Падвядзём вынікі

У біялогіі від разглядаецца як форма існавання жыцця і як таксанамічная катэгорыя. Від уяўляе сабой сукупнасць асобін, падобных па наступных крытэрыях: марфалагічным, фізіялагічным, біяхімічным, генетычным, экалагічным, геаграфічным. Аднак усе крытэрыі носяць адносны характар, бо па кожным з іх ёсць неадпаведнасці ўнутры віду і падабенства паміж рознымі відамі. Кожны від у прыродзе мае пэўны арэал, у межах якога праходзіць поўны цыкл развіцця яго асобін. Віды, якія маюць шырокі арэал, называюцца касмапалітамі, а віды з вельмі вузкім арэалам — эндемікамі. Віды, якія жывуць у жыллі чалавека ці паблізу ад яго, называюцца сінантропнымі відамі.

Групы асобін аднаго віду, якія з’яўляюцца нераўнацэннымі па шэрагу прымет і жывуць на розных па ўмовах участках арэала, называюцца папуляцыямі. Папуляцыя з’яўляецца структурнай адзінкай існавання віду ў межах арэала. Любая папуляцыя як біялагічная сістэма мае свае характарыстыкі: уласцівасці і структуру. Уласцівасці папуляцыі падзяляюцца на статычныя (колькасць, шчыльнасць) і дынамічныя (нараджальнасць, смяротнасць, рост колькасці). Нараджальнасць і смяротнасць рознанакіравана ўплываюць на колькасць і шчыльнасць папуляцыі. У залежнасці ад іх суадносін папуляцыя можа быць стабільнай, якая расце ці якая скарачаецца.

Для папуляцыі характэрна пэўная прасторавая, палавая, узроставая і эталагічная структура. Прасторавая структура — гэта выпадковае, раўнамернае ці групавое размеркаванне асобін на займанай тэрыторыі. Палавую структуру адлюстроўваюць першасныя, другасныя і трацічныя суадносіны палоў. Узроставая структура ўяўляе сабой суадносіны перадрэпрадуктыўных, рэпрадуктыўных і пострэпрадуктыўных асобін. Палавая і ўзроставая структуры залежаць ад умоў асяроддзя і ўплываюць на характар змянення колькасці папуляцыі. Пастаянны аналіз узроставага і палавога складу папуляцый — галоўная ўмова для прагназавання колькасці тых відаў, якія чалавецтва выкарыстоўвае ў дзікай прыродзе ці якія павінна ахоўваць. Эталагічная структура — суадносіны асобін, якія адрозніваюцца па комплексе паводзінскіх рэакцый. Яна мае выяўлены характар у сацыяльных групах жывёл (сем’і, чароды, статкі, калоніі).

У папуляцый у прыродзе назіраюцца два тыпы росту колькасці — нелімітаваны і лімітаваны. Папуляцыйная дынаміка колькасці можа мець стабільны, зменлівы і выбухны характар. Фактары асяроддзя, якія ўплываюць на колькасць папуляцый, падзяляюць на дзве групы: фактары, незалежныя ад шчыльнасці папуляцыі, — мадыфікуючыя фактары, і фактары, залежныя ад шчыльнасці папуляцыі, — рэгулюючыя фактары. Рэгуляцыя колькасці папуляцый у прыродзе ажыццяўляецца пераважна праз канкурэнцыю за рэсурсы, драпежніцтва, паразітызм. Дзякуючы рэгулятарным механізмам папуляцыі захоўваюць сваё існаванне, а значыць, і існаванне віду ў цэлым.

Последнее изменение: Вторник, 23 Июнь 2020, 11:10