегалаполіс — найбольш буйная форма гарадскога рассялення, урбанізаваная зона, якая ўтвараецца пры зрастанні вялікай колькасці суседніх гарадскіх агламерацый.

Мегасіці — звышбуйныя гарады з колькасцю насельніцтва больш за 10 млн чалавек.

Міграцыйны пераход — эвалюцыя міграцыі насельніцтва, якая адлюстроўвае заканамерны пераход ад нізкай міграцыйнай рухомасці на аграрнай стадыі да яе росту ў перыяд індустрыяльнага і постындустрыяльнага грамадства ў выніку сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

Міграцыйная палітыка — сістэма прынцыпаў, мэт і дзеянняў, з дапамогай якіх дзяржава рэгулюе патокі міграцыі.

Міжнародная эканамічная інтэграцыя — найвышэйшая ступень інтэрнацыяналізацыі, пры якой адбываецца зрошчванне нацыянальных гаспадарак на аснове глыбокіх устойлівых узаемасувязей і падзелу працы і фарміруецца агульная прастора з адзінай валютна-фінансавай, прававой сістэмай і каардынацыяй эканамічнай палітыкі дзяржаў.

Міжнародны геаграфічны падзел працы — прасторавая форма грамадскага падзелу працы, якая выяўляецца ў спецыялізацыі асобных цэнтраў, раёнаў і краін на вытворчасці пэўных відаў прадукцыі і паслуг, прызначаных для рэалізацыі за іх межамі.

Міжнародны фінансавы цэнтр — цэнтр засяроджвання буйных міжнародных капіталаў і маштабнага правядзення разнастайных міжнародных фінансавых аперацый.

Навукова-тэхнічная рэвалюцыя — карэнныя пераўтварэнні ў сістэме навуковых ведаў і ў тэхніцы, якія адбываюцца ў непарыўнай сувязі з гістарычным працэсам развіцця чалавечага грамадства.

Натуральны рух насельніцтва — сукупнасць нараджэння і смярцей, якія змяняюць колькасць насельніцтва натуральным шляхам.

Палітыка-геаграфічнае становішча — становішча аб’екта (краіны, яе часткі, групы краін) у адносінах да іншых дзяржаў і іх групах як палітычных аб’ектаў.

Палітычная геаграфія — асобая геаграфічная навука, якая вывучае прасторавую арганізацыю палітычнага жыцця грамадства і тэрытарыяльныя спалучэнні палітычных сіл.

Парытэт пакупной здольнасці — адносіны паміж дзвюма валютамі розных краін, якія былі разлічаны на аснове іх пакупной здольнасці адносна пэўнага набору тавараў і паслуг.

Полаўзроставая структура насельніцтва — гэта размеркаванне насельніцтва канкрэтнай тэрыторыі па ўзроставых групах і паводле полу ў адпаведнасці са значэннямі гэтых дэмаграфічных прыкмет.

Размяшчэнне насельніцтва — працэс асваення і засялення насельніцтвам тэрыторыі айкумены і фарміравання сеткі паселішчаў на пэўны момант часу.

Рассяленне — працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва з наступным фарміраваннем сеткі паселішчаў.

Сепаратызм — рух за аддзяленне часткі дзяржавы і стварэнне новага дзяржаўнага ўтварэння або за прадастаўленне частцы краіны аўтаноміі па нацыянальным, моўным або рэлігійным прынцыпе.

Транснацыяналізацыя — працэс перанясення часткі вытворчасцей з адной краіны ў іншую з дапамогай укладу капіталу больш развітых краін з мэтай арганізацыі філіялаў і ўстанаўлення кантролю над замежнымі кампаніямі, якія становяцца залежнымі.

Транснацыянальная кампанія/карпарацыя (ТНК) — прадпрыемства, якому належаць або якое кантралюе вытворчасці, што знаходзяцца па-за межамі краіны базавання, маюць шырокую сетку філіялаў і займаюць вядучыя месцы ў свеце па вытворчасці таго ці іншага тавару або паслугі.

Транспартная сістэма свету — сукупнасць усіх відаў транспарту, звязаных эканамічнымі, тэхналагічнымі, тэхнічнымі і нарматыўна-прававымі адносінамі.

Турысцка-рэкрэацыйныя рэсурсы — прыродна-кліматычныя, гісторыка-культурныя і сацыяльна-эканамічныя аб’екты і з’явы, якія з’яўляюцца перадумовамі для развіцця розных відаў турызму і адпачынку і здольныя задавальняць патрэбы, якія ўзнікаюць пры гэтым.

Узнаўленне насельніцтва — бесперапыннае аднаўленне і змена людскіх пакаленняў, якія забяспечваюцца працэсамі нараджальнасці, смяротнасці і натуральнага прыросту.

Электаральная геаграфія — напрамак палітычнай геаграфіі, які вывучае тэрытарыяльныя адрозненні ў палітычных перавагах выбаршчыкаў, выніках выбараў і ўплыў грамадскіх, эканамічных, рэлігійных, этнічных фактараў на іх вынікі.