Падвядзём вынікі

У цяперашні час для дзікай прыроды, сельскай і гарадской гаспадаркі характэрны розныя экалагічныя праблемы.

Асноўнымі фактарамі ўздзеяння на лясныя экасістэмы з’яўляюцца: высечка лясоў, выкарыстанне лясных зямель пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі, прамысловае і горадабудаўніцтва, забруджванне лясоў бытавымі адходамі, браканьерства, лясныя пажары.

Да экалагічных праблем сельскай гаспадаркі належаць: хімічнае забруджванне глеб пестыцыдамі і лішкам мінеральных угнаенняў, эрозія глеб і дэградацыя зямель. Экалагічныя праблемы гарадоў звязаны з празмернай канцэнтрацыяй на параўнальна невялікіх тэрыторыях насельніцтва, транспарту і прамысловых прадпрыемстваў. Пагаршэнне якасці навакольнага асяроддзя адбіваецца і на здароўі людзей.

У апошні час у свеце назіраецца працэс інтэнсіўнага знікнення шэрага відаў арганізмаў, што вядзе да дэградацыі экасістэм. Па даных Міжнароднага саюза аховы прыроды, пад пагрозай знікнення на Зямлі знаходзяцца больш за 28 тыс. відаў жывых арганізмаў. Асноўнымі прычынамі зніжэння біялагічнай разнастайнасці можна лічыць наступныя: парушэнне асяроддзя пражывання і яго забруджванне, празмернае спажыванне і браканьерства, акліматызацыя чужародных відаў.

Каб выправіць экалагічную сітуацыю і захаваць відавую разнастайнасць, у Беларусі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў экалагічнага характару. У аснове гэтых мерапрыемстваў ляжаць два падыходы: папуляцыйна-відавы і экасістэмны. Папуляцыйна-відавы падыход складаецца ў стварэнні пералікаў знікаючых і слабых відаў раслін і жывёл, якія падлягаюць ахове, назіранні і кантролі іх колькасці, а таксама ў вырошчванні рэдкіх і знікаючых відаў у закрытых гадавальніках. У аснове экасістэмнага падыходу — захаванне цэлых біягеацэнозаў.

З мэтай захавання ўнікальных куткоў прыроды, прымнажэння колькасці рэдкіх і знікаючых відаў флоры і фаўны ў нашай краіне створана Чырвоная кніга і дзейнічаюць больш за 1200 асабліва ахоўных тэрыторый: запаведнікі, нацыянальныя паркі, заказнікі, рэзерваты, помнікі прыроды. Іх агульная плошча складае прыкладна 1,8 млн га. Гэта каля 9 % усёй плошчы Беларусі. 

Последнее изменение: Понедельник, 29 Июнь 2020, 12:00