§ 26-2. Традыцыйная культура беларусаў

2. Сямейныя адносіны і выхаванне дзяцей

Беларуская сям’я да пачатку ХХ ст. захоўвала патрыярхальны характар. На чале яе стаяў гаспадар. Без яго волі не адбывалася нічога важнага. Ён найперш адказваў за ўсе палявыя работы, малацьбу, догляд жывёлы, нарыхтоўку дроў. Ніякая праца не магла выконвацца без даручэння гаспадара, ініцыятыва іншых не ўхвалялася. Гаспадар — казначэй сям’і, ён жа кантраляваў паводзіны моладзі, адносіны да працы, маральнасць сыноў і дачок, караў іх за правіннасці. Бацька чытаў малітву за сталом, клікаў да вячэры «дзядоў», «карміў мароз» на Каляды і г. д. Ён сядзеў за сталом на куце, пад абразамі. Побач з ім садзіліся старэйшыя мужчыны, а жанчыны займалі месца на супрацьлеглым баку. Толькі пасля малітвы і пачатку ежы гаспадаром маглі есці астатнія. Аднак улада гаспадара не была дэспатычнай, яна трымалася на маральным аўтарытэце. У беларускай сям’і несправядлівасць, уціск з боку гаспадара, яго п’янства ці лянота неадкладна выклікалі агульны пратэст сям’і, які заканчваўся падзелам альбо перадачай улады іншаму старэйшаму мужчыне. Ад гаспадара сям'і патрабаваўся прыклад ва ўсіх справах, найперш у працы.

У сям’і існаваў строгі падзел працы на мужчынскую і жаночую, а ў межах той і другой — па ўзросце. Мужчына не рабіў жаночай работы: ніколі не даставаў ежу з печы, бялізну з куфра. Для гэтага былі гаспадыня або нявестка. Жаночую работу размяркоўвала старэйшая жанчына — маці. Яна была поўнай гаспадыняй у сваёй сферы, памочніцай і дарадчыцай мужа. Дзяўчаты заставаліся ў яе распараджэнні   да самага замужжа, а хлопчыкі пасля 14 гадоў пераходзілі ў распараджэнне гаспадара.

Нявесткі поўнасцю падпарадкоўваліся свекрыві. У беларускім фальклоры свякроў часта выступае галоўнай перашкодай шчасцю маладых, яна здольная ўплываць на паводзіны сына ў адносінах да жонкі. Абсалютнай нормай у беларусаў лічыўся пераезд нявесты ў дом і сям’ю мужа, але існавалі прымакі, якія прыходзілі на гаспадарку жонкі. Калі бацька старэў і перадаваў гаспадарку старэйшаму сыну, то страчваў права распараджацца зямлёй. Большая доля зямлі адыходзіла тым сынам, якія бралі на догляд бацьку. Строга захоўвалася правіла: даглядаў састарэлых бацькоў малодшы сын, да якога пераходзіла бацькоўская сядзіба. Гэта было абумоўлена тым, што малодшы сын меў меншую сям’ю, і праца бацькоў, якой бы яна ні была, з'яўлялася сыну падмогай.

З даўнiх часоў сямейны этыкет патрабаваў падтрымлiваць аўтарытэт сваёй сям’i сярод знаёмых. Згодна з традыцыяй, жонка не павышала голас на мужа, не выстаўляла напаказ сямейныя нягоды. Яна павiнна была ўзвышаць аўтарытэт мужа сярод дзяцей.

Выхаванне пачыналася з самага нараджэння дзіцяці. Жорсткае стаўленне да дзяцей на Беларусi — з'ява рэдкая, нават выключная. Адносiны бацькоў да малых звычайна былі мяккiя, але патрабавальныя. У фальклоры сустракаецца такое сцвярджэнне: «Не крычы, а лепей вучы». Бацькі імкнуліся выхоўваць у дзiцяцi самастойнасць, не распешваць яго.

Галоўным крытэрыем маральнасцi ў беларусаў заўсёды было  стаўленне да працы, стараннасць, умельства: працаваць не любiш — чалавекам не будзеш. Таму працоўнае выхаванне пачыналася ледзьве не з калыскi. Мацi брала немаўлятка з сабою ў поле, дзе мiж работай кармiла яго і спявала калыханкi. Крыху падрослыя дзеці выконвалi няцяжкую працу, дапамагалi няньчыць малодшых братоў і сясцёр, мылi посуд, пасвiлi гусей.

У 6—7 гадоў дзяўчатак навучалi прасцi, вышываць, вязаць, гатаваць ежу. У 14—15 яны сядалi за кросны, пад наглядам мацi і бабулi ткалi палатно, посцiлкi, ручнiкi. Дзяўчына, якая выходзiла замуж, да гэтага часу павiнна была сама наткаць адзенне, бялiзну, абрусы — прыгатаваць пасаг. Хлопчыкі спачатку пасвiлi гусей, у 8—9 гадоў — кароў, у 15—16 аралi, касiлi. Калi вырасталi, яны ўдзельнiчалi у будаўнiцтве хаты.

Хоць дзецi пачыналi працаваць з маленства, яны заўсёды знаходзiлi час i магчымасць пагуляць. У гульнях хлопчыкі і дзяўчынкі далучалiся да звычаяў і традыцый свайго народа, сваёй сям’i, атрымлiвалi першыя працоўныя навыкi. Вядома шмат народных гульняў: «Агароднiк», «Грушка», «А мы проса сеялi» і iнш. Калi дзiця было яшчэ зусiм малое, бацькi ладзiлi яму цацкi з саломы, лёну, анучак.

Важнае значэнне надавалася выхаванню ў дзяцей  павагi да бацькоў. Дзецям не дазвалялася павышаць голас на бацьку і маці, спрачацца з iмi. Слова бацькоў было для дзяцей законам.