ЗАКЛЮЧЭННЕ

Мы завяршылі вывучэнне вучэбнай дысцыпліны па сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету. У кожнага з вас сфарміраваўся свой багаж уражанняў. Гэта звязана з тым, што для кагосьці пэўныя тэмы засталіся ў памяці як самыя цікавыя, а каму-небудзь з вас часам было складана. Але, напэўна ж, усе вы сталі ўладальнікамі сучасных, актуальных і нават унікальных ведаў па сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету, якімі не валодалі вашы папярэднікі, таму што пяць, а тым больш 10 гадоў таму свет развіваўся зусім па-іншаму.

У пачатку вывучэння вучэбнай дысцыпліны мы з вамі гаварылі аб хуткім і інтэнсіўным развіцці свету. Доказам гэтаму з’яўляюцца падзеі ў развіцці сусветнай гаспадаркі і насельніцтва, якія адбыліся за гэты навучальны год. Паспрабуйце ўспомніць і пералічыць некалькі найбольш важных з іх.

Вы выканалі шмат заданняў рознага ўзроўню. Аднак за значным аб’ёмам матэрыялу па сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету стаяць зараз не толькі шырокія веды. З’яўляючыся сучаснікамі інфармацыйнай эпохі і эпохі паслуг, вы сталі інфармацыйна пісьменнымі асобамі, таму што дзякуючы пастаянным падарожжам на ўроках па Глабальнай павуціне вы асвоілі кампетэнцыі сацыяльна-эканамічнай і дэмаграфічнай Web-навігацыі, чым не валодалі вашы папярэднікі. Цяпер у вас за плячыма шырокі набор найбольш рэпрэзентатыўных сайтаў па кожнай вывучанай тэме.

Вы авалодалі навыкамі характарыстыкі геаграфіі сусветнай гаспадаркі і дэмаграфічных працэсаў, атрымалі тлумачэнне іх прычын і наступстваў. У выніку ў вас сфарміраваўся геаграфічны вобраз мыслення, а таксама вырас узровень геаграфічнай культуры.

З-за дынамізму сацыяльна-эканамічных працэсаў свету многія навукоўцы-географы сёння, нягледзячы на багатую гісторыю, называюць сацыяльна-эканамічную геаграфію маладой навукай. Тлумачаць яны гэта з’яўленнем у яе структуры вялікай колькасці новых напрамкаў (успомніце некаторыя з іх) і прыкладной значнасцю эканамічнай геаграфіі ў XXI ст., якая пастаянна расце.

Ад поспехаў развіцця сучаснай сацыяльна-эканамічнай геаграфіі напрамую залежыць жыццё чалавечага грамадства. Эканоміка-геаграфічныя даследаванні аказваюцца неабходнымі для вырашэння праблем і пошуку найбольш рацыянальных шляхоў арганізацыі грамадства: размяшчэння насельніцтва, эфектыўнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, размяшчэння прадпрыемстваў, будаўніцтва дарог і іншых мерапрыемстваў, якія павінны ажыццяўляцца ў інтарэсах не толькі сённяшняга, але і будучых пакаленняў.

Менавіта таму адным з найбольш важных вынікаў вывучэння вамі сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету стаў атрыманы вопыт вызначэння сучасных праблем палітычнай геаграфіі і геаканфлікталогіі, насельніцтва, развіцця галін сусветнай гаспадаркі і веданне вядучых міжнародных арганізацый, каардынуючых іх. Гэты вопыт спатрэбіцца вам, таму што глабальныя праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця свету стануць аднымі з асноўных аб’ектаў вывучэння геаграфіі ў наступным навучальным годзе.

Вы даведаецеся аб асноўных дэмаграфічных праблемах (дэпапуляцыі, дэмаграфічным старэнні, міжнароднай міграцыі), іх наступствах і шляхах вырашэння. Адной з важных глабальных праблем чалавецтва з’яўляецца харчовая. Якая яе сутнасць, геаграфічныя праявы і галоўныя наступствы, вам яшчэ трэба будзе вывучыць. Вы таксама даведаецеся аб праблеме вычарпальнасці рэсурсаў, энергетычнай і шэрага іншых. Асноўнымі прынцыпамі іх вырашэння стануць распрацаваныя ААН Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця (ГУР) да 2030 г., якія з’яўляюцца своеасаблівым заклікам да дзеяння, якое зыходзіць ад усіх краін — бедных, багатых і сярэднеразвітых, і нацэлены на паляпшэнне дабрабыту і абарону нашай планеты.

Насустрач новым ведам аб глабальных праблемах чалавецтва!