*Падвядзём вынікі
Біясфера — гэта абалонка Зямлі, склад, структура і энергетыка якой вызначаюцца дзейнасцю жывых арганізмаў. Вучэнне пра біясферу было створана рускім вучоным У. І. Вернадскім. Верхняй мяжой біясферы прынята лічыць азонавы слой на вышыні 22—25 км. Ніжняя мяжа біясферы ў літасферы размешчана на глыбіні 3—4 км, у гідрасферы — 11 км. Лімітуючым фактарам распаўсюджвання жыцця ў атмасферы з’яўляецца ультрафіялетавае выпраменьванне, у літасферы — высокая тэмпература, гідрасфера заселена практычна цалкам і абмежавана дном Сусветнага акіяна.
Для існавання жыцця на Зямлі неабходны шэраг умоў. Адной з найважнейшых умоў з’яўляецца наяўнасць крыніцы светлавой энергіі. Не менш важныя ўмовы — наяўнасць пэўнай канцэнтрацыі кіслароду і вуглякіслага газу, неабходнай колькасці мінеральных рэчываў, дастатковая колькасць вадкай вады, пэўны інтэрвал спрыяльных тэмператур і адсутнасць забруджвальных рэчываў, якія па сваіх уласцівасцях і канцэнтрацыі пераўзыходзяць дапушчальныя для жыцця ўзроўні.
Асноўныя кампаненты біясферы — жывое, біягеннае, коснае і біякоснае рэчывы. Жывое рэчыва выконвае шэраг функцый: энергетычную, газавую, канцэнтрацыйную, акісляльна-аднаўленчую, дэструкцыйную, асяроддзеўтваральную, транспартную і актыўна ўдзельнічае ў кругавароце рэчываў.
Жывое рэчыва на планеце размеркавана нераўнамерна. Прычынай гэтага з’яўляецца геахімічная і геафізічная неаднароднасць Зямлі. Вылучаюць кантынентальную і акіянічную часткі біясферы. Для іх характэрны шыротная і вышынная занальнасці, абумоўленыя сукупнасцю спрыяльных для жыцця ўмоў.
Жывы свет Зямлі бясконца разнастайны і ўключае вялізную колькасць відаў. Сярод жывых арганізмаў, у адпаведнасці са спосабам харчавання, вылучаюць аўтатрофныя арганізмы (прадуцэнты) і гетэратрофныя арганізмы (кансументы і рэдуцэнты). Аўтатрофы паводле характару крыніцы энергіі для сінтэзу арганічных рэчываў падзяляюцца на фотатрофаў і хематрофаў, гетэратрофы — на біятрофаў і сапратрофаў.
Для жывога рэчыва біясферы характэрны некаторыя ўнікальныя ўласцівасці, якія абумоўліваюць яго вельмі высокую пераўтваральную дзейнасць. Да гэтых уласцівасцей залічваюць: існаванне жывога рэчыва ў біясферы ў выглядзе арганізмаў, валоданне запасам энергіі, здольнасць хутка займаць (асвойваць) свабодную прастору, пасіўны і актыўны рух, устойлівасць пры жыцці і хуткае раскладанне пасля смерці, высокая прыстасавальная здольнасць (адаптацыя) жывога рэчыва да розных умоў, высокая хуткасць праходжання рэакцый і абнаўлення жывога рэчыва.
Асновай жыцця на Зямлі з’яўляюцца кругавароты рэчываў і пастаянны прыток энергіі. Кругаварот рэчываў — цыклічны, шматразова паўтаральны працэс узаемазвязанага ператварэння і перамяшчэння рэчываў у біясферы. На нашай планеце працякаюць два кругавароты рэчываў: вялікі — геалагічны і малы — біялагічны. Геалагічны кругаварот — гэта працэс міграцыі цвёрдых рэчываў і вады ў выніку ўздзеяння абіятычных фактараў. Біялагічны кругаварот — працэс цыркуляцыі рэчываў паміж раслінамі, жывёламі, грыбамі, мікраарганізмамі і глебай. Геалагічны і біялагічны кругавароты ў сукупнасці фарміруюць агульны біягеахімічны кругаварот рэчываў, аснову якога складаюць цыклы вады, вугляроду, кіслароду, азоту і іншых рэчываў.
Біясфера эвалюцыянуе. Але, нягледзячы на гэта, характарызуецца стабільнасцю, гэта значыць здольнасцю захоўваць дынамічны раўнаважны стан за кошт бесперапыннага паступлення сонечнай энергіі, яе пераўтварэння і ажыццяўлення кругаваротаў рэчываў. На сучасным этапе эвалюцыі біясферы галоўным фактарам, які ўплывае на стан біясферы, з’яўляецца дзейнасць чалавека.