§ 26-2. Традыцыйная культура беларусаў

1. Паўсядзённае жыццё насельніцтва Беларусі

Традыцыйная духоўная культура беларусаў да канца ХІХ ст. развівалася пераважна ў аднастайных формах. Найбольш значны ўплыў на развіццё народнай культуры аказвала хрысціянская царква. Спачатку (XIV—XVI стст.) галоўную ролю ў культуры адыгрывала праваслаўе, а ў XVII—XVIII стст. да яго далучылася ўніяцтва. Для насельніцтва Беларусі ў цэлым былі характэрныя талерантнасць, павага да звычаяў і традыцый суседзяў. Разам з тым мелі месца забабоны, вера ў вядзьмарства, пэўны этнацэнтрызм (перабольшванне ролі ўласнай культуры і недаацэнка культуры іншых народаў). Таксама не трэба забываць, што ў эпоху феадалізму духоўная культура сялянства развівалася па-за межамі пісьмовай традыцыі, і гэта ў істотнай ступені вызначала многія яе рысы.

Значнае месца ў традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў займалі фальклор (вусная народная паэтычная творчасць), музыка, харэаграфічнае і прыкладное мастацтва. У іх адлюстроўваліся погляды чалавека на навакольны свет, яго пачуцці і спадзяванні. Найбольш распаўсюджанымі жанрамі фальклору былі песні, казкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі.

Абрадавыя песні, карагоды суправаджаліся граннем на музычных інструментах: гуслях, трубе, рогу, дудках. У XVI ст. з’яўвіліся цымбалы, скрыпкі, ліры. Для песень быў характэрны аднагалосы вакальны спеў.

Народныя танцы насілі масавы характар. Сярод іх пераважалі карагоды. Яны ўключалі драматургічныя дзеянні  імітацыю працоўных працэсаў, перайманне рухаў жывёл і птушак («Мяцеліца», «Лянок» і інш.).

Значную ролю ў развіцці розных формаў беларускага тэатра адыгралі вандроўныя скамарохі  першыя акцёры. Іх мастацтва ўключала акцёрскую ігру, танец з элементамі пантамімы, дыялогі, песні. Усё гэта суправаджалася музыкай. Асаблівай папулярнасцю карысталіся павадыры мядзведзяў — «мядзведнікі».

Традыцыйнай культуры ўласцівы ўстойлівы характар. Падзеі  і змены ў ёй ідуць вельмі павольна. Пра гэта сведчыць, напрыклад, планіроўка беларускай вёскі, якая склалася ў ХVI ст. і не зведала значных змен да канца ХVIII ст., тыпы ​​жылых і гаспадарчых будынкаў.

Да традыцыйнай культуры адносіцца і народная кухня. Для народнай кухні беларусаў характэрныя разнастайныя стравы з мукі, круп, агародніны, бульбы, мяса і малака. Спосабы захавання прадуктаў — сушка, квашанне, саленне. У харчаванні вялікую ролю адыгрывалі дзікарослыя расліны: шчаўе, лугавая цыбуля, палявы часнык, крапіва і інш. Найбольш старажытны від расліннай ежы — кашы з ячменнага зерня, проса, аўса, ячных і грэцкіх круп. Кашы з ячменнага зерня (куцця, гушча) захоўваюцца і цяпер як частка абраду радзін, памінак. З мукі (пераважна жытняй) гатаваліся вадкія і напаўвадкія стравы: квашаныя (саладуха, кваша, кулеш) і няквашаныя (калатуша, зацірка, галушкі, макароны, саламаха). З аўсянай мукі рабілі кісялі, жур, талакно.

Аснову штодзённага харчавання складаў хлеб (жытні, радзей пшанічны). Яго пяклі пераважна з кіслага цеста з рознымі дабаўкамі — буракамі, жалудамі, мякінай і інш. — у залежнасці ад дастатку ў сям’і. З хлебнага цеста пяклі розныя аладкі — скавароднікі, праснакі, каржы, у святы — пірагі.

Традыцыйная ежа беларусаў — блінцы з жытняй, пшанічнай, грэцкай мукі. Адным з асноўных прадуктаў харчавання была гародніна. Гарох і боб тушылі; капусту, буракі, бручку, агуркі салілі; рэпу, моркву парылі і запякалі. З гародніны варылі вадкія стравы — бацвінне, халаднік. Бульба заняла трывалыя пазіцыі ў харчаванні толькі з другой паловы XIX ст. Малако часцей ужывалі ў кіслым выглядзе; тварог, масла, смятана ўваходзілі ў рацыён у абмежаванай колькасці. Мяса і мясныя прадукты спажывалі ў складзе розных страў — найчасцей свініну, бараніну, мяса свойскай птушкі, радзей ялавічыну. З напояў былі вядомыя бярозавы сок, мядовы, хлебны, бурачны квасы.

У цэлым адзенне і харчаванне былі вельмі сціплымі. Сяляне жылі на мяжы галечы.

Народныя традыцыі трывала захоўваліся і развіваліся ў такіх відах рамеснай вытворчасці, як дойлідства, ганчарства, ткацтва, разьба па дрэве і косці, вонкавае і арнаментальнае шыццё, пляценне, дробная пластыка. У прыкладны́м народным мастацтве высокую ўдзельную вагу мелі рамёствы, звязаныя з вырабам адзення, абутку, апрацоўкай футраў і скур, тканін, аздабленнем прадметаў паўсядзённага ўжытку: скрынь, куфраў, посуду. Народныя майстры выраблялі і ўнікальныя мастацкія рэчы, у тым ліку зброю, прадметы царкоўнага інтэр’еру, скразную «рэзь», абразы, скульптурныя выявы святых. У выніку штучнай працы на заказ нярэдка ствараліся шэдэўры мастацкага рамяства.

Сельскія рамеснікі абслугоўвалі пераважна вясковае насельніцтва. Тут не ўзнікалі цэхавыя арганізацыі, менш разнастайным у параўнанні з горадам быў асартымент прадукцыі. Пры ўсім гэтым менавіта сельскае насельніцтва Беларусі, яго эстэтычныя і рамесніцкія традыцыі і навыкі з’яўляліся той невычэрпнай крыніцай, якая заўсёды жывіла і ўзбагачала гарадское прафесійнае рамяство і надавала значнай колькасці рамесніцкіх вырабаў непаўторнае мастацкае і функцыянальнае аблічча.

Такім чынам, народная (традыцыйная) культура Беларусі грунтавалася на вытворчай дзейнасці народа, адпавядала яго духоўным патрэбам, густам і талентам, забяспечвала пераемнасць і развіццё культурных традыцый, узбагачэнне жыццёвага вопыту, была асновай для развіцця прафесійнай матэрыяльнай культуры.