АД АЎТАРАЎ

Паважаныя вучні!

Вы прыступаеце да вывучэння асноўнага школьнага курса па сацыяльна-эканамічнай геаграфіі. Ён называецца «Сацыяльна-эканамічная геаграфія свету» і цесна звязаны з ведамі, якія вы атрымалі раней. Вы вывучылі пачатковы курс сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і ведаеце асновы геаграфіі насельніцтва. Вы атрымалі веды аб рэгіёнах, краінах свету — аб іх прыродных рэсурсах, гаспадарцы і яе спецыялізацыі, асноўных эканамічных цэнтрах. Вы навучыліся адрозніваць краіны па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Вучэбная дысцыпліна «Геаграфія Беларусі» таксама ўзбагаціла вас ведамі па эканамічнай геаграфіі. Цяпер кожны з вас зможа расказаць пра асаблівасці насельніцтва нашай краіны, з якіх галін і відаў эканамічнай дзейнасці складваецца наш гаспадарчы комплекс, і растлумачыць, чаму склалася такая спецыялізацыя. А выкарыстоўваючы геаграфічныя карты, вы ўжо ўпэўнена пракладаеце маршруты з адной вобласці ў іншую і ведаеце, дзе і якія размешчаны гарады, асноўныя эканамічныя цэнтры і галоўныя транспартныя артэрыі. Усе гэтыя веды спатрэбяцца і дапамогуць нам пры вывучэнні сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету.

Наперадзе ў нас займальнае падарожжа, таму што ні адзін раздзел геаграфічнай навукі так моцна не звязаны з развіццём грамадства і нашым паўсядзённым жыццём, як сацыяльна-эканамічная геаграфія свету. Кожная краіна і кожны з нас сваімі штодзённымі дзеяннямі, звязанымі з дэмаграфічнымі падзеямі, вытворчасцю і спажываннем тавараў і паслуг, гандлем, міжнароднымі эканамічнымі адносінамі, становяцца часткай адзінага цэлага — сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету — і фарміруюць яе новы геаграфічны вобраз. Але наша падарожжа не будзе простым, таму што менавіта сацыяльна-эканамічная геаграфія свету як ніякі іншы раздзел геаграфічнай навукі вельмі дынамічна і імкліва развіваецца. Паспець атрымаць самыя актуальныя веды, каб стаць сучаснай і пісьменнай асобай, якая выкарыстоўвае новыя тэрміны на новай мове сацыяльна-эканамічнай геаграфіі і ўмее тлумачыць не толькі прычыны і наступствы, але і рабіць прагноз працэсаў, — вось нашы асноўныя задачы.

Вывучаючы сацыяльна-эканамічную геаграфію свету, вы станеце па некаторых пытаннях кансультантамі для сваіх бацькоў. Але пра гэта — наперадзе.

Наш вучэбны дапаможнік складаецца з трох асноўных раздзелаў. У першым мы даведаемся аб палітычнай геаграфіі і геапалітыцы, аб найноўшых працэсах на палітычнай карце свету, у тым ліку звязаных з канфліктамі. Другі раздзел прысвечаны вывучэнню геаграфіі насельніцтва — асаблівасцям і заканамернасцям натуральнага руху насельніцтва, міжнароднай міграцыі, размяшчэння, рассялення і ўрбанізацыі. Трэці раздзел — самы вялікі. У ім будуць раскрыты асноўныя фактары развіцця сусветнай гаспадаркі, іх уплыў на геаграфію галін і відаў эканамічнай дзейнасці. Асаблівая ўвага нададзена пытанням геаграфіі сферы паслуг, таму што яна найбольш актыўна развіваецца ў эпоху постындустрыялізацыі і развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Для таго каб вам было больш лёгка і цікава засвойваць няпросты матэрыял, у вучэбным дапаможніку ў кожным параграфе вы ўбачыце дзве групы маркераў на старонцы злева: маркеры-памочнікі і маркеры-кантралёры.

На пачатку параграфа вам прапануюцца два маркеры. Маркер «Успамінаем»  патрэбны нам для актуалізацыі раней атрыманых ведаў, неабходных для далейшага вывучэння матэрыялу. Маркер «Для чаго мы гэта вывучаем?»   змяшчае пытанні, якія раскрываюць практычную значнасць вывучаемага матэрыялу або накіраваны на вырашэнне праблем развіцця грамадства і свету.

У тэксце параграфа вы таксама ўбачыце некалькі розных маркераў. Новыя тэрміны і паняцці, акрэсленыя ў вучэбнай праграме, вы заўважыце па маркеры  «Геаграфічны слоўнік», яны вылучаны паўтлустым шрыфтам. Маркер «У свеце ўсё ўзаемазвязана»  накіраваны на ўстанаўленне сувязей паміж вучэбнымі прадметамі, унутры ўжо вывучаных геаграфічных прадметаў, а таксама на выкарыстанне ведаў з навуковых абласцей, не звязаных з геаграфіяй. Пад маркерам   «Паразважаем» прадстаўлены заданні, накіраваныя на актывізацыю вашай пазнавальнай дзейнасці і ўстанаўленне прычынна-следчых сувязей. Гэтыя заданні патрабуюць уважлівага вывучэння тэксту і паказваюць вашу чытацкую пісьменнасць. Напэўна, сярод вас ёсць тыя, хто найбольш захоплены сацыяльна-эканамічнай геаграфіяй. Для вас мы падрыхтавалі рубрыку «У свеце цікавага» з маркерам   і дадатковай інфармацыяй па тэме пазнавальнага характару. А тым, хто вырашыць звязаць сваю будучую прафесію з эканамічнай геаграфіяй, мы прапануем уступіць у «Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў». Пад гэтым маркерам будзе прадстаўлена дадатковая інфармацыя па тэме інфармацыйна-пошукавага характару. Якая ж геаграфія без карты, яна заўсёды побач з маркерам «Папрацуем з атласам». Вывучаючы сацыяльна-эканамічную геаграфію свету, важна ведаць, якую пазіцыю ў свеце займае або якую спецыялізацыю мае наша краіна — Рэспубліка Беларусь. Для гэтага ў параграфе вы ўбачыце маркер —  «Свет і Беларусь». Сучасную геаграфію сусветнай гаспадаркі ўжо немагчыма ўявіць без транснацыянальных кампаній (ТНК). Матэрыял пра іх вы сустрэнеце пад маркерам «У свеце ТНК».

Праграмная наменклатура вылучана ў тэксце параграфаў чырвоным колерам.

У канцы параграфа ўспомніць самае галоўнае з яго дапаможа маркер «Падвядзём вынікі»  . Далей ідуць некалькі маркераў-кантралёраў з заданнямі рознага ўзроўню для самакантролю і праверкі ведаў і ўменняў — «Праверым свае веды»  , «Ад простага да складанага»  , «Ад тэорыі да практыкі» . Дадзены блок змяшчае рознаўзроўневыя пытанні, творчыя і праблемныя заданні. У самастойны блок, які пазначаны маркерам «Падарожжа па Глабальнай сетцы» , уключаны спасылкі на рэсурсы інтэрнэту па вывучаемай тэме. Гэтыя спасылкі прыведзены ў выглядзе QR-кодаў, якія адсылаюць да афіцыйных сайтаў міжнародных арганізацый або ТНК.

Для ўрокаў абагульняльнага паўтарэння, якія прадугледжаны вучэбнай праграмай, мы прапануем заданні трох відаў: «Праверым свае веды», «Папрацуем з атласам» і з новым для вас маркерам у вучэбным дапаможніку — «Прагназуем» .

Адсылка да павышанага ўзроўню —  и .

Матэрыял для павышанага ўзроўню размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале (http://profil.adu.by). З матэрыяламі павышанага ўзроўню могуць працаваць і тыя вучні, якія вывучаюць геаграфію на базавым ўзроўні. Такім чынам, кожны з вас можа выстройваць сваю індывідуальную адукацыйную траекторыю.


(Нет тем для обсуждения)