*Падвядзём вынікі

Бесперапыннасць жыцця на Зямлі забяспечваецца размнажэннем арганізмаў. Гэта адна з найважнейшых прымет жыцця. Размнажэнне забяспечвае перадачу спадчыннай інфармацыі, пераемнасць пакаленняў, павелічэнне колькасці арганізмаў. У аснове размнажэння ляжыць дзяленне клетак.

Вылучаюць два тыпы размнажэння арганізмаў у прыродзе — бясполае і палавое. Бясполае размнажэнне можа ажыццяўляцца дзяленнем клеткі, пасынкаваннем, спораўтварэннем, фрагментацыяй і вегетатыўна. Пры палавым размнажэнні назіраецца палавы працэс, формамі якога з’яўляюцца кан’югацыя і капуляцыя. Асаблівай формай палавога працэсу з’яўляецца партэнагенез — размнажэнне без апладнення.

Пры размнажэнні раслін адбываецца чаргаванне бясполага і палавога пакаленняў. Бясполае пакаленне ўтвараюць споры, з якіх развіваецца палавое пакаленне. У ходзе эвалюцыі адбывалася ўскладненне арганізацыі бясполага пакалення, тады як будова палавога пакалення спрашчалася.

Антагенез у жывёл уключае два этапы: эмбрыянальны і постэмбрыянальны. На эмбрыянальным этапе вылучаюць тры стадыі: драбленне, гаструляцыя, гіста- і арганагенез. Постэмбрыянальнае развіццё ў жывёл можа быць прамое (яйцакладны або ўнутрычэраўны тып) ці непрамое (з ператварэннем, ці метамарфозам).

Антагенез чалавека, як і жывёл, уключае два этапы: эмбрыянальны і постэмбрыянальны. На эмбрыянальным этапе адрозніваюць тры перыяды: пачатковы, зародкавы, плодны. Постэмбрыянальны этап антагенезу чалавека — перыяд развіцця чалавека ад нараджэння да моманту смерці. Вылучаюць узроставыя перыяды развіцця ў дзяцей і дарослых. Да ўзроставых перыядаў у дзяцей залічваюць: перыяд нованароджанасці, грудны ўзрост, ранняе, першае і другое дзяцінства, падлеткавы ўзрост, якія складаюць ювенільны перыяд. Узроставымі перыядамі ў дарослага чалавека лічацца: юнацкі, сталы, пажылы і старэчы ўзросты, доўгажыхарства.

Последнее изменение: Понедельник, 22 Июнь 2020, 15:07