Падвядзём вынікі

У арганізмаў, што існуюць у цяперашні час, можна вылучыць чатыры асноўныя формы структурнай арганізацыі: аднаклетачная, сіфонавая, каланіяльная і мнагаклетачная. Цела мнагаклетачных арганізмаў падзелена на тканкі і органы. У наземных раслін маюцца ўтваральныя (мерыстэма), покрыўныя, праводзячыя, механічныя і асноўныя (парэнхіма) тканкі. Цела раслін складаецца з вегетатыўных органаў — кораня, сцябла і лістоў. Карані адной расліны ўтвараюць каранёвую сістэму — стрыжнёвую ў двухдольных, валасніковістую ў аднадольных. Для сцябла характэрна разнастайнасць знешняй будовы. Унутраная будова сцябла ў дрэвавых раслін уключае кару, камбій, драўніну, асяродак. Ліст складаецца з ліставой пласцінкі, чаранка, асновы ліста, прылісткаў. Лісты падзяляюцца на простыя і складаныя. Звонку ліст пакрыты эпідэрмісам. Пад верхнім эпідэрмісам знаходзіцца слупкаватая парэнхіма, над ніжнім — губчатая парэнхіма. Унутры ліста праходзяць жылкі. Генератыўнымі органамі ў споравых раслін з’яўляюцца антэрыдыі і архегоніі, а ў пакрытанасенных — кветка, насенне і плод. У пакрытанасенных у кветцы адбываюцца працэсы ўтварэння гамет, апылення, апладнення, утварэння насення і пладоў.

У жывёл адрозніваюць нервовую, эпітэліяльную, мышачную тканкі і тканкі ўнутранага асяроддзя. Нервовая тканка складаецца з нейронаў і нейрагліі. Эпітэліяльная тканка выконвае функцыі аховы, сакрэцыі, усмоктвання і ўспрымання раздражненняў. Адрозніваюць залозісты і покрыўны эпітэлій. Мышачная тканка падзяляецца на гладкую, папярочнапаласатую шкілетную і папярочнапаласатую сардэчную. Агульнай асаблівасцю будовы тканак унутранага асяроддзя з’яўляецца рыхлае размяшчэнне клетак і наяўнасць добра выяўленага міжклетачнага рэчыва. У залежнасці ад функцыі тканкі ўнутранага асяроддзя падзяляюць на трафічныя, апорна-трафічныя, апорныя.

Жывёлам як гетэратрофным арганізмам для жыццядзейнасці патрабуюцца арганічныя рэчывы, якія ператраўляюцца з дапамогай стрававальнай сістэмы. Пачынаючы з круглых чарвей стрававальная сістэма жывёл прадстаўлена скразной стрававальнай трубкай, якая падзяляецца на пярэдні, сярэдні і задні аддзелы. Эвалюцыя стрававальнай сістэмы ў жывёл працякала ў напрамку падаўжэння стрававальнай трубкі і дыферэнцыяцыі яе аддзелаў; з’яўлення ў пярэднім аддзеле сківіц, зубоў, языка; развіцця стрававальных залоз; удасканалення структур, якія забяспечваюць усмоктванне пажыўных рэчываў.

Крывяносная сістэма ў жывёл выконвае функцыю транспарту пажыўных рэчываў, газаў, прадуктаў распаду, гармонаў. Яна бывае двух тыпаў: незамкнутая і замкнутая. Незамкнутую крывяносную сістэму маюць малюскі і членістаногія. У кольчатых чарвей і пазваночных крывяносная сістэма замкнутая. Эвалюцыя крывяноснай сістэмы ў пазваночных ішла ў напрамку павелічэння колькасці камер у сэрцы (ад дзвюх да чатырох), колькасці кругоў кровазвароту і падзелу артэрыяльнага і вянознага крыватокаў.

У кішачнаполасцевых, свабоднажывучых плоскіх, круглых і некато-рых кольчатых чарвей няма органаў дыхання. У малюскаў органамі дыхання з’яўляюцца жабры ці лёгкае. У водных членістаногіх органы дыхання прадстаўлены жабрамі, а ў наземных — лёгкімі і трахеямі. Эвалюцыя дыхальнай сістэмы ў пазваночных ішла ў напрамку павелічэння дыхальнай паверхні органаў дыхання; ускладнення будовы паветраносных шляхоў; развіцця органаў, якія забяспечваюць удых-выдых. Ускладненне органаў дыхання ў пазваночных можна паказаць наступным чынам:

жабры →  мяшкападобныя лёгкія → лёгкія з ячэістай паверхняй → ячэістыя лёгкія →  губчатыя лёгкія з паветранымі мяшкамі → альвеалярныя лёгкія.

Эвалюцыя сістэмы выдзялення ішла ў напрамку стварэння спецыялізаваных органаў, якія забяспечваюць вывядзенне з арганізма канчатковых прадуктаў распаду, што ўтвараюцца ў працэсе жыццядзейнасці, а часам проста таксічных рэчываў. Асноўны напрамак эвалюцыі органаў выдзялення жывёл — пераход ад протанефрыдыяў да метанефрыдыяў у беспазваночных, ад іх — да тулаўных, а затым да тазавых нырак пазваночных.

З’яўленне ў прадстаўнікоў тыпу Малюскі такіх прагрэсіўных рыс будовы, як ныркі ў выдзяляльнай сістэме, сэрца з перадсэрдзем і жалудачкам у крывяноснай сістэме, лёгачнае і жабернае дыханне, дазваляюць лічыць іх больш высокаарганізаванымі арганізмамі, чым кольчатыя чэрві. У той жа час спрашчэнне будовы выдзяляльнай і крывяноснай сістэм у членістаногіх збліжае іх па ўзроўні арганізацыі з кольчатымі чарвямі і не дазваляе размясціць усе тыпы беспазваночных па складанасці арганізацыі ў адну лінейную паслядоўнасць, як гэта можна зрабіць для пазваночных. Ускладненне дыхальнай і крывяноснай сістэм у пазваночных забяспечвала фарміраванне цеплакроўнасці і агульнае павышэнне ўзроўню арганізацыі прадстаўнікоў класаў у наступнай паслядоўнасці:

храстковыя рыбы →  касцявыя рыбы →  земнаводныя →  паўзуны →  птушкі і млекакормячыя.

Последнее изменение: Четверг, 11 Июнь 2020, 10:29